Як не купіць пратэрмінаваны тавар?

|

Меркаванне пакупніка аб тым, што ў кожнай краме яму хочуць усунуць пратэрмінаваны тавар – памылковае, як лічыць наш эксперт. Праблемы ад скаргаў і наступных праверак не каштуюць для гандляра таго, каб перабіваць даты вырабу прадукту. Гэта зазвычай…

 

Зашмат перцу – дрэнны знак

 

Самыя распаўсюджаныя “прасрокі” (гандлярскі жаргон) – гэта катлеты ды салаты на вагу – гатовыя прадукты, якія робяцца ў цэхах крамы. Не заўсёды для іх прыгатавання ад самага пачатку выкарыстоўваюцца якасныя інгрыдыенты: недзе падпсавалася каўбаска, недзе пратух сыр… А каб перабіць дрэнны пах, часцей за ўсё выкарыстоўваюцца спецыі. Калі вы купілі такі салат і адчуваеце ў ім зашмат перцу – хутчэй за ўсё ён быў пратэрмінаваным.

 

У тых жа салатах варта звярнуць увагу на кансістэнцыю маянэзаў. Калі аднародны – усё добра, ну а калі трапляюцца кавалкі ды вада – ваш выбар быў не вельмі ўдалым.


Хто перабівае на таварах дату?

 

Ці перабіваюць тэрміны? Так, але апошнім часам гэта менш тычыцца кісламалочных тавараў. Вінаватыя хутчэй недабрасумленныя пастаўшчыкі. У крамаў існуе дамова з пастаўшчыком аб звароце няякаснага ці пратэрмінаванага тавару. Тавар вяртаецца, пастаўшчык перабівае тэрмін, і “свежы” твораг альбо кефір едзе ў тую самую краму.


Небяспечны твораг

 

З кісламалочнымі таварамі ўсё проста: варта зірнуць на дату. Самаабслугоўванне ў крамах дазваляе гэта зрабіць. Не можаце разабраць дату ці палічыць колькасць дзён? Клічце прадаўца – гэта ягоная праца. Улетку кісламалочныя – заўжды ў зоне рызыкі, бо нават халадзільнікі не заўжды могуць іх зберагчы.

 

Варта таксама быць асцярожнымі з творагам у пакетах. Асабліва гэта тычыцца крамаў з уласнай вытворчасцю. Што робяць? Сапсаванае малако і кефір трапляюць у цэх, дзе ператвараюцца ў твораг. Вы не ведаеце ў якіх умовах гэта адбываецца і ці выкарытоўваецца тут “вытворчы твораг”. Зноў жа – твораг рознай кансістэнцыі ў пакунку – дрэнны знак.


Падман альбо “ратацыя тавару”?

 

Калі няма інфармацыі аб тэрміне вырабу на пакунку – не варта адразу падымаць бунт. Паглядзіце другі ці трэці пакунак. Не будзе зноўку – клічце прадаўца.

 

Ёсць і свае цалкам законныя хітрыкі. Стары тавар прадавец зазвычай кладзе наперад, каб хутчэй разабралі, а новы – назад. Гэта – звычайная ратацыя тавару, не крымінал.

 

     
  Чытайце таксама: Тавар па “акцыі” – купляць ці не?  
     

Здымак 1tv.ru