“Калі на фэйсбуку з’яўляюцца працы Наталлі – гэта столькі клічнікаў у каментах!”

| Без катэгорыі

Павіншаваць аўтарку са значнай падзеяй прыйшлі сябры, прыхільнікі, калегі па фотаклубе. Прысутнічаў першы крытык і знаток яе творчасці – муж, праваслаўны святар Уладзімір.

Наталля Дораш здымала палешукоў на радзіме свайго мужа, у вёсцы Букча Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Сюды яна прыехала ў 1976 годзе пасля вяселля і адразу пачала фатаграфаваць. Аўтарка распавяла, што не рабіла адмысловы праект, але цягам 36 год атрымалася некалькі дзясяткаў фотаздымкаў на гэтую тэматыку. У зале змясцілася больш за 60 фатаграфій.

На сценах – сапраўдная “тваракніга” палешукоў. У здымках адлюстраванае вясковае жыццё ў працы і спакоі, чароўныя пейзажы, трапныя партрэты, ля якіх хочацца спыніцца і разглядаць.

Спадарыня Людміла Войда падаравала аўтарцы выставы каталог, прымеркаваны да 40-годдзя фотаклуба

 

Па меркаванні Людмілы Войды, намесніцы дырэктара народнага фотаклуба “Гродна”, працы Наталлі Дораш прымушаюць думаць, а яна сама з’яўляецца прыкладам для моладзі.

 

Яе творчасць выдатна ведаюць не толькі фатографы, але і мастакі. Калі на фэйсбуку з’яўляюцца працы Наталлі – гэта столькі клічнікаў, столькі ўражанняў, столькі думак!”, – выказала сваё захапленне аўтаркай дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч.

Айцец Уладзімір, праўдзівы паляшук, падзяліўся меркаваннем аб гэтых людзях. Паводле бацюшкі, яго землякам уласцівая прастата і адначасова мудрасць, яны дужа працавітыя і церпялівыя. Айцец Уладзімір узгадаў вядомы выраз, што прыгажосць выратуе свет. Ён упэўнены, што свет можна ратаваць і праз тое, каб заўважаць і паказваць іншым прыгажосць створанага свету і чалавека. Ён упэўнены, што ў фотакартках яго жонкі ёсць гэтая прыгажосць.

Наступную выставу спадарыня Наталля паабяцала прысвяціць гарадзенцам. А экспазіцыя “Палешукі” па планах паедзе ў наступным годзе на выставу ў Маскву. У Гродзенскай выставачнай зале па вуліцы Ажэшкі вернісаж “Палешукі” можна наведаць да 13 лістапада.

Нагадаем, што гарадзенка Наталля Дораш з юнацтва захаплялася фатаграфіяй, працавала фотакарэспандэнтам у беларускіх і замежных медыях, удзельнічала ў шматлікіх фотавыставах, перамагала ў фотаконкурсах.

 

Здымкі Яна Лялевіча