Віктар Сазонаў: Быць кантрабандыстам сёння ганарова
Аб спецыфіцы кантрабанднай дзейнасці “Беларускі партызан” пагаварыў з гарадзенскім праваабаронцам, аўтарам кнігі “Запіскі кантрабандыста” Віктарам Сазонавым.
Як вы лічыце, чаму беларусы ператварыліся ў нацыю кантрабандыстаў?
Гэта цалкам натуральны працэс. Беларусы, як і іншыя людзі, проста хочуць жыць па-чалавечы і будаваць добрую будучыню для сваіх дзяцей. Магчымасць выжыць у сённяшніх рэаліях яны бачаць менавіта ў занятку кантрабандай.
Праўда, ўяўленне аб такім родзе дзейнасці з часам змянялася. У 90-я гады беларусы думалі, што змогуць пазбіваць першапачатковы капітал, адкрыць свой бізнэс, разбагацець. Яны верылі ў тое, што будуць плаціць падаткі, стануць сярэднім класам, будуць перспектыўнымі, іх будуць паважаць людзі і дзяржава.
На сённяшні дзень гэтая мара сышла ў нябыт. Сёння галоўнае – проста выжыць, проста зарабіць лішнюю капейку. У нас няма дзе працаваць і зарабляць, таму людзі спрабуюць выжываць на мяжы.
Першымі падобны гандаль пачалі палякі, якія раней за нас атрымалі палітычную волю. Вельмі шмат палякаў пачалі прыязджаць у Беларусь і гандляваць тут. Розніца ў тым, што іх мара спраўдзілася, таму што іх дзяржава, калі нічога не магла прапанаваць людзям, сказала: выжывайце як хочаце, мы вам не перашкаджаем. Выжывай, чалавек, мы радуемся за цябе. Ты не бярэш у нас сацыяльную дапамогу – ўжо добра.
І палякі выжывалі – ездзілі да нас, у Аўстрыю, Германію, гандлявалі і зараблялі. І ім атрымалася пазбіваць першапачатковы капітал. Сёння многія займаюцца уласным бізнесам, кожны зарабіў сабе нейкую ўласнасць, плаціць падаткі. Добра дзяржаве, добра і гэтым людзям.
Беларусы, паглядзеўшы на ўсё гэта, таксама захацелі зарабіць. Толькі замест таго, каб паступіць як Польшча, наша дзяржава вырашыла забраць у людзей апошняе і не даць нікому разбагацець.
Кантрабандыст у любы момант можа страціць усё. Чаму людзі ідуць на такую рызыку?
Безумоўна, кантрабандысты вельмі рызыкуюць. Можна ўсё страціць у адно імгненне. За блок схаваных цыгарэт можна страціць машыну. За кантрабанду большага памеру могуць завесці справу з канфіскацыяй іншай маёмасці. Не трэба забываць, што многія рызыкуюць ад безнадзейнасці, калі не знаходзяць іншага выйсця. Немагчымасць нармальна зарабіць у нашай краіне ўплывае на тое, што людзі ідуць у кантрабандысты.
Праўда, рызыкоўнасць ёсць ў беларусаў у крыві. Што б там ні казалі пра характар беларусаў, гэта вельмі адчайныя людзі. Гэта даказвае і гісторыя развіцця ўсёй нацыі, у тым ліку гісторыя беларускай кантрабанды.
Адчайнасць – характэрная рыса жыхароў памежжа або ўсіх беларусаў?
Мне цяжка казаць за ўсіх беларусаў, але, бываючы ў памежнай зоне з Расіяй, Украінай, я бачыў, што ўсходнія беларусы робяць тое ж самае. Беларусы адчайна кінуліся ў кантрабанду па некалькіх прычынах. І як ні дзіўна гэта будзе гучаць, у першую чаргу з-за таго, што гэта вельмі сумленныя законапаслухмяныя людзі.
