Вакол свету на ровары: магчыма, сустрэну на шляху будучую жонку

| Без катэгорыі

Падарожжа пачалося 15 ліпеня ад Эйфелевай вежы. З таго часу ён праехаў праз Бельгію, Люксембург, Германію, Галандыю, краіны Скандынавіі і Балтыкі, і на адзін дзень завітаў у Беларусь, менавіта ў Гродна. Крыс падчас сустрэчы быў крыху змучаны, бо мала спаў апошнім часам, а нейкі час таму праехаў ажно дзвесце кіламетраў за дзень. У сярэднім жа дзённы адрэзак складае каля ста кіламетраў.

Крыс Паўнтні: “Мне вельмі спадабалася Беларусь, Гродна – прыгожы горад. Я нешмат ведаў аб Беларусі, пакуль не прыехуў сюды. Многія людзі за мяжой маюць не вельмі добрае ўражанне аб вашай краіне. Яны глядзяць на Беларусь як на Расію ці на Савецкі саюз, але мне спадабалася гэтае месца. Яно нашмат больш прыгожае, чым я чакаў”.

 

Крысу 29 год. У Брытаніі засталіся яго бацькі і сястра са сваёй сям’ёй. Падчас падарожжа хлопец падтрымлівае сувязь з роднымі, вядзе свой блог у інтэрнэце. Дадому ён плануе вярнуцца толькі праз чатыры-сем год.

Крыс займаецца каўчсёрфінгам – спыняецца ў кватэрах такіх самых аматараў падарожжаў, як і ён сам. Але ў Гродне ён мусіў забраніраваць гатэль, каб атрымаць турыстычную візу.


Крыс:Я думаю, чым менш людзі маюць, тым больш яны гасцінныя. Людзі ў бяднейшых краінах больш шчодрыя. У Латвіі, напрыклад, быў моцны дождж. І я лёг спаць на аўтобусным прыпынку. Мясцовы хлопец падыйшоў да мяне і наўпрост запытаўся: “Ці ты хочаш пераначаваць у мяне дома?” І ён нават не начаваў дома сам, проста пакінуў там мяне. Насамрэч, такое даволі рэдка можа здарыцца ў Германіі ці ў Вялікабрытаніі.

На шляху Крыс ночыць і ў полі ў сваёй палатцы.

 

Ці гэта небяспечна – падарожнічаць?” – цікаўлюся. “Машыны – самая небяспечная рэч”, – адказвае Крыс.

 

Пытаюся пра начлегі сярод поля і пра тое, ці носіць Крыс з сабой нейкую зброю.

 

Ад каго мне бараніцца? Ты думаеш, хто-небудзь з людзей навокал, калі трапяць у поле і пабачаць мяне ў палатцы, нападзе на мяне? З якіх прычын? Людзі добрыя. Можа, калі б я меў мільён фунтаў… Але ж я асабліва нічога з сабой не маю”.

Усё неабходнае Крыс вязе на сваім ровары. У некалькіх торбах месцяцца палатка, спальнік, вопратка, ежа, мапы, кнігі, фотаапарат, запчасткі і інструманты, каб рамантаваць ровар. Вопратку хлопец пярэ, калі спыняецца ў гаспадароў па каўчсёрфінгу, ці ў азёрах улетку.

 

Крыс падзяліўся сакрэтам, як падарожнічаць з малым бюджэтам. Ён увогуле не карыстаецца паслугамі самалётаў, аўтобусаў ці аўтамабілей, вельмі рэдка ночыць у гатэлях, купляе недарагую ежу.

 

Я вельмі хачу трапіць у Аўстралію, наведаць многія гарады там, спыніцца, папрацаваць, зарабіць на чарговую частку падарожжа. І калі мне спадабаецца, то пераехаць туды жыць. Таксама я хачу паехаць у Іран, Турцыю, Цэнтральную Азію”.

Вельмі агульны маршрут, які сабе запланаваў Крыс

 

Каб зарабіць на падарожжа, ён працаваў пяць месяцаў у Эдзінбургу ў якасці рыкшы велатаксі, а таксама ў краме. Гэтых грошай хопіць на некалькі год.

 

Я люблю цяжкасці. Самае цяжкае гэта быць доўгі час у самотнасці. Маю на ўвазе краіны, дзе не валодаюць ангельскай мовай. Тады я не размаўляю ні з кім некалькі дзён”.

У Галандыі

 

Пытаюся, чаму Крыс падарожнічае самотна.


“Я прапаноўваў сябрам, бо хацеў бы ехаць разам з кім-небудзь. Але ўсе адмовіліся, сказалі, што не могуць сабе гэтага дазволіць. Мінулым разам у мяне часова былі падарожнікі на некалькі тыдняў”.

 

Два з паловай гады таму Крыс выправіўся ў падарожжа па Заходняй Еўропе і Амерыцы. Тады, па розных прычынах, у яго не атрымалася аб’ехаць вакол свету. З Канады ён самалётам вярнуўся на радзіму.

На мяжы з Даніяй


“Я проста атрымліваю асалоду, падарожжа робіць мяне шчаслівым. Я бачу свет, цікаўлюся людзьмі, якія жывуць у розных месцах. Больш за ўсё я люблю глядзець на прыроду – горы, лясы. Таксама я люблю гарады, але  не люблю ў іх доўга знаходзіцца”, – Крыс адыходзіць ад майго прытання пра галоўную мэту падарожжа, таму даціскаю, пытаюся, у чым “фішка”.


“Калі ты не разумееш, то я не ведаю, як табе растлумачыць. Хтосьці любіць падарожнічаць, а хтосьці шчаслівы на адным месцы, дзе жыве. Мяне робяць шчаслівым падарожжы. Думаю, быць шчаслівым важна”.


Ці цябе не лічаць дзіўным твае сябры? – Магчыма, трэба ў іх запытацца” – А ты не думаеш аб тым, каб стварыць сваю сям’ю? – Магчыма, я сустрэну будучую жонку на сваім шляху.

Пасля Гродна Крыс накіраваў свой ровар назад у Польшчу, у бок Варшавы.

 

Крыс у першы дзень падарожжа. Ніжэй – мапа, на якой пазначаны маршрут Крыса, які ён ужо праехаў. У дарозе ён тры месяцы, праехаў каля 7 тыс. км., быў у 15 краінах.

 

Здымкі аўтаркі і з архіву Крыса Паўнтні