Што гарадзенцу паглядзець у Магілёве?
Сэрцам кожнага беларускага горада была ратуша. Магілёўскую ратушу, пабудаваную ў XVIII стагоддзі, у 1957 годзе ўзарвалі. Але ў 1992 пачалося яе аднаўленне, і ў 2008 адбылося адкрыццё новай магілёўскай ратушы. Цяпер у ёй месціцца Музей гісторыі горада, для якога нядаўна былі набытыя два унікальныя экспанаты: арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага і “Вялікае мастацтва артылерыі” Казіміра Семяновіча.
Ад гістарычнай забудовы цэнтральнай рынкавай плошчы не засталося практычна нічога. Амаль усе будынкі знеслі ў савецкія часы. Адной з прычын зносу было знішчэнне памяці пра апошняга расійскага цара Мікалая ІІ, стаўка якога знаходзілася тут у часе першай сусветнай вайны. На месцы гістарычнай плошчы стварылі новую, са знаёмай кожнаму гарадзенцу назвай “Савецкая”. У цэнтры яе – помнік барацьбітам за Савецкую ўладу, званы магілёўцамі “Аксана, бягушчая ад “Лаўсана” (на другім беразе Дняпра знаходзіцца завод-гігант хімічнай прамысловасці “Лаўсан”).
Тут жа – брацкая магіла загінулых у барацьбе з белапалякамі чырвонаармейцаў.
На месцы магілёўскага замчышча яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя разбілі парк. У 2007, калі ў Гродне ва ўсю ішла “бульдозерная рэканструкцыя”, у Магілёве было спакойна. Толькі на замчышчы – нацыянальным помніку археалогіі – працавалі бульдозеры. Помнік археалогіі знішчылі за некалькі гадзін, а на яго месцы з’явілася царква ў гонар “Святых царскіх мучанікаў” – Мікалая ІІ і яго сям’і.
Летась назіраў, як за парадкам у парку каля храма сачылі людзі ў дзіўнай форме з нашыўкамі “казачество”. На Магілёўшчыне казакі Севярына Налівайкі з’явіліся ў канцы XVI стагоддзя, – рабавалі ваколіцы, так што для мяне з’яўленне іх нашчадкаў у горадзе сёння выглядае, мякка кажучы, недарэчна.
Недалёка ад Савецкай плошчы знаходзіцца Магілёўскі абласны драматычны тэатр. У адрозненні ад гарадзенскага, які мне заўсёды нагадваў дом культуры дзесці ў райцэнтры, магілёўскі мае атмасферу сапраўднага тэатра, як наш лялечны, хоць і нашмат за яго маладзейшы (ён быў пабудаваны ў 1888 годзе на ахвяраванні гараджан).
Побач з тэатрам – катэдральны касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі (св. Станіслава), але яго фасад хаваецца за будынкамі, узведзенымі ў савецкі час. У часы Расійскай імперыі Магілёўская архідыяцэзія сягала ад Магілёва аж да Далёкага Усходу, і гэты касцёл быў галоўным каталіцкім храмам ва ўсёй імперыі.
У савецкія часы ў касцёле размясцілі архіў, а ў 90-я гады вярнулі каталікам. Тут пачыналіся знакамітыя фестывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа”.
Адна з цэнтральных вуліц, натуральна, называецца Ленінская. Тут захавалася гістарычная забудова XVIII-пач.XX стагоддзяў. Вуліца пешаходная, але ў разы даўжэйшая за гарадзенскую Савецкую. І ў адрозненні ад нашай Савецкай тут шмат кавярняў, дзе можна пасядзець улетку на вуліцы, а ўзімку – у памяшканні. І яшчэ тут шмат дрэваў.
Увогуле, магілёўцы любяць дрэвы. У адным з двароў у цэнтры горада ўбачыў дрэвы, што растуць проста пасярод ходнікаў.
Назвы вуліц у Магілёве, як і ў іншых беларускіх гарадах, засталіся савецкія. Але на Ленінскай і на сумежных вуліцах усталяваныя таблічкі з гістарычнымі назвамі. Праўда, назвы вуліц у Магілёве мяняліся не аднойчы: сумняюся, што ў часы Рэчы Паспалітай у Магілёве была вуліца Сувораўская.
Пасярод Ленінскай – Зорная плошча з фігурай зорніка ў цэнтры. Тут, у крэслах са знакамі задыяку, любяць фатаграфавацца магілёўцы і турысты. На брукаванцы, як на знакамітым галівудскім бульвары – зоркі магілёўскіх знакамітасцяў. Большасць прозвішчаў такім турыстам, як я, ні пра што не гавораць.
Цэнтральная вуліца Магілёва – Першамайская, колішні Дняпроўскі бульвар. Тут знаходзіцца цікавы манумент. Сёння гэта помнік вызваленню Магілёва ад немцаў у 1944 годзе, але брама будавалася яшчэ ў 1780 годзе ў гонар аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ, які ў Магілёве сустрэўся з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ.
На плошчы Леніна знаходзіцца агромністы будынак – Дом Саветаў. У 30-я гады мінулага стагоддзя, калі Мінск знаходзіўся вельмі блізка ад мяжы, існаваў праект пераносу сталіцы БССР у Магілёў, а будынак аблвыканкама будаваўся як Дом ураду. Замест гэтага ў 1939 перанеслі мяжу, Гродна ўвайшло ў склад БССР, а Магілёў так і застаўся адным з абласных цэнтраў.
У 2014 годзе культурнай сталіцай СНД будзе Гродна, а пакуль што ёй з’яўляецца Магілёў. Магілёўскія мастакі ўшанавалі гэты статус свайго горада цікавымі графіці на бетонным плоце швейнай фабрыкі.