Сумленнасць – гэта тое, калі чалавек не парушае маральна-этычных норм. Перавозіць тавар праз мяжу і прадаваць у іншай дзяржаве танней, чым гэты тавар там каштуе – для звычайнага чалавека гэта не з’яўляецца парушэннем маральна-этычных норм. Зразумела, што калі ён перавышае норму – гэта незаконна. Але гэта асэнсоўваецца проста як бізнэс: купіў – прадаў.
За доўгія гады існавання ў Савецкім Саюзе мы не прывыклі да таго, што з кожнай прыбытку трэба плаціць падаткі, гэтага пакуль няма ў галаве. Што дрэннага ў тым, што тут купіў – а там прадаў? Мала гэтага, купіў там тавар, езджу праз мяжу, заплаціў пошліну, ці купіў сабе аўтамабіль, заплаціў растаможку – усё кладзецца ў скарбонку дзяржавы. Хоць наўпрост гэты чалавек і не плаціць падаткаў, але ўскосна нейкія грошы ідуць дзяржаве. З’явіліся грошы з кантрабанды – пайшоў чалавек і купіў сабе новы халадзільнік, будматэрыялы для рамонту – і гэта ўсё падтрымлівае вытворчасць, папаўняе дабрабыт краіны.
Што цікава: у асноўным беларусы парушаюць на мяжы законы з-за законапаслухмянасці, з-за таго, што яны прывыклі паважаць закон і лічаць, што гэты закон існуе дзесьці ўнутры краіны, а на памежжы яго няма. Унутры краіны яны не хочуць красці, пракручваць махінацыі. Таму з-за законапаслухмянасці і свайго разумення маральна-этычных нормаў, яны разумеюць, што кантрабанда – адзін з лепшых, найбольш простых і аптымальных для іх менталітэту і сённяшняй эканамічнай сітуацыі сродкаў для выжывання.
Гэтая прафесія мае досыць вялікі аўтарытэт у сённяшнім грамадстве, па меншай меры большы аўтарытэт, чым у міліцыянтаў, пракурораў, дзяржаўных чыноўнікаў, якім людзі ўжо перасталі верыць. Таму кантрабандыст у коле сваіх сяброў і знаёмых адчувае сябе цалкам камфортна і ўпэўнена, яму няма за што саромецца. Быць кантрабандыстам ў беларускім грамадстве сёння – не сорамна, нават наадварот, у пэўным сэнсе ганарова.
Чым адрозніваюцца кантрабандысты 90-х гадоў ад сённяшніх?
Калі я з захапленнем распавядаю пра кантрабандыстаў, я ўспамінаю кантрабандыстаў 90- х гадоў. Гэта былі зусім іншыя людзі. Яны былі больш рамантычныя, яны ехалі паглядзець Захад – актыўныя, рашучыя, добрыя, дапамагалі адзін аднаму.
І яшчэ яны былі вельмі ганарлівыя. У 90-х гадах быў ўсплёск бандытызму. Разваліўся Савецкі Саюз, улада стала вельмі слабой і ўвесь негатыў выйшаў на вуліцы. Бандыты вельмі спакойна і прывольна сябе адчувалі, яны нават не хавалі таго, што яны бандыты. Яны займаліся рэкетам, вымагалі грошы ў людзей, якія займаліся ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку і кантрабандай. Узамен яны прапаноўвалі ахову. І гэты “дах” сапраўды існаваў, таму калі людзі пагаджаліся плаціць адным бандытам, то іншыя іх ужо не чапалі.
Але большасць кантрабандыстаў не згаджаліся плаціць. І справа нават не ў грошах, у прынцыпе, пару злотых аддаць было не шкада, кантрабандысты тады былі людзьмі вясёлымі, яны маглі за вечар прапіць столькі грошай, колькі гэты “дах” у іх за год прасіў. Яны проста былі гордымі, яны не разумелі, чаму ім трэба камусьці плаціць? Гэта біла па іх самалюбстве. Чалавек адчуваў сябе чалавекам і гатовы быў даць адпор бандытам.
