Пасол Вялікабрытаніі сустрэўся са сталымі гарадзенцамі

|

“Твой стыль” зафіксаваў самыя цікавыя факты з выступу пасла Яе Вялікасці, а таксама найбольш цікавыя пытанні і адказы на іх.

Па словах сп. Бакнэла, сёння ў Вялікабрытаніі рэалізоўваюцца два новыя прынцыпы палітыкі ў дачыненні да сталых людзей:

 

– забеспячэнне магчымасці ўдзельнічаць у жыцці грамадства, даўжэй заставацца на рынку працы, больш актыўна займацца валанцёрскай працай на карысць грамадства;

 

– большая персанальная адказнасць за сваё здароўе, за якасць свайго жыцця.

 

Як адзначыў сп. Бакнэл, урад краіны, а таксама мясцовыя органы кіравання, выдаткоўваюць вялікія грошы на развіццё розных форм сацыяльнай працы са сталымі людзьмі. Гэта і стварэнне спецыяльнага жылля для сталых людзей, і прадстаўленне ім апекуноў, і павелічэнне колькасці прыёмных сем’яў для сталых, і дапамога ў паўсядзённым жыцці (прыборка, прыгатаванне ежы і г.д.), і дапамога ў рэабілітацыі і тэрапіі.

 

Пасол Яе Вялікасці не раз звяртаў увагу на тое, што клопат пра сталых людзей павінна праяўляць не толькі дзяржава, але і арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

У Брытаніі пашырана практыка стварэння грамадскіх арганізацый, заснаваных сталымі людзьмі, універсітэтаў трэцяга ўзросту і Адкрытых універсітэтаў, у якіх навучаюцца людзі розных узростаў.

Падарунак на памяць ад УЗВ (“Універсітэту Залатога Веку”)


Слухачы “Універсітэту Залатога Веку“, якія бралі ўдзел у сустрэчы, проста засыпалі пасла самымі рознымі пытаннямі. Вось некаторыя з іх:

 

Пра незалежнасць Беларусі

Гарантамі незалежнасці Беларусі ў 1991 г. выступілі тры краіны: ЗША, Расія і Вялікабрытанія. Ці накладае гэта нейкія практычныя абавязкі на гарантаў ці гэта толькі дэкларацыя?

 

– Пытанне незалежнасці вельмі важнае для нас. Вы ведаеце, што ў нас плануецца рэферэндум пра магчымую незалежнасць Шатландыі. У залежнасці ад вынікаў выбараў можа адбыцца рэферэндум аб удзеле Вялікабрытаніі ў Еўразвязе. Мы бачым праблемы, якія ёсць зараз у Еўразвязе і бачым прычыну многіх з іх у адзінай еўрапейскай валюце.

 

Што да Беларусі, то мы разумеем яе залежнасць ад Расіі, як ад крыніцы паставак газу і нафты. Разам з тым, краіне трэба паляпшаць адносіны і з еўрапейскімі краінамі. Першым крокам тут магло б быць увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне, як гэта зрабіла Расія. Смяротнае пакаранне – гэта знак мінулага і мяне ўзрадавала навіна пра тое, што беларускі Вярхоўны суд адмяніў вынесенае нядаўна смяротнае пакаранне.

 

Трэба прызнаць, што беларускія праблемы зараз не прыярытэт для Еўропы, якая павінна вырашаць свае праблемы. Але трэба разумець і тое, што будучыня Беларусі будзе лепшай, калі лепшай будзе будучыня Еўропы.

 

Пра стэрэатыпы ў дачыненні да Беларусі

 – З якімі стэрэатыпамі пра Беларусь вы ехалі працаваць у нашую краіну? Якія спраўдзіліся, а якія – не?

– Як дыпламат, я павінен добра вывучыць краіну, дзе буду працаваць. Таму асаблівых стэрэатыпаў не было. Ну хіба што… Калісці ў час падарожжа па Крыме мяне моцна ўразіла жахлівае п’янства людзей. Нядаўна, вандруючы на ровары ў ваколіцах Пінска, таксама сустрэў некалькі такіх чалавек. Ранкам, у дзень, увечары (смех у зале). Мне падабаецца Беларусь. Тут ветлівыя і высокакваліфікаваныя людзі. Ну і таксама падобнае на нашае надвор’е (смяецца).

 

Ці паедуць брытанскія турысты ў Беларусь?

 – Магчыма, цікавым для маіх суайчыннікаў быў бы экалагічны турызм. Але…тут так мала сонца! Прабачце!

 

Пра забарону палявання на лісаў

– Я паважаю Брытанію за клопат пра сталых людзей, а таксама пра асаблівае стаўленне да жывёлаў. Нядаўна ў вашай краіне забаранілі нават традыцыйнае паляванне на лісаў. Як Вы ставіцеся да гэтага?

 

– Як сын фермера я добра ведаю, якую шкоду гаспадарцы робіць братка-ліс (смяецца). Асабіста я быў супраць гэтага рашэння. Добра разумею, што ў нашым грамадстве ідзе працэс урбанізацыі, што трэба шукаць баланс паміж інтарэсамі людзей і гуманным стаўленнем да жывёлаў. Тое абыходжанне з жывёламі, якое адбываецца ў прамысловай сельскай гаспадарцы – гэта проста жах!

 

Пра маму

– Маёй маме зараз 83 гады. Яна нарадзілася ў невялікім мястэчку каля Лондана. З ваеннага дзяцінства запомніла, што аднойчы над іх вёскай з’явіўся нямецкі самалёт і ўсе ў жаху разбягаліся ў розныя бакі. Па вайне многія фермеры мелі магчымасць выкарыстоўваць працу ваеннапалонных. Італьянцы працаваць не любілі і таму фермеры бралі немцаў, якія былі куды больш працавітымі.

 

Мой бацька памёр 30 год таму. Мама жыве зараз адна. Сем год таму ў яе выпала шыйка сцягна і яна два месяцы правяла ў шпіталі. Але нікому не скардзілася, не прасіла дапамогі. Гэта хіба характэрна для тых, хто перажыў куды больш складаныя часы… Ці карыстаецца яна кампутарам? Не, кажа, што ў яе ў жыцці ёсць іншыя прыярытэты (смяецца)!

 

З каго бяруць прыклад сталыя брытанцы?

– Вядома, з Яе Вялікасці! У свае 87 год яна працуе ледзь не 48 гадзін у тыдзень, штогод знаходзіць час, каб уласнай рукой падпісаць віншавальную паштоўку кожнаму брытанцу, якому споўнілася 100 гадоў!

 

Фота Вольгі Анціпавай і Вітаўта Рудніка