Антыкафэ “Жывы час” адкрыецца для наведвальнікаў ужо ў гэтую пятніцу!

|

Каця, адна з гаспадынь “Жывога часу”, разважае куды лепш уладкаваць мяккія крэслы, а куды – канапу. На сценах ужо вісяць карціны маладых  гродзенскіх мастакоў.

“Вельмі хочацца, каб добрыя працы нашых маладых творцаў убачыла як мага больш людзей”, – кажа Каця і праводзіць мяне па дзвюх залах антыкафэ.

 

Экспазіцыя будзе мяняцца. Зараз тут можна ўбачыць трохі прац маладых мастакоў: Машы Кулакоўскай, Арцёма Эйсманта ды Паўла Луневіча.

Увогуле, гаспадыні гэтай свабоднай прасторы запланавалі шмат цікавага для наведвальнікаў. Канешне, як і ў аналагічных месцах у Мінску ці Маскве, тут будзе бясплатны wi-fi, кава, чай і прысмакі. Плаціць трэба толькі за час. А яшчэ будуць цікавыя майстар-класы па рукадзеллі, турніры па настольных гульнях, кінапаказы ды нават невялікія акустычныя канцэрты. Можна будзе зняць памяшканне і для сваёй асабістай вечарыны.

На ўваходзе ў вочы кідаецца стойка, цалкам зробленая са старых кніг.

 

“Не ўпадуць?” – пытаюся я.

 

“Напэўна, гэта будзе першае пытанне, якое будзе хваляваць наведвальнікаў, – смяецца Каця і дадае, – не, не ўпадуць. Яны добра замацаваныя”.

 

Гэта толькі на першы погляд, кнігі быццам бы проста ляжаць адна на адной. На самой справе, канструкцыя вельмі трывалая.

“Усё пачалося з ідэі. У нас няма ніякага вопыту ў бізнесе, таму прыходзілася рабіць адну і тую ж справу па некалькі разоў. Адну і тую ж паперку насілі ва ўстановы па два ці тры разы. Зараз яшчэ вельмі шмат спраў, але большая частка шляху ўжо пройдзена”, – кажа Каця.

Праца па ўладкаванні не спыняецца ні на хвіліну. Час дарагі! А вось для наведвальнікаў гадзіна знаходжання ў антыкафэ будзе каштаваць 24 тысячы.  Калі ж  рабіць нейкую вечарыну, то тут усё будзе агаворвацца індывідуальна. Тое ж самае з майстар-класамі. Нейкія будуць бесплатнымі – трэба будзе заплаціць толькі за сваё знаходжанне, а некаторыя – платнымі.

Такая ж сістэма, напрыклад, у антыкафэ “Дом Фішара” у Мінску. Там амаль кожны дзень праходзяць нейкія імпрэзы, вечарыны ды мерапрыемствы. Арганізатары добра веаюць, што не так шмат людзей будзе плаціць за тое, каб проста пасядзець на канапе ды папіць кавы. Ведаюць пра гэта і гарадзенскія дзяўчыны, таму ўжо зараз плануюць нейкія майстар-класы ды іншыя цікавыя рэчы, якія павінны будуць прыцягнуць сюды як мага больш людзей.

Пакуль мы размаўляем, у антыкафэ прывозяць сапраўдны антыкварны круглы стол. “Вось за ім і будзем гуляць у настольныя гульні”, – кажа Каця. Стол вельмі ўтульна, быццам тут і стаяў заўсёды, упісваецца ў кут ля вакна. Для адкрыцця прывезлі кветкі з шарыкаў, колеры якіх вельмі старанна падбірался пад колер мэблі.

“Потым аддамо нашым маленькім наведвальнікам”, – кажа Каця, замацоўваючы кветкі на сцяну. Першымі кліентамі ў пятніцу стануць гарадзенскія слінгамамы, якія ўжо дамовіліся аб сустрэчы тут.

А вось і сама Каця 🙂

 

     
 

Час працы антыкафэ:

Пн-чц, нд – 12.00-23.00
пт-сб – з 12.00 і да апошняга наведніка


Хвіліна ў антыкафэ: 400 рублёў
Гадзіна ў антыкафэ: 24 000 рублёў
Аплата на выхадзе

 

Адрас: Вялікая Траецкая, 48 (жоўты значак на мапе ніжэй)