“Мы думаем, а ўвесь свет будуе”. Гарадзенскі “Азот” чакае інвестара

Рашэнне аб прыходзе стратэгічнага інвестара на “Гродна Азот” дзяржава павінна прыняць як мага хутчэй. Пра гэта ў сваім выступе перад сенатарамі заявіла 2 кастрычніка намесніца генеральнага дырэктара ААТ “Гродна Азот”, намесніца старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Тамара Паследняя.

 

Хто будзе будаваць, незразумела

 

“Пара прыняць рашэнне, хто будзе будаваць новы азотны комплекс: інвестар або прадпрыемства сваімі сіламі”, – цытуе словы Паследняй “Інтэрфакс-Захад”.

 

Такім чынам, Тамара Паследняя адказала на пытанне старшыні Савета рэспублікі Анатоля Рубінава пра тое, ці праўда, што вядуцца перамовы з расійскім ААТ НК “Раснафта” аб прыходзе яе на прадпрыемства ў якасці стратэгічнага інвестара.

 

У адказ на гэта намесніцв гендырэктара “Гродна Азот” распавяла, што праграма мадэрнізацыі прадпрыемства ўключае ў сябе праект па будаўніцтве новага азотнага комплексу коштам каля 1 млрд. USD, а таксама праекты на агульную суму 500 млн. USD. Пакуль усе гэтыя праекты прадпрыемства рэалізуе за кошт уласных і пазыковых сродкаў.

 

Самым амбіцыйным праектам праграмы з’яўляецца будаўніцтва новага азотнага комплексу. На прадпрыемстве лічаць, што “Гродна Азот” мае цэлы шэраг моцных бакоў, якія дазваляюць яму рэалізаваць гэты праект і паспяхова канкураваць на сусветным рынку. Гэта блізкасць да партоў Балтыйскага мора, высокі інавацыйна-тэхнічны патэнцыял, наяўнасць еўрапейскай (вузкай) каляіны, высокакваліфікаваны персанал.

 

Зараз гадавы тавараабарот ААТ “Гродна Азот” складае больш за 1 млрд. USD. На прадпрыемстве працуюць больш за 10 тыс. чалавек. Выручка на аднаго працуючага – 118 тыс. USD, валавая дабаўленая вартасць на аднаго працуючага – 28 тыс. USD у год. Паводле ацэнак прадпрыемства, з уводам у строй новага комплексу валавая дабаўленая вартасць на кожнага з 300 яго будучых работнікаў павінна скласці 774 тыс. USD у год.

 

“Размовы пра будаўніцтва гэтага комплексу вядуцца даўно, а руху няма”, – заўважыла Паследняя.

 

Хоць, дадала яна, механізмы фінансавання праекта ўжо прапрацаваны: “галоўны банк краіны пацвердзіў сваю гатоўнасць яго фінансаваць”. Аднак Мінфін “ў той жа час адбірае ў прадпрыемства прыбытак, прадугледжаную на гэтыя мэты”.

 

Справа ў тым, што ў Беларусі на ўнутраным рынку устаноўлены спецыяльныя цэны на азотныя ўгнаенні. “За апошнія сем гадоў у выніку дзяржрэгулявання і льготных унутраных коштаў на нашу прадукцыю мы страцілі 1 млрд. USD, – адзначыла Тамара Паследняя і дадала: – Час вызначыцца. А то пакуль увесь свет будуе новыя магутнасці, мы думаем”.

 

Адказваючы на пытанне, як на прадпрыемстве ставяцца да магчымага прыцягненні інвестара, намеснік гендырэктара ААТ “Гродна Азот” адзначыла, што “інвестар будзе забіраць прыбытак – з ім прыйдзецца дзяліцца, а калі будаваць сваімі сіламі, то ўвесь прыбытак ад працы гэтага магутнага тэхналагічнага комплексу застанецца ў кішэні дзяржавы”.

 

Вельмі доўга сватаюць

 

Праект будаўніцтва новага азотнага комплексу, агульныя інвестыцыйныя затраты на які складуць каля 1 млрд. USD, унесены ў Дзяржаўную комплексную праграму развіцця нафтахімічнага комплексу Беларусі да 2015 года і на перыяд да 2020 года. У адпаведнасці з праграмай праект павінен быць завершаны ў 2019 годзе.

 

Прычым ужо ў 2013 годзе павінна пачацца актыўная праца па яго рэалізацыі. Бізнес-план ужо распрацаваны, цяпер вядуцца перадінвестыцыйныя працы. Разглядаюцца розныя варыянты фінансавання праекта, у тым ліку з прыцягненнем інвестара.

 

Фактычна, праект уяўляе сабой стварэнне новай маштабнай вытворчасці азотных угнаенняў. У склад новага комплексу ўваходзяць сумешчаны цэх па вытворчасці аміяку, метанолу, вадароду і цэх карбаміду. Вытворчасць азотных угнаенняў пасля рэалізацыі праекта вырасце на 231 тыс. тон у год.