Пры змене сітуацыі ў нашай краіне змяніўся і кантрабандыст. Таму я і не працягваю болей сваю кнігу. Сённяшнія кантрабандысты мне не цікавыя, я пісаў свае апавяданні пра кантрабандыстаў 90-х. Сёння кантрабандысты сталі скупымі, зайздросцяць адзін аднаму, яны сталі канкурэнтамі, імкнуцца перахапіць адзін у аднаго лепшы тавар.
Таму ў грамадстве існуе меркаванне аб тым, што кантрабандысты – нядобрыя людзі, якія ламаюць цягнікі і па-хамску сябе паводзяць. І гэта на самай справе так. Але на гэта ёсць свае прычыны. Умовы, у якіх яны сёння працуюць, наклала адбітак на дзейнасць некаторых людзей і іх характар.
З чым вы звязваеце такія змены ў характары кантрабандыстаў?
Кантрабандысты 90-х былі праваднікамі капіталістычных ідэй, смеласці, рызыкі, тых рыс характару, якія павінны былі прынесці свой плён. Жыццё іх пабіла, у краіне змянілася ўлада, усё стала шэрым, прыгнятацца сталі абсалютна ўсе вольныя памкненні, жаданні, усталявалася сістэма кантролю над людзьмі. Нашы людзі не паспелі разбагацець, а над імі ўжо ўсталявалі жорсткі кантроль, пры гэтым такі, быццам гэтыя беларусы ўжо даўно сталі магнатамі або фінансавымі верхаводамі.
Плюс да гэтага, калі прыязджаюць у Беларусь, яны працягваюць жыць у несвабодным грамадстве. Ведаючы аб праблемах, аб тым, што робіцца ў краіне, характар псуецца ва ўсіх беларусаў, у тым ліку і кантрабандыстаў.
Калі б у нашай краіне палепшылася эканамічная сітуацыя – людзі перасталі б займацца кантрабандай?
Безумоўна, з большага перасталі б, таму што кантрабандная праца вельмі нервовая і не такая ўжо і лёгкая. Некаторыя кантрабандысты жывуць крыху лепш чым сярэднестатыстычны працоўны чалавек не з-за таго, што маюць велізарныя прыбыткі, а з-за таго, што працуюць 20 гадзін у суткі. Так што калі разбіць іх працу на працоўныя гадзіны, то яны атрымліваюць як звычайныя працоўныя. Проста гэтых гадзін у іх больш. Гэты час яны забіраюць ад сваіх сем’яў, дзяцей. Вяртаюць нейкімі матэрыяльнымі каштоўнасцямі.
Тым не менш, калі б можна было атрымліваць годны заробак тут, большасць кантрабандыстаў захацелі б паступіць як палякі – сысці з гэтай справы і проста нармальна жыць у нармальнай краіне, плаціць дзяржаве падаткі і радавацца гэтаму.
Праўда, ёсць адмысловая катэгорыя людзей – авантурыстаў па крыві. Яны засталіся б у гэтай дзейнасці, бо кантрабанда для іх стала стылем жыцця. Такія людзі былі і ёсць ва ўсе часы. Нават у часы Савецкага Саюза, калі за калючы дрот нікога не пускалі, яны знаходзілі магчымасці праз дальнабойшчыкаў, маракоў рабіць нейкія замовы.
Але большасць кантрабандыстаў пры першай жа магчымасці аселі б дома, беларусы ўсё ж такі хатняя нацыя, а не качэўнікі.
Сярод вашых знаёмых шмат кантрабандыстаў?
Слова “кантрабандыст” прыляпілася да ўсіх людзей, якія ездзяць за мяжу і нешта перавозяць. У класічным разуменні пад гэта вызначэнне вялікая частка людзей не трапляе.
