Астравецкая АЭС: рызыкі пераважваюць перспектывы
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе гэтай грамадскай арганізацыі, мэтай мерапрыемства было звяртанне ўвагі міжнароднай супольнасці на выкананне ў Беларусі палажэнняў Орхускай канвенцыі пры разглядзе пытання пра будаўніцтва АЭС у краіне.
Да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаныя эксперты ў галіне атамнай энэргетыкі і экалогіі, а таксама журналісты.
У час сустрэчы адзначалася, што танная атамная электрычнасць – гэта міф. І нават у Францыі, якую заўсёды прыводзяць у якасці прыкладу беларускія ўлады, атамная энергетыка – сфера датацыйная. А ў беларускім бюджэце такіх грошай няма і ў бліжэйшы час не будзе.
Таму большасць экспертаў, якія бралі ўдзел у сустрэчы, не бачаць магчымасці рэалізацыі праекту будаўніцтва АЭС у Беларусі ў бліжэйшы час. Перш за ўсё з эканамічных прычын.
На думку удзельнікаў «круглага стала», на сёння праблема палягае хутчэй не ў небяспецы той ці іншай тэхналогіі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, не ў недахопе адмыслоўцаў у гэтай галіне, і нават не ў недахопе сродкаў, а, як зазначыў журналіст і актывіст экалагічнага руху Валер Дранчук, у «парушэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанай нашай краінай міжнароднай Орхускай Канвенцыі».
– Журналісты павінны апеляваць да так званага “нулявога варыянту”, — адзначыў Валер Дранчук. – Абмяркоўваць сёння тэхналогіі – антыканстытуцыйная справа, бо існуе Орхуская канвенцыя, якая гарантуе грамадскасці ўдзел у абмеркаванні неабходнасці будаўніцтва АЭС. Гэтага сёння не робіцца, і мы павінны апеляваць да міжнароднай супольнасці».
Між тым, як паведаміла агенцтва БЕЛТА, у ліпені – пачатку чэрвеня Беларусь накіруе суседнім краінам справаздачу з ацэнкай уздзеяння Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе.
Затым беларускі ўрад плануе правесці кансультацыі і грамадскія слуханні з удзелам міжнародных экспертаў, каб “адразу на ранняй стадыі зняць магчымыя вострыя моманты, якія могуць узнікнуць у час выканання праекта” – цытуе БЕЛТА першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Апацкага.
Як ўжо неаднаразова пісаў “Твой стыль”, усе папярэднія спробы арганізаваць такія грамадскія слуханні ў Астраўцы, ініцыяваныя прадстаўнікамі мясцовай грамадскасці, былі няўдалымі – ініцыятары слуханняў кожны раз атрымлівалі адмову з боку мясцовых уладаў у прадстаўленні памяшканняў для слуханняў.
На здымку: ідзе паседжанне Круглага стала
фота: baj.by