Гісторыкі знайшлі ў Гродне яшчэ адзін Стары замак
Сярод каштоўнасцей Гродна два замкі — Стары і Новы, так думае большасць гісторыкаў і звычайных жыхароў горада. Дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка выказаў думку падчас канферэнцыі, прысвечанай каралю Стэфану Баторыю, што той не аднаўляў Верхні замак часоў Вітаўта, а збудаваў яшчэ адзін побач з ім.
Паводле яго, замак Вітаўта стаяў на мысе і падчас абвала берага апынуўся ў Нёмане, таму рэшткаў ад яго амаль не засталося. У якасці доказу сваёй гіпотэзы гісторык звяртаецца да логікі: навошта руйнаваць, калі можна і захаваць старое, і пабудаваць новае.
Аспірант Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Мікалай Воўкаў падтрымаў альтэрнатыўны погляд і падчас свайго дакладу прывёў пацверджанні таго, што палац Стэфана Баторыя адрозніваўся паводле прызначэння ад замка Вітаўта. У ХVІ стагоддзі ён выконваў рэпрэзентатыўную, а не абарончую функцыю.
Свае даследаванні навукоўцы праводзілі на падставе вядомых у гістарычным асяроддзі гравюраў Цюндта (1568 год) і Макоўскага (1600 год), якія адлюстроўваюць забудову горада тых часоў.
Ёсць на выяве яшчэ адзін загадкавы аб’ект, які прынята лічыць Каложскай царквой. Аднак вялікі памер будынка на гравюры Цюндта, а галоўным чынам тое, што ён знаходзіцца на левым, а не на правым беразе Нёмана, дзе ў рэчаіснасці і стаіць Каложа, наводзіць на іншыя думкі.
Магчыма, у часы Стэфана Баторыя там знаходзіўся цэлы кляштарны комплекс: праваслаўны або каталіцкі. Атаясамліваць яго з каталіцкім Францішканскім кляштарам немагчыма, бо той, па звестках, узнік толькі праз стагоддзе. Можна зрабіць смелую выснову, што невядомы будынак рэлігійнага прызначэння проста не захаваўся да нашых часоў.
Стэфан Баторый абраў Гродна сваёй рэзідэнцыяй і ператварыў яго ў каралеўскі горад. Але кароль быў не толькі суровым вайскоўцам, ён шмат зрабіў для гаспадаркі і адукацыі. Аб ягоным характары сведчыць і той факт, што ён дазволіў атрымаць шляхецтва простым людзям не толькі на вайне, але і за сумленную грамадскую працу.
Беларусы называлі вялікага караля Іштвана Батора венгерскага паходжання Сцяпанам Батурай. Форма «Стэфан Баторый» — польскага паходжання, адзначыў на канферэнцыі гісторык Алег Трусаў.
У Гродне пра Стэфана Баторыя нагадвае вуліца і крама. Раней у яго гонар была названа і галоўная гродзенская плошча.
Даведка «ВГ»
Стары замак быў пабудаваны як драўляная крэпасць у ХІ стагоддзі рускімі князямі. У ХІV стагоддзі князь Вітаўт пасля пажара пабудаваў на тым жа месцы каменны гатычны замак з вежамі. У ХVІ стагоддзі, за часамі Стэфана Баторыя, замак быў перабудаваны ў палац у стылі рэнесанса. Пазней некалькі разоў замак руйнаваўся і адбудоўваўся. Новы замак узвялі поруч з ім у ХVІІІ стагоддзі.