Кантрабандыст у класічным разуменні – гэта чалавек, які бярэцца за буйныя і небяспечныя кантрабандныя справы. Напрыклад, перавезці вялікую партыю тавару, за якую звычайны чалавек не возьмецца, або незаконна пераправіць людзей праз мяжу. Пры правале такой справы пагражае вялікае пакаранне. У большасці ж сваім наш чалавек робіць візу, мяжу перасякае законна, схавае пару пачкаў цыгарэт у той бок, апране некалькі лішніх джынсаў у гэты бок – вось і ўся кантрабанда. У сваёй кніжцы я жартам назваў гэтых людзей кантрабандыстамі, таму што і апавяданні самі пададзеныя ў гумарыстычнай форме. Але ім спадабалася гэтае слова і яны самі сталі сябе так называць.
У тым разуменні, якое мы ўкладваем называючы людзей кантрабандыстамі, у мяне як у гарадзенца вельмі шмат такіх знаёмых, як і ў кожнага жыхара нашага горада. Таму што гарадзенцы гэта людзі, якія або самі кантрабандысты, або маюць вельмі шмат знаёмых кантрабандыстаў. Нават тыя людзі, якія самі не ездзяць, просяць іншых прывезці памперсы ці іншую прадукцыю, якая ў Польшчы таннейшая. І кожны мае сваю выгаду – і пакупнік, і кантрабандыст.
Вы самі вазілі калі-небудзь кантрабанду?
У свой час я працаваў навуковым супрацоўнікам у Гродне і зарабляў на той час 20 даляраў. Нічога не парушаючы, за адну паездку можна было зарабіць у два-тры разы больш грошай, чым я атрымліваў за месяц працы навукоўцам. Усё проста: завёз у Польшчу дзве бутэлькі гарэлкі, прадаў там, на гэтыя грошы накупляў джынсаў і прывёз у Беларусь. Безумоўна, я таксама вазіў кантрабанду, і ва ўсіх гісторыях, якія я апісваю ў кнізе, я ці быў сведкам, ці быў непасрэдным удзельнікам падзей, ці чуў гісторыі ад людзей, з якімі асабіста знаёмы.
Які самы арыгінальны спосаб кантрабанды можаце ўзгадаць ?
Для мяне кожны спосаб арыгінальны. Чаго толькі людзі не прыдумлялі. І шлангі па дне ракі праводзілі, каб перапампоўваць салярку на іншы бок мяжы, і падкопы рабілі, і паветраным спосабам перапраўлялі тавар на дэльтапланах, а якія толькі схованкі у машынах не прыдумлялі! Здавалася, што ў маленькім жыгулёнке маглі схаваць танк ў разабраным стане.
Як кантрабандысты вучыліся рабіць схованкі, так мытнікі вучыліся іх знаходзіць. Сённяшняму кантрабандысту нашмат цяжэй нешта схаваць. Сёння мытнік мае розныя прыборы для прагляду аўтамабіля, ведае, у якой марцы аўтамабіля дзе знаходзяцца пустэчы, у якіх можна зрабіць схованку. Раней жа нікому ў галаву не магло прыйсці праверыць запасное кола, ніхто не мог падумаць, што можна напампаваць цэлую камеру спірту. Сёння ж гэта ведаюць усе.
Або газавы балон, унутр якога ўстаўлены іншы газавы балон, запоўнены газам. Ціск на датчыках прыбораў паказвае, што ён поўны газу, машына на гэтым газе працуе, але на самой справе большая частка вялікага балона, у якім змешчаны маленькі, запоўненая цыгарэтамі.
Мне вельмі спадабаўся спосаб, з дапамогай якога нашы людзі па Нёмане сплаўлялі спірт. Яны налівалі ў пластыкавыя пакеты алкаголь, тапілі іх, да пакетаў прывязвалі ніткі і зверху чаплялі пёрка. На другім баку літоўскай мяжы людзі на лодках выглядвалі гэтыя пёркі і даставалі за ніткі пакеты са спіртам.
