Палякаў не пусцілі на сход Саюза палякаў

|

Сход гарадскога аддзялення Саюзу палякаў на чале з Юзэфам Лучнікам рыхтаваўся без шырокай агалоскі. На ім планавалася абраць дэлегатаў на вераснёўскі з’езд арганізацыі.

Тым не менш, арганізатары сходу аказаліся падрыхтаванымі да магчымага візіту апанентаў: у момант, калі прыхільнікі Анжалікі Борыс паспрабавалі ўвайсці ў памяшканне гарадскога Дома культуры, дзьверы будынку аказаліся перакрытымі супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным.

Пры гэтым у памяшканне не пускалі нават людзей, якія паказвалі пасведчанні сябраў Саюзу палякаў.

У выніку канфлікта пацярпелі музыканты аркестра, якія гралі перад уваходам у будынак: пасля таго, як супрацоўнікі МВД цалкам заблакавалі ўваход у памяшканне, тым прыйшлося ўлазіць у ГДК праз вакно.

Пасля няўдалай спробы патрапіць у памяшканне, актывісты непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў зачыталі Зварот да Аляксандра Лукашэнкі аб легалізацыі іх арганізацыі. Адразу ж быў распачаты збор подпісаў пад гэтым дакумантам. Дзеячы Саюзу палякаў плануюць сабраць некалькі тысячаў подпісаў і накіраваць іх у Адміністрацыю прэзідэнта.

Раскол у Саюзе палякаў доўжыцца з 2005 г. Беларускія ўлады не прызналі тады вынікаў сходу арганізацыі і абрання на пасаду яе кіраўніка Анжалікі Борыс.

У выніку арганізаванага ўладамі альтэрнатыўнага сходу Саюзу палякаў было абрана новае кіраўніцтва на чале з пенсіянерам Юзэфам Лучнікам.

Вынікі гэтага сходу, у сваю чаргу, не прызнаюць большая частка польскай супольнасці ў Беларусі, а таксама ўрад Польшчы.

На здымку: прыхільнікі Анжалікі Борыс спрабуюць патрапіць на паседжанне, арганізаванае Юзэфам Лучнікам

Фота: http://poczobut.livejournal.com/