 

Нагадаем, інвестпраект па стварэнні азотнага комплексу ў ААТ “Гродна Азот” уваходзіць у пяцёрку інтэграцыйных расійска-беларускіх праектаў, якія Беларусь і Расія дамовіліся рэалізаваць у бліжэйшы час.

 

Цікава, што яшчэ ў чэрвені 2011 года беларускі прэм’ер Міхаіл Мясніковіч паабяцаў расейцам сем буйных беларускіх прадпрыемстваў. Тады ў іх ліку называлі куплю “Сібурам” і “Раснафтай” гарадзенскага “Азота”. Але “Раснафта” следам за гэтым заявіла, што не вядзе перамоваў з Беларуссю аб набыцці нафтахімічных актываў, а ў “Сібур” наогул абверглі гэтую інфармацыю.

 

Пасля таго, як у канцы 2012 года Масква прыняла “цвёрдае рашэнне” напоўніць Саюзную дзяржаву канкрэтнымі інтэграцыйнымі праектамі, а расійскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў паказаць прыклад – рэалізаваць пяць сумесных праектаў, першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка назваў патэнцыйнага партнёра ААТ “Гродна-Азот” – ААТ “МХК “Еўрахім”.

 

Лукашэнка на прэс-канферэнцыі ў студзені 2013 года заявіў, што не выключае магчымасці продажу часткі акцый ААТ “Гродна Азот” ці будаўніцтва на яго базе новага нафтахімічнага комплексу. “Мы не выключаем продажу нейкі часткі акцый “Гродна Азота”, як і будаўніцтва там новай вытворчасці. Мы і “Газпрому” гэта прапаноўвалі, таму мы разглядаем”, – сказаў А. Лукашэнка. “Але я не думаю, што мы заўтра гэта прадамо”, – заўважыў ён.

 

Паводле яго слоў, у гэтым праекце маглі б удзельнічаць два замежныя інвестары. “Я бачу варыянт будаўніцтва новага прадпрыемства на траіх: рускія, Індыя і мы. Можна дамовіцца аб мадэрнізацыі гэтага, ужо існуючага завода на нейкіх умовах”, – заявіў ён.

 

Ужо чатыры прэтэндэнты

 

Аднак “на траіх”, падобна, не атрымліваецца. Першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка на выставе-кірмашы “Еўрарэгіён Нёман-2013” нядаўна заявіў, што ёсць чатыры патэнцыйныя партнёры, гатовых купіць акцыі ААТ “Гродна Азот”.

 

“Вітаем замежных партнёраў. Галоўнае, каб інвестар валодаў некалькімі якасцямі і перш за ўсё меў ўласную сыравіну – газ. Зразумела, што з гэтага пункту гледжання найбольш падыходзяць расейскія кампаніі”, – цытуе Сямашку газета “Вячэрні Гродна”.

 

Па словах Сямашкі, дзяржава плануе выставіць на аўкцыён блакуючы пакет (25% +1) акцый ААТ “Гродна Азот”.

 

Аднак цяпер ён не назваў кампаній, якія праяўляюць цікавасць да прадпрыемства. Раней афіцыйна паведамлялі, што гэта “Еўрахім” і “дачка” “Газпрома” – ТАА “Газпром інвестпраект” (летам гэтага года канцэрн “Белнафтахім” і “Газпром інвестпраект” дамовіліся прыступіць да прапрацоўкі схемы супрацоўніцтва па інвестпраекту ў ААТ “Гродна Азот” коштам 1 млрд. USD).

 

Паводле неафіцыйных дадзеных, цікавасць да гэтага актыву праяўляюць таксама расійскія кампаніі “Акрон” і “Раснафта”.

 

Праўда, кіраўнік “Раснафты” Ігар Сечын 3 кастрычніка сказаў журналістам, што “Раснафта” не збіраецца купляць долю ў беларускім “Гродна Азот”, а зацікаўлена толькі ў пастаўках газу на гэтае прадпрыемства.

 

“Мы газ пастаўляць зацікаўлены, там аб’ём не такі вялікі – два мільярды кубаметраў у год”, – сказаў ён у адказ на пытанне пра цікавасць да куплі “Гродна Азота”.

 

Па словах Сечына, беларускі бок прапанаваў “Раснафце” разгледзець магчымасць забяспечыць газам “Гродна Азот”. “Тэхналагічна гэта магчыма. Мы з “Газпромам” будзем размаўляць з гэтай нагоды”, – сказаў Сечын.

 

Пры гэтым, паводле яго слоў, манаполія “Газпрома” на экспарт трубаправоднага газу не будзе парушаная, бо гаворка ідзе не пра пастаўкі ў далёкае замежжа, а ў рамках Мытнага саюза, і “гэта можна арганізаваць”.

 

Канчатковае рашэнне па пытанні магчымых паставак “Раснафты” беларускаму вытворцу ўгнаенняў залежыць ад Урада РФ і “Газпрома”, дадаў Сечын.

 

Крыніца: Беларусы і рынак

Здымак bymedia.net