Кіраўніцтва Саюзу палякаў апелюе да польскай дыпламатыі

|

Паседжанне Галоўнай рады гэтай арганізацыі адбылося 26 кастрычніка ў Беластоку. 

 

Кіраўніцтва СПБ звярнулася да польскага Міністэрства замежных справаў з просьбай актывізаваць дыялог з беларускім бокам наконт легалізацыі Саюзу палякаў.

 

Наступны з пастулатаў тычыцца падтрымкі пляцовак па вывучэнні польскай мовы, якія дзейнічаюць пры Саюзе палякаў (абсталяванне, фінансавая і метадычная падтрымка настаўнікаў).

 

Трэці пастулат тычыцца пытанняў падтрымкі польскай меншасці ў Беларусі. Кіраўніцтва Сюзу палякаў просіць польскіх дыпламатаў устрымацца ад “дзеянняў, якія могуць паслабіць альбо паспрыяць знішчэнню арганізацыйных структур СПБ”.

 

Удзел у паседжанні Галоўнай рады СПБ браў прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаласкі (Tadeusz Truskolaski). У сваім звароце да ўдзельнікаў сустрэчы ён заявіў:

 

– У вас забралі Дом у Беларусі, але тут, у Беластоку, вы павінны адчуваць сябе як дома. 

 

Прэзідэнт Беластоку адзначыў, што кіраўніцтва горада шмат чаго робіць для падтрымкі беларускай меншасці ў Польшчы і таго ж чакае ад беларускіх уладаў у дачыненні да польскай меншасці.

 

Даведка ТС:


Раскол Саюза палякаў у Беларусі адбыўся ў 2005 годзе, пасля VI з’езду арганізацыі, на якім старшынёй была абраная Анжаліка Борыс (цяперашняя кіраўніца Галоўнай рады непрызнаваемага беларускімі ўладамі СПБ). Гэты выбар не спадабаўся беларускім уладам, якія адмянілі рашэнні VI з’езду і склікалі паўторны з’езд, які абраў падкантрольнага ўладам старшыню Юзафа Лучніка.

 

Умяшальніцтва ўлад у справы грамадскай арганізацыі выклікала пратэсты з боку кіраўніцтва Польшчы, якая з таго часу прызнае толькі і выключна дэлегалізаванае беларускімі ўладамі кіраўніцтва арганізацыі. Ад лістападу 2012 г. Саюзам палякаў у Беларусі кіруе Мечыслаў Яскевіч, афіцыйны “Саюз палякаў у Беларусі” ачольвае Мечыслаў Лысы. Яго папярэднікам на гэтай пасадзе быў вядомы гарадзенскі бізнесовец Станіслаў Сямашка.

 

Канфлікт у Саюзе палякаў з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў, з-за якіх беларуска-польскія дачыненні на дзяржаўным узроўні да гэтага часу застаюцца напружанымі.

 

На здымку: прамаўляе прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаласкі

Паводле: znadniemna.pl