Партрэты палешукоў у Гродзенскай выставачнай зале

|

На фотавыставе будуць прадстаўленыя здымкі жыхароў вёскі Букча, Лельчыцкага раёна, Гомельскай вобласці, зробленыя ў перыяд з 1976 па 2012 год.

 

Наталля Дораш распавяла “Твайму стылю”:

 

У 1976 годзе выйшла замуж за палешука, Букча – радзіма мужа. Часта прыязджалі туды, і я здымала.


Выстава сабрала толькі здымкі жыхароў вёскі за 37 гадоў, і тое давялося выбіраць, бо для ўсяго аб’ёму фотаматэрыялу месца ў зале не хапіла б. Ужо не кажу пра сотні фатаграфій толькі прыроды Палесся. Прыходзьце на выставу, калі вас зацікавіла тэма пра такі “беларускі народ” як палешукі.


Гісторыя вёскі Букча пачалася ў 1452 годзе. Побач з ёй стаіць святы град Тураў. А людзі там жывуць на самой справе асаблівыя.

 

Фотаздымкі 36-гадовай даўніны, зробленыя на чорна-белую фотастужку, перагукаюцца ў часе са здымкамі сучасных жыхароў вёскі Букча. Старыя пайшлі ў іншы свет, дзеці выраслі, у кожнага свая доля, але на фотаздымках яны застаюцца такімі, якімі былі тры дзесяцігоддзі таму.

 

Адкрыццё выставы Наталлі Дораш “Паляшукі” ў Гродзенскай выставачнай зале адбудзецца 25 кастрычніка ў 18.00.