Закінутая Гародня: калючы дрот, самы стары мост, забітыя вокны і дзверы
Тэрыторыя былога памежнага атрада не ахоўваецца. Трапіць сюды можна абсалютна свабодна і, перашоўшы праз плот, апыняешся, здаецца, ў зусім іншым свеце ці месцы.
Вецер разносіць непрыбранае лісце, а сярод цішыні, сапраўды, становіцца не па сабе. Наступіўшы выпадкова на галінку, уздрыгваю ад нечакана гучнага трэску. За ногу раптоўна нехта хапае. У галаве праносяцца сцэны з фільмаў жахаў. Але гэта проста галінка пад леташнім пластом лісця. Але адчуванне нечага містычнага і тагасветнага не пакідае мяне, пакуль я вывучаю тэрыторыю.
Тут знаходзіцца самы стары гарадскі мост, які перакінуўся праз калісьці поўнаводную рэчку Юрыздыка. Масту недзе 115 год. Зараз рэчка зарасла, а вакол яе стаіць калючы дрот.
Будынкі, што калісьці выкарыстоўваліся памежнікамі, зараз пустуюць. Калісьці гэтая зямля была набыта дзяржавай у князей Друцкіх-Любецкіх. Тут у 1898 годзе пачалося будаўніцтва акружной лячэбніцы, якое завяршылася ў 1913 годзе. Потым тут месціўся ваены шпіталь ды казармы. У апошні час булынкі займалі памежнікі. І вось некалькі год яны стайць пустыя.
Кажуць, што іх хутка адрамантуюць і зробяць майстэрні для мастакаў. Вельмі добрая ідэя – мясціны тут прывабныя.
Ці застануцца яны такімі ж пасля рэстаўрацыі – цяжка сказаць. Пакуль тут ёсць вялікія здаровыя дрэвы, дзе гняздуюцца розныя птушкі, а трохі далей, таксама на тэрыторыі былых казарм – сапраўдная затока.
Шпацыруючы па закінутай тэрыторыі, складвалася ўражанне закінутага горада. Нейкі апакаліпсіс мясцовага маштабу. Нешта містычнае ёсць у гэтых старых казармах, дзе ад ветру ляпаюць дзверы, са сцяны глядзіць намаляваны памежнік, а каля санчасткі – быццам у спешцы пакінуты чамадан.
І цышыня вакол. Толькі кот, які раптоўна выскачыў з-за вугла, на імгненне падаўся адзінай жывой істотай на свеце.
Не верыцца, што такі незвычайны куток знаходзіцца ў самым цэнтры Гродна. Пакуль сюды не прыйшлі спецыялісты, архітэктары ды будаўнікі, ёсць магчымасць зрабіць цікавыя фотасэсіі ці проста пашпацыраваць па закінутым горадзе ў мініацюры.