Баскетбол, пяты тур: рэабiлiтацыя

|

Пачатак сустрэчы быў даволі роўным, каманды нібы прыглядаліся аднк да адной. Але з чацвёртай хвіліны у гасцей перастала хоць штосьці атрымлівацца, а баскетбалісты “Прынёмання”, якіх падганяў галоўны трэнер, пачалі сыходзіць у адрыў.

 

Разумеючы, што гульня развальваецца, Расціслаў Вергун двойчы па ходзе дзесяцімінуткі браў таймаўт, аднак унесці карэктывы ў развіццё падзей не ўдалося. Вынік чвэрці не радасны для гасцей – 28–4.

Атакуе Павел Шулейка

 

У другой чвэрці Віталь Маклакоў стаў даваць больш адпачынку вопытным гульцам, а ў складзе “Барысфена” пачаў праяўляць лідарскія якасці капітан каманды Фёдар Крукаў. Аднак яго шматлікія праходы альбо накрываліся нашымі гульцамi, альбо заканчваліся недакладным кідком. Першая палова скончылася з прыстойным адрывам гаспадароў – 52 на 23.

Вельмі цяжка было “Барысфену” ў гэты вечар

 

Адзін з праходаў Фёдара Крукава

 

Фактычна, усе пятнаццаць хвілін перапынку госці правялі ў распранальні і выйшлі на пляцоўку гранічна сканцэнтраванымі. Аднак гэта быў вечар гарадзенскіх баскетбалістаў! Атрымлівалася амаль усё: перахопы, схаваныя перадачы, эфектныя праходы і нядрэнныя блок-шоты. На ўсё гэта магілёўцы адказалі толькі нядрэннай “трохай” з сірэнай, якая зафіксавала “+40” для гаспадароў.

Расціслаў Вергун амаль усю гульню правёў на нагах

 

У заключнай чвэрці зноў шмат гульнявога часу атрымала моладзь “Прынёмання” і правяла яго годна, саступіўшы ў ёй суперніку ўсяго толькі пяць ачкоў.

 

Вынік сустрэчы – 93-58 і другая перамога “Прынёмання” ў чэмпіянаце.

У гульнях “Прынёмання” сапраўды ёсць на што паглядзець