На радзіму Каліноўскіх пад прыцэламі аператараў “у штацкім”

|

27 кастрычніка прайшла традыцыйная вандроўка ў Свіслач і Якушоўку, па мясцінах звязаных з братамі Каліноўскімі, Рамуальдам Траўгутам і іншымі паўстанцамі 1863 г. Нягледзячы на юбілейную дату – 150 год ад пачатку паўстання – мерапрыемства сабрала ўсяго каля 50 чалавек, што ў параўнанні з мінулымі гадамі зусім няшмат.

Зрэшты, пад сумнеў наогул ставілася безканфліктная хада мерапрыемства: юбілейную вандроўку запраста маглі сарваць. Недарма гэтым разам за ўдзельнікамі сачылі каля двух дзясяткаў (!) прадстаўнікоў спецслужбаў, у т.л. бусік з амапаўцамі ў цывільным.

Удзельнікі завіталі на свіслацкія могілкі, дзе пахаваны Віктар Каліноўскі, старэйшы брат Кастуся, які так і не дажыў да паўстання, але прымаў удзел у яго падрыхтоўцы. Далей актывісты прайшлі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту на знакамітай “алеі герояў”.

Наступным пунктам праграмы была вёска Якушоўка, дзе знаходзяцца падмуркі сядзібы Каліноўскіх, стаіць памятны крыж і камень. Неафіцыйным заканчэннем было “паўстанцкае вогнішча” у лесе пад гукі гітары ды з пачастункам ад мясцовых гаспадароў.

На бардаўскай частцы выступілі Уладзімір Хільмановіч і Алесь Дзянісаў. Апошні прэзентаваў некалькі новых песняў гурта Dzieciuki, а менавіта: “1937”, “Гародня”, “Пажывем ды паглядзім” і інш.

З вядомых палітыкаў у Свіслачы сёлета быў заўважаны толькі лідэр БНФ Аляксей Янукевіч, які традыцыйна наведвае мерапрыемства. Большасць гасцей прыехалі з Гродна, Ваўкавыска, Мінска, Брэста ды інш. Дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказаў рух “За Свабоду”, чый прадстаўнік, Сяргей Трафімчык, таксама прыняў удзел ва ўшанаванні.

Гледзячы па ўсім, спецслужбы лепш падрыхтаваліся да юбілейнага мерапрыемства, чым яго непасрэдныя ўдзельнікі. Тым не менш, ушанаванне адбылося, дзякуючы хутчэй ініцыятыве “знізу”, а не гучным заявам аргкамітэту па святкаванні 150-годдзя паўстання, які паўстаў сёлета з ініцыятывы некалькіх вядомых палітычных суб’ектаў.

 

Варта згадаць таксама цікавы эпізод: калі ў Свіслачы большасць непасрэдных удзельнікаў ужо селі па машынах, на “алею герояў” з бусіка выйшла некалькі спецслужбоўцаў у штацкім каб… зрабіць адзін аднаму фота каля бюсту Сталіна. Кожны, як кажуць, сам сабе выбірае герояў.

 

Здымкі Яна Лялевіча