Былі і больш арыгінальныя спосабы, калі кантрабандысты пераапраналіся ў мытнікаў і здзіралі штрафы з людзей. Гэта было на літоўскай мяжы. Калі Літва адышла ад Савецкага саюза, у нас не было мяжы з ёй. Мяжа было ўмоўна на карце, а так людзі маглі хадзіць як хочаш. А мытня стаяла толькі на галоўных трасах.
Пасля памежнікі сталі становіцца і на іншых дарогах. Гэтым скарысталіся кантрабандысты, сталі пераапранацца ў мытнікаў і збіраць мытныя пошліны з перасякаюць мяжу людзей.
Галота на выдумку хітра. Нашым людзям сапраўды чагосьці не хапае. Той жа амерыканец кожнае такое дзеянне будзе лічыць незаконным. Ён прывык, што дзяржава клапоціцца пра яго. А ў яго разуменні дзяржава можа клапаціцца аб грамадзяніне толькі тады, калі ён паступае па законе.
Не толькі наша нацыя, але і нашы суседзі (палякі, чэхі, украінцы) часта парушаюць закон. Чаму? Проста мы вельмі доўга была пад прыгнётам. Калі немец едзе па дарозе і бачыць знак “40”, ён і будзе ехаць з хуткасцю сорак, таму што гэты знак паставілі для яго, каб ён ведаў, што можа трапіць у небяспечную сітуацыю, калі паедзе хутчэй. У яго ёсць ўлада, якой ён плаціць падаткі, і ўлада клапоціцца пра яго. І ўсё, што робіць улада, яна робіць для яго.
У нас жа была ўлада захопнікаў, мы былі пад акупацыяй расійскай імперыі. Мы былі пад акупацыяй саветаў. Мы прывыклі, што ўлада не наша, чужая. І ўсё, што яна робіць, яна робіць на шкоду свайму народу. І калі яны ставяць знак “40”, нам хочацца ехаць 140! Нам хочацца зрабіць на зло. У нас гэта ў крыві.
Сённяшняй уладзе, якая знішчае наша, беларускае, нашу мову, культуру, мы не верым. І мы не паверым гэтым знаку, нават калі там яма, таму што мы не верым ўладзе, не верым, што яна можа зрабіць нам нешта добрае.
Зрабіць нешта, каб напаскудзіць ўладзе гэта для нас за гонар. А вось калі немец убачыць, што нейкая машына абмінула яго і паехала 140, ён патэлефануе ў міліцыю і скажа нумар гэтай машыны. Мысленне працуе наадварот.
Так думае немец, таму што ў яго доўга была свая ўласная ўлада. У Германіі зусім нядаўна была страшная дыктатура, але яна была свая, яна гаварыла па-нямецку. Яна знішчала агульначалавечыя каштоўнасці, але сваіх не чапала. Беларуская ж ўлада знішчае сваё. Як мы можам верыць, што яна можа зрабіць нам нешта добрае?
Ці мяняецца з гадамі спіс кантрабандных тавараў?
Чалавек глядзіць па сітуацыі, што яму больш выгадна прадаваць. У самым пачатку, у 90-я гады, было вельмі выгадна вазіць сельскагаспадарчую прадукцыю. Гарэлку часта выпівалі самі кантрабандысты, яна не заўсёды даходзіла да рынку. Польскія партнёры куплялі ў нас цвікі, лемехі, гаплікі, матыгі, сякеры, рондалі, патэльні – беларускае жалеза карысталася попытам, на той момант яно было вельмі добрае. Алкаголь і цыгарэты прывозілі як дадатак, каб таму чалавеку які скупляў у цябе ўвесь гэты тавар, паставіць бутэльку гарэлкі і пачаставаць цыгарэтамі.
Потым, калі польская эканоміка стала станавіцца на ногі, і польскае жалеза, косы і сякеры, сталі нашмат лепш і танней за нашы, зразумела, што гэты тавар стала нявыгадна вазіць. Людзі пераарыентаваліся.
