ЗЯЛЁНЫЯ І РАМОНКІ – ПРЫХІЛЬНІКІ ФРЫСБІ

Так адбылося маё знаёмства з гэтым займальным відам спорту. А сёння мы пагаворым з адным з самых актыўных фрысбераў Гродна – Аляксеем, вядомым як Aksakal.

– Аляксей, распавядзі як адбывалася зараджэнне руху фрысбі ў Гродна.

– Усё пачалося ўлетку 2007 году ад гультайства. Адпачывалі на пляжы, заняцца не было чым, хацелася чымсьці «пакідацца» адзін у аднаго. Падыйшлі бы мячык ці бадмінтон, але ўспомнілася менавіта лятаючая талерка з дзяцінства. Да таго ж, на Захадзе вельмі часта практыкуецца кіданне дыска на пляжах. Схадзілі на рынак, купілі дыск. Пакідалі – спадабалася. Пачалі да нас падцягвацца людзі. Падзяліліся сваімі адчуваннямі у інтэрнэце: адразу з намі звязаліся гарадзенскія хлопцы, якія ўжо два гады гуляюць улцімат-фрысбі (ultimate-frisbee). Пазней з намі звязаліся «фрысберы» з Менска і дапамаглі зрабіць першыя крокі па развіццю ў Гродна фрысбі, менавіта як віду спорту.

– Колькі зараз маеце сталых удзельнікаў?

– На дадзены момант сфармавана дзве паўнавартасныя каманды. Першая – «Рамонкi» – створаная студэнтамі Гарадзенскага медыцынскага ўніверсітэту, паколькі яны адразу загарэліся гэтым відам спорту і не адкладалі справу ў доўгую скрыню. Пазней была створана другая каманда – «Greens». У яе ўвайшлі тыя, хто вырашыў скласці сур’ёзную канкурэнцыю «рамонкам». Каманда, як правіла, павінна складацца, як мінімум, з 7-8 чалавек. Чым больш, тым лепш – заўсёды ёсць свежыя гульцы на замену. Зараз на трэніроўкі прыходзіць 10-15 чалавек. Улетку колькасць жадаючых павялічваецца ў разы. – Дзе вы трэніруецеся, як гэта адбываецца ўзімку? – Улетку трэніравацца можна дзе заўгодна – ад лясных палян і стадыёнаў да двароў і гарадскіх сквераў. Узімку ж прыходзіцца арандаваць спартыўныя залы. Некаторыя арганізацыі (адна з іх – ГрДзУ імя Янкі Купалы) ласкава падаюць залы бясплатна, завошта ім вялізнае дзякуй! Адсутнасць трэніровак у зімовы час непазбежна прыводзіць да страты навыкаў і паніжэнні прафесіяналізму. Таму прыходзіцца ісці на выдаткі, але гэта нікога не адпужвае.

– Як знайсці нармалёвую талерку?

– Для пачатку, не талерку, а дыск! Усё ж такі гэта – спартовы снарад, а не цацка… Дыскі першапачаткова нам дапамагалі набываць хлопцы з Менску. Афіцыйна рэкамендаваныя для гульняў дыскі робіць адна амерыканская фірма. Таму іх і прыходзіцца заказваць поштай са Штатаў. Кошт аднаго дыска вагаецца ад 9 да 12 даляраў ЗША. Акрамя таго, каб амаль паўнавартасна гуляць у «улцімат», неабходна набыць 8 конусаў, з дапамогай якіх адзначаюцца асноўныя кропкі поля. У ідэале лініі поля пазначаюцца яркай стужкай.

– Што можна параіць тым, хто распачынае займацца фрысбі?

– Пачынаючым фрысбірам у першую чаргу неабходна звязацца з дасведчанымі гульцамі. Так яны змогуць пазбегнуць шматлікіх памылак. А па-другое, тут можна знайсці новых сяброў. Фрысбі вельмі збліжае людзей. Гэта не проста спорт, але і лад жыцця. Усе турніры сканчаюцца збліжэннем удзельнікаў у нефармальным становішчы: адбываюцца вечарынкі з танцамі, абмеркаваннем гульняў, добрымі стасункамі.

– Распавядзі, якія чэмпіянаты, спаборніцтвы праводзяцца ў Беларусі. Магчыма, што-небудзь адбываецца і за мяжой?

– У Беларусі фрысбі пакуль не атрымаў статус афіцыйнага віду спорта. Тым не менш, рух у гэтым накірунку ідзе безперапынна. Каб апісаць узровень папулярызацыі ульцімат-фрысбі ў розных краінах, можна зірнуць на колькасць турніраў, якія праводзіліся ў 2008-м годзе. Усяго іх было 25. З іх 7 праведзена ў Беларусі ( 4 – Брэст, 3 – Менск), 8 – у Расіі, 3 – ва Украіне, 4 – у Літве, а таксама па адным у Латвіі, Егіпце, Славакіі. Гэта толькі тыя спаборніцтвы, у якіх прымалі ўдзел гульцы з Беларусі. Апошні турнір адбыўся ў Мінску зусім нядаўна – напрыканцы студзеня. Турнір міжнародны. Як гэта часта здараецца, пераможцам у шматлікіх намінацыях стала каманда Gigolo (Жыгала) з Кіева.

– Дзякуй за цікавае інтэрв’ю, і, апошняе пытанне: што значыць «фрысбі» менавіта для цябе?

– Сур’ёзнае захапленне, магчымасць трымаць сябе ў форме і заўсёды мець добрае здароўе. Гэта – нядрэнны спосаб паказаць моладзі, што акрамя піва і цыгарэт ёсць яшчэ і іншыя, больш карысныя і цікавыя спосабы бавіць час. Гэта – выдатны шанец пакінуць нешта карыснае пасля сябе, напрыклад – кола сяброў.

Аляксандр ГАРЭЕЎ aka Xaos

Фота Aksakal