“За двума зайцамі”. Прэм’ера ўкраінскай класічнай камедыі на гарадзенскай сцэне

|

Напісаная ў XIX стагоддзі ўкраінскім пісьменнікам і тэатральным дзеячом Міхайлай Старыцкім камедыя, знаёмая, бадай, кожнаму. Калі не па чорна-белым савецкім фільме, то па адносна нядаўнім расійскім навагоднім мюзікле з зоркамі эстрады ў галоўных ролях.

Выказванні Свірыда Пятровіча, Проні Пракопаўны і Секліты даўно сталі афарызмамі, а сюжэт камедыі будзе сучасным заўсёды.

 

Людзі любяць выдаваць сябе не за тых, кім ёсць.

Сын цырульніка Свірыд Галахвосты імкнецца зрабіць уражанне адукаванага і “прасунатага” чалавека, а свае грашовыя справы спрабуе вырашыць праз выгодны шлюб з заможнай нявестай Проняй Пракопаўнай.

Жаніх ужо ўяўляе, як зажыве на жончыны грошы, але ў справу ўмешваецца цётка Проні, якая хоча выдаць за “багатага пана Галахвастага” сваю дачку Галю.

На беларускую мову пьесу пераклаў таленавіты віцебскі паэт Міхась Мірановіч, а паставіў на гарадзенскай сцэне рэжысёр Міхаіл Краснабаеў, вядомы па пастаноўках «Леаніды не вернуцца на зямлю», «Верабьіная ноч», «Нельга забыць» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» па Уладзіміру Караткевічу, «Выстрал у тумане» па Васілю Быкаву.


Міхаіл Краснабаев:

Я ваш зямляк са Шчучынскага раёна і вельмі люблю Гародню. Гэта, на мой погляд, адзін с самых прыгожых гарадоў у Беларусі, такі “да душы”, як у нашай п’есе гаворыцца.

Камедыя, якую мы ствараем на сцэне, народная і да таго ўкраінская класіка. А гэта ўжо гаворыць аб тым, што тут ёсць, што рабіць артыстам, – вобразы вельмі цікавыя. Героям камедыі “За двума зайцамі” нават помнікі стаяць на Крашчаціку.

Сучасная камедыя нівеліруе: ніякіх сацыяльных слаёў ўжо няма і ўсе нібыта аднолькавыя. У нашым спектаклі – гісторыя 19-га стагоддзя. А самае цікавае, на мой погляд, гэта самі стваральнікі вобразаў.


Актрыса Святлана Завадская, выканаўца ролі Проні:

 

Спектакль вельмі своеасаблівы. Смешныя маналогі мы прамаўляем і на беларускай мове, і на рускай, і на ўкраінскім суржыку – гэта дадае асаблівага шарму і каларыту спектаклю.

Я даўно марыла пра такую ролю, у якой можна праявіць сябе, бо актору не заўсёды выпадае такая магчымасць. Рэжысёр нашага спектакля неяк сказаў: “Не актор абірае ролю, а роля абірае актора”.

Мне хочацца верыць, што роля Проні пракопаўны “мяне выбрала”. Спадзяюся, што гледачы ацэняць і створаны мной вобраз і цудоўную ігру маіх калег.

 

Першыя гледачы не засталіся абыякавымі.

Аліна:

– Вельмі спадабалася тое, што бачныя нашыя беларускія матывы, спецыфічны гумар. Такая прастата кранае.


Наталля:

Святлана Завадская грала так, што яна не была смешнай. Яна грала так, што я крычала “Брава” менавіта ёй.


Глядачка:

Я ўжо даўно не была ў тэатры. Але не пашкадавала, што правяла вечар тут.

Спектакль цудоўны! А Галахвастаў са сваімі палётамі па сцэне просто заваражвае. І проня Пракофьеўна грае так, што за яе проста сэрцам хварэеш. Вялікі дзякуй акторам!

 

 

Спектакль “За двума зайцамі” на сцэне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра можна паглядзець 9 і 23 лістапада.