Вельмі выгадна тады яшчэ было вазіць сельскагаспадарчую хімію. Хімічная прамысловасць у Беларусі была добра развітая, гэтую хімію адпраўлялі ў калгасы, дзе яе раскрадалі. Як даказаць – цыстэрну вылілі на полі ці пяць цыстэрнаў? Было выгадна вывозіць нашу айчынную прадукцыю. За магнітафонамі і тэлевізарамі выстройваліся чэргі. Вывез адзін тэлевізар “Гарызонт” і, прадаўшы яго ў Польшчы, можна было пачынаць будаўніцтва свайго дома. І ўвесь час кан’юнктура змянялася.
Сёння выгадна вывозіць у Польшчу цыгарэты і паліва. Гэты тавар у нас пакуль трохі танней. Пры гэтым вывозіць бензін па правілах можна раз у восем дзён. Чаму? Бо чалавек назад прывязе валюту, якую выбавіць за продаж паліва? Гэта камерцыйны тавар, які не датуецца дзяржавай. Але хутка і гэта стане нявыгадным, таму што павышаюцца цэны на цыгарэты і паліва. Затое з Польшчы цяпер выгадна везці ўсё. Усё там танней, ды і якасць добрая, пачынаючы з ежы і адзення і заканчваючы тэхнікай.
Ці існуюць у кантрабандыстаў свае правілы, законы?
Правілы існуюць, але яны хутчэй агульначалавечыя, чым спецыфічныя. І правілы гэтыя заснаваныя на беларускім “кумаўскім” менталітэце.
У 90-я гады было вельмі развіта пачуццё патрыятызму. Кантрабандысты выязджалі за мяжу і дапамагчы там земляку было святой справай. Тады патрыятызм быў дзяржаўнай палітыкай. Дзяржава прапагандавала патрыятызм, папулярызавала нацыянальную гісторыю, падвышала нацыянальны гонар. Сёння гісторыю вучаць па падручнікам, напісаным ідэолагамі. Эталонам стала другая сусветная вайна, наша савецкае мінулае.
Гэта антыпатрыятычным рэчы, так званыя псеўдаінтэрнацыянальныя. Таму што сапраўдны інтэрнацыянал – гэта аб’яднанне патрыётаў. Я люблю патрыёта – паляка, патрыёта – чэха. Мяне паважаюць за тое, што я люблю беларусаў больш, чым іншыя нацыі. Калі б я сказаў сваім сябрам з Польшчы, што мне палякі падабаюцца больш, чым беларусы, яны б мяне не зразумелі. Гэта і ёсць сапраўдны інтэрнацыяналізм.
А калі збіраюцца людзі, якія крычаць пра Інтэрнацыянал і пра тое, што нацыя не мае значэння, то гэта псеўдапатрыятызм. Нас жа сёння прывучаюць да псеўдапатрыятызму, калі паўтараюць пра тое, што нацыя – гэта не галоўнае, галоўнае – славянскае братэрства і адзінства. Нам кажуць, што нашы браты-славяне – на ўсходзе, а тое што на захадзе таксама ёсць брацкія славянскія народы – замоўчваюць.
Я сам не монанацыянальнай чалавек, у мяне ў крыві намяшана шмат нацыянальнасцяў. Але я адчуваю сэрцам, што я беларус, таму я – патрыёт сваёй Беларусі. Мая бабуля была англічанкай, і я мог бы сказаць, што я англічанін, другая мая бабка была полькай, я ганаруся польскай гісторыяй, але я ўсё роўна беларус.
Такі патрыятызм быў і ў 90-х, мы сустракаліся, мы былі беларусамі, нам гэта падабалася. Патрыятызм быў не толькі нацыянальны, але і па прыналежнасці да дзяржавы. І небеларусы па нацыянальнасці ўсё роўна ганарыліся тым, што яны з гэтай краіны.
