Кругласуткавыя крамы як адказ на крызіс
За першыя чатыры месяцы года ў вобласці прададзена тавараў і прадуктаў на 4% менш, чым планавалася.
Уратаваць сітуацыю павінны развіццё гандлёвай сеткі, укараненне новых тэхналогіяў у абслугоўванне, а таксама актыўныя формы продажу, у тым ліку – у крэдыт.
Да канца года ў вобласці плануецца правесці больш за 60 сезонных кірмашоў і выставаў-продажаў. Штотыдзень павінны працаваць кірмашы выходнага дня.
Як паведамляе агенцтва БЕЛТА са спасылкай на начальніка ўпраўлення гандлем Гарадзенскага аблвыканкама Ўладзіміра Стому, рэжым працы крамаў у вобласці будзе падоўжаны на 2 гадзіны. Да канца года ва ўсіх раённых цэнтрах, а таксама ў Скідалі і Сапоцкіне павінны пачаць працу кругласуткавыя крамы.
Рашэнне пра пашырэнне сеткі кругласуткавых крамаў супярэчыць пазіцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Міліцыя ўжо неаднаразова выказвала ініцыятыву забараніць продаж алкаголя з 22.00 да 9.00.
З улікам таго, што палова тавараабароту ў кругласуткавых крамах ноччу прыпадае акурат на моцныя напоі, то інтарэс пакупнікоў да такіх крамаў у выпадку забароны там алкаголю рэзка зменшыцца. Затое, на думку міліцыі, зменшыцца і колькасць “алкагольных” злачынстваў.
Пакуль, аднак, пытанні бяспекі адыходзяць на другі план. Крызіс…
Ілюстрацыя: karikatura.kulichki.net