Дзеці з хоспіса апынуліся “Пад крылом Анёла”
Акцыю для дзецяй з асаблівасцямі ў развіцці і іх сем’яў у трэці раз зладзіла грамадскае дабрачыннае аб’яднанне “Гродзенскі дзіцячы хоспіс” у партнёрстве з праграмай “Універсітэт Залатога Веку”, што рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар”.
Кіраўнік “Гродзенскага дзіцячага хоспіса” Вольга Шульга (на фота справа) распавяла, што гэтым разам вырашылі зрабіць канцэрт і выставу-продаж працаў дзяцей з хоспіса без якой-небудзь адмысловай нагоды, як было раней. Акцыя была накіраваная на тое, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да патрэбаў і праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб людзі маглі паглядзець якімі талентамі адораныя гэтыя дзеці.
Наведвальнікі акцыі маглі набыць вырабы, якія дзеці разам з бацькамі і валанцёрамі хоспіса рабілі напрацягу двух месяцаў. На выставе-продажу былі прадстаўленыя мяккія лялькі, цацкі, анёлкі, дзявочыя ўпрыгожванні, букеты з саломкі, вазы з бутэлек ды іншыя сувеніры. Ахвяраванні ад іх продажу прызначаныя для патрэбаў сем’яў, у якіх выхоўваюцца пацыенты хоспіса. У мінулыя гады грошы ішлі на арганізацыю для дзяцей паездкі за мяжу. Але ў гэтым годзе арганізатары не спадзяваліся сабраць неабходную для паездкі суму. Хіба, прагнозы пацвердзіліся, бо пасля акцыі непрададзеных вырабаў засталося шмат.
Дзеці і валанцёры хоспіса, а таксама навучэнцы “Універсітэту Залатога Веку” стварылі адзін для аднаго маленькае свята. Артысты спявалі, танцавалі брэйк-данс, гралі на піяніна, чыталі вершы. Навучэнцы УЗВ, пад кіраўніцтвам Веры Кунцэвіч з хору “Бацькаўшчына”, выканалі задуменныя духоўныя песнапенні, а таксама жвавыя ды жартаблівыя народныя песні.
Цяпер хоспіс наведваюць дзеці з 28 сямей. У наступным годзе да іх далучацца яшчэ 32 сям’і. Каля сарака валанцёраў дапамагаюць дзецям і іх сем’ям.
Валанцёры казалі, што наведваць дзяцей ім падабаецца. Дабрачыннасцю яны займаюцца, бо маюць вольны час і хочуць дапамагаць патрабуючым. Сярод валанцёраў шмат студэнтаў гуманітарных спецяльнасцяў, якія такім чынам здабываюць прафесійны досвед.