Сёння ж многія людзі імкнуцца замоўчваць, хто яны. Не паспела яшчэ змяніцца пакаленне, а ўсё перавярнулася з ног на галаву. І ўсё гэта прымаецца пасіўнасцю грамадства. Патрыятызм застаўся ў эліце і ў нашым генатыпе. Але прыйдзе той час, калі Бог пакладзе нашу нацыю на далоні і пакажа ўсяму свету.
Як гісторык па адукацыі я веру ў тое, што развіццё нацыі ідзе па вызначаным шляху, прызначаным звыш. Калі б беларуская нацыя павінна была загінуць, то яна даўно б ужо загінула. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ніхто б не мог сказаць, што ў ХХІ стагоддзі будзе беларуская краіна. А тут Касцюшка раптам змагаецца з Пагоняй на сваёй шапцы, і хоча быць у літоўскім войску, а не іншых ваенных аб’яднаннях.
Здаецца, усё задушылі, нічога не засталося, і раптам – з’яўляюцца нейкія патрыёты, Каліноўскі. Задушылі і гэта. Здаецца, і назвы нават ніякай не засталося, ні ліцьвінаў, ні беларусаў не было, толькі тутэйшыя. І тут пачынаецца першая сусветная вайна, і беларускія салдаты ў акопах нашываюць сабе бел-чырвона-белыя нашыўкі. З’яўляецца Ластоўскі, Тарашкевіч. Адкуль яны ўзяліся?
Потым саветы ўзялі усё пад свой кантроль, беларусаў вызначылі як першую нацыю, якую падвергнуць русіфікацыі. І раптам трэснуў Савецкі Саюз. І адразу з’явіліся патрыёты, паднялі свае сцягі, і адкуль яны іх узялі? Тады ж і матэрыі не было дзе купіць, а на сцягі знайшлі. І мастакі знайшліся, якія Пагоню намалявалі.
Гэта значыць, што гісторыя беларускай нацыі і беларускай дзяржаўнасці яшчэ не скончылася, яна ідзе сваім шляхам, каб выпакутаваць сваю будучыню, каб стаць годнай краінай. Можа быць, гэтая ўлада дадзена беларусам, каб змяніць іх менталітэт, каб яны зразумелі нешта важнае. Беларуская ўлада робіць жудасныя рэчы і дзякуй Богу, што ўсе гэтыя бясчынствы адбываюцца не пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам.
Вы спалучаеце ў сабе некалькі роляў: палітык, праваабаронца і літаратар. Што вам усё-такі бліжэй?
Яшчэ ў часы Савецкага Саюза мы, людзі, у якіх балела душа за Беларусь, за ўзнікненне беларускай дзяржавы, пачалі аб’ядноўвацца. Мы адраджалі гісторыю, мову, пісалі ад рукі ўлёткі. Тады не было камп’ютараў, і мы на незразумелых машынах друкавалі нашы першыя газеты. Мы называлі сябе адраджэнцамі.
Я прыйшоў у палітыку менавіта для гэтага, каб з’явілася беларуская дзяржава, развівалася беларуская культура. Для гэтага я стаў літаратарам, для гэтага я прыйшоў у праваабарончую дзейнасць. Больш мяне цягне ў праваабарончую дзейнасць, таму што я бачу, колькі вакол неабароненых людзей, якія не ведаюць што будзе заўтра, якім патрэбна прававая падтрымка і абарона.
Але я не магу не пісаць. Не ведаю, наколькі я літаратар, але часам хочацца сесці і зафіксаваць прыходзяць вобразы, зафіксаваць для гісторыі час, у які мы жылі, зафіксаваць падзеі, што адбываюцца, маімі вачыма, так, як я гэта бачыў. Я хацеў бы, каб мой погляд таксама захаваўся, захавалася мая пазіцыя.
У “Запісках кантрабандыста” кожную гісторыю можна распісаць як трагедыю, а можна апісаць з гумарам, так, як я б і хацеў падыходзіць да жыцця. І каб нехта потым прачытаў маю кнігу і хай нават праз гумар зразумеў, у які час мы жылі.