Пры якіх умовах вы б пагадзіліся працаваць настаўнікам?

Нядаўна ў краіне чарговы раз адзначылі Дзень настаўніка. Свята атрымалася не самым радасным, бо напярэдадні гэтага навучальнага года нагрузку для настаўнікаў павялічылі з 18 да 20 гадзін на тыдзень. заробак настаўніка вырас на сціплыя 3% і па-ранейшаму застаецца адным з самых нізкіх у краіне. 

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва ўжо аднесла прафесію настаўніка да катэгорыі найменш запатрабаваных на рынку працы. 

 

Усё гэта спарадзіла чарговую хвалю дыскусій пра прэстыж настаўніцкай прафесіі.

 

“Твой стыль” зрабіў апытанне сярод вучняў старэйшых класаў гарадзенскіх школ, запытаўшы ў іх пра тое, пры якіх умовах яны б пайшлі працаваць настаўнікам.

 

Валерыя: У наш час дзеці за словам у кішэню не лезуць . Спрачаюцца з настаўнікамі, ужываюць у сваёй мове нецэнзурныя словы. Дарэчы, вучні малодшых класаў грубіа размаўляюць з настаўнікам нават больш, чым старэйшакласнікі. Я лічу, у выхаванні гэтых дзяцей бацькі зусім не ўдзельнічаюць. Не менш важна тое, што настаўнікам мала плацяць. Я б працавала настаўнікам, калі б была высокая зарплата і дзеці не былі такімі нязноснымі.

 

Алеся: Я не бачу нічога дрэннага ў працы настаўніка. Зносіны з дзецьмі і падлеткамі – гэта выдатна!

 

Яўген: Для таго, што б стаць настаўнікам, мне неабходны характар дыктатара. Дзеці будуць слухаць і паважаць яго, калі ён стане для іх аўтарытэтам і сябрам, альбо возьме ў рукі «лінейку і пугу» .

 

Наташа: Калі б зарплата настаўнікаў была больш, я б пагадзілася працаваць. Настаўнікі даюць нам веды, якімі мы карыстаемся на працягу ўсяго жыцця. Веды патрэбныя нам для паступлення ў ВНУ, каб пасля ўладкавацца на працу. Яны даюць нам базавую адукацыю, а атрымліваюць за гэта капейкі.

 

Даша: Я б працавала настаўнікам, калі б мне было гэта цікава. Думаю, калі ёсць талент зносін з дзецьмі і цікавасць да прадмета – яго трэба выкарыстоўваць напоўніцу. Нездарма кажуць, што самая лепшая праца тая, якая падабаецца.

 

Юля: Магчыма, я б пагадзілася працаваць настаўнікам, калі б у мяне быў добры заробак. Абавязкова павінна быць любоў да дзяцей. Я творчы чалавек і для мяне праца настаўнікам трохі сумная. Мне бывае складана тлумачыць нешта маім аднагодкам, не тое, што дзецям. Тым больш, што яны не заўсёды слухаюць. Па-мойму для таго, што б стаць настаўнікам, трэба быць вельмі адказным. Бо даваць веды дзецям вялікая праца.

 

Наталля: Для мяне важны добры калектыў. Жаданне выкладаць не менш важнае. Калі чалавек не любіць дзяцей, то з яго не атрымаецца добры настаўнік.