ЖЫЦЦЁ СЯРОД ШКЛОТАРЫ

Ёзэф Ткалун (Здэнэк Сверак, гэтакі чэшскі Шон Конэры), настаўнік літаратуры на пенсіі, з усіх сіл намагаецца ўцячы ад старасці, якая для яго атаясамляецца з сядзеннем у хаце з жонкай. Або, які жах, са штодзённым шпацырам у парку з сябрамі, якія яшчэ не паспелі памерці, але ўжо аглохлі ці здурнелі. Каб пазбегнуць гэтага лёсу ён шукае хаця б якую працу ды пачынае прымаць бутэлькі ў адным з супермаркетаў. Хутка ён робіцца часткай штодзённага жыцця пакупнікоў, дарадцам у сямейных праблемах ці ў выбары прадуктаў. Пан Ткалун заўсёды ведае, на што сёння зніжкі і якія бутэлькі даражэйшыя. Ведае, хто і што пра каго казаў, ды наогул адчувае сябе патрэбным. Вось толькі надакучлівая рэклама новай аўтаматычнай сістэмы прымання бутэлек расхіствае нервы. Як бы тут не страціць апошняга свайго месца ў гэтым свеце…

Жонка Ёзэфа – яго супрацьлегласць. Яна даўно ўжо змірылася з тым, што прагны жыцця муж меў не адзін раман па-за шлюбам, змірылася з яго шалёнымі прыдумамі, яго таямніцамі, ды ўпэўненая, што ён яе ўжо не кахае. Але ж ён проста больш за ўсё кахае жыццё, ды не абы якое, а хуткае, поўнае прыгод, на гарызонце якога яшчэ шмат невыпітага піва і ахвотных кабет.

Вядома, гісторыя Ёзэфа Ткалуна не адзіная сюжэтная лінія ў фільме: мы бачым гісторыі з асабістага жыцця супрацоўнікаў аддзелу пустых бутэлек, дачкі Ёзэфа, ягонай жонкі – большасць, канешне, тычыцца кахання. І, паколькі герой сапраўды намагаецца рабіць усё найлепш як умее, рэжысёр узнагароджвае ўсіх хэпі-эндам. «Цяпер можна яшчэ трошкі пажыць», – кажа Ёзэф.

Але што будзе далей? Мы не ведаем, але здаецца, што стваральнікі фільма кажуць нешта больш істотнае: сапраўднае жыццё – тут і цяпер, нават, калі ты не задаволены сэксуальна, стары чэшскі прымач бутэлек. У вас гэта не выклікае ўсмешкі? Ну дык хаця б згадзіцеся, што чэхі ўмеюць здымаць кіно! Вельмі светлае і прыемнае кіно, як кожнае чэшскае – невядома якога жанру і наогул пра што знятае. Пасля якога хочацца бліжэй пазнаёміцца з чэшскім кінематографам наогул. А гэтым сапраўды варта заняцца. Пачаць можна хаця б з Яна Сверака.

Фільм: Пустыя бутэлькі / Vratné lahve / Empties, Чэхія, 2007, 100 хв

Рэжысёр: Ян Сверак Жанр: камедыя / драма

Узнагароды гледачоў на фестывалях у Карлавых Варах, Гамбургу, Любляне, Рэйк’явіку. Залаты Дэльфін на фестывалі ў Сетубаль (Партугалія). Найбольш касавая камедыя ў гісторыі чэшскага кіно.

Аляксей ШОТА