“Без границ” ад “Социум”: для аматараў хэві-метала і олдскула

|

Ужо пасля першага праслухоўвання становіцца зразумелым, што альбом цалкам адпавядае сваёй назве. Музыкі не заганялі сябе ні ў якія рамкі: ні жанравыя, ні моўныя, ні вакальныя. Альбом – сумесь року, хэві-металу, троху рэгі і іншых альтэрнатыўных гатункаў. А вось тэксты (прынамсі тыя, што на рускай і беларускай мовах), пераважна “металёвыя” па сваім духу. Адна песня, дарэчы, па-польску.

 

У гурта ёсць як жаночы, так і мужчынскі вакалы, пры чым абодва галасы моцныя і чыстыя. Асабліва хочацца выдзеліць бэкі. Яны атрымаліся даволі прафесійна, і дадаюць песням асаблівы драйв і эстэтычную асалоду. Іх не зашмат і не замала: акурат столькі, колькі трэба.

 

На ангельскай мове дзве песні. Трэба адзначыць, что для гарадзенскай сцэны ў іх даволі нядрэннае вымаўленне. Ужо пры першым праслухванні адной з іх – “I’m on Fire”, узнікае уражанне, быццам “Социум” проста выканаў кавер нейкага заходняга гіта. Але аўтарамі песні з’яўляюцца самі гарадзенскія музыкі.

 

Песню “Шукай мяне рэха” ўвогуле хочацца паставіць на паўтор і слухаць гадзінамі. Частка песні – ці то кавер на знакамітую “Дзеці чорнага горада” гурта “Новае неба”, ці то проста яшчэ адна песня на выдатны верш паэткі Таццяны Сапач. Поўны экспрэсіі вакал Інэсы Сазон у чымсці нават нагадвае колішнія спевы Касі Камоцкай пачатку 90-х.

 

Дарэчы, яшчэ адна беларускамоўная песня – “Падай” – таксама напісана на верш адной з цікавейшых сучасных беларускіх паэтак Леры Сом.

 

Як падаецца, у некаторых песнях рытм-гітара занадта моцна выведзена на пярэдні план, і зусім не чуваць бас-гітары. Гэта, напэўна, адзін з нешматлікіх мінусаў альбома. Можна яшчэ згадаць невялікія ўстаўкі простых манатонных рытмаў, але яны хутка змяняюцца чым-небудзь “драйвовым” альбо проста цікавым. Астатняе зроблена на даволі высокім узроўні, асабліва калі разглядаць альбом на фоне мясцовай рок-сцэны.

 

Альбом прыйдзецца па душы аматарам хэві-метала і олдскула. Астатнія знойдуць для сабе толькі адзін-два трэкі.

 

За недахоп у запісе бас-гітары і манатонныя рытмы ў некаторых песнях стаўлю адзнаку 8,5/10.

 

Гурт: Социум

Альбом: Без границ

Год: 2013

Гатунак: рок, хэві-метал

Ацэнка: 8,5/10 (калі вы аматар хэві)

 

     
  Паслухаць альбом можна на сайце гурта або УКантакце