Пачалася рэстаўрацыя Лідскага замку

|

Аднаўленне Лідскага замку распачыналася ўжо не раз, але ніколі не было даведзена да канца.

У 1986 г. з-за парушэння тэхналогіі працы абвалілася адна з замкавых сценаў.

Распрацоўкай новага праекту рэканструкцыі займаліся спецыялісты “Мінскпраекту”. Арыентырам для іх былі замалёўкі Напалеёна Орды, вынікі раскопак, старыя гравюры.

Будаўнічыя працы будуць весці мясцовыя спецыялісты.

Замку плануюць надаць першапачатковы выгляд. Адноўлены комплекс мае стаць музейным і культурным цэнтрам, у якім будуць праводзіцца канцэрты, рыцарскія і спартыўныя турніры.

У двары замку будуць збудаваныя дом старасты, казармы, кузня.

Наведвальнікі змогуць убачыць, як выглядала старадаўняя зброя: камнекідальныя машыны, арбалеты і г.д.

Будзе адноўлена існуючая вежа і збудавана новая, вышынёй 36 м.

Аднаўленне Лідскага замку адбываецца ў межах Нацыянальнай праграмы па развіцці турызма.

Сёлета на будаўнічыя працы будзе выдаткавана 350 мільёнаў руб.

Будоўля Лідскага замку – аднаго з самых вялікіх на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбывалася ў трыццатыя гады 14 ст. (пачаліся работы ў 1323 г.).

У тыя часы Вялікім князем Літоўскім быў князь Гедымін, які ўвайшоў у гісторыю, як таленавіты ваяр з крыжакамі. Скарыстаўшы часовае перамір’е з Ордэнам, вясной 1323 г. Гедымін разаслаў лісты ў ганзейскія (паўночна-нямецкія) гарады, якія не вельмі шанавалі крыжакоў, з запрашэннем на працу розных рамеснікаў, у тым ліку і муляроў.

Ёсць меркаванні, што ганзейскія майстры прынялі непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні Лідскага замка. Мясцовыя будаўнікі сумесна з запрошанымі замежнымі, узяўшы за аснову рыцарскі кастэль, перапрацавалі і прыстасавалі яго да мясцовых прыродных і абарончых умоў.

Павялічана плошча замкавага двара, на якім у небяспечныя гадзіны маглі размясціцца не толькі войска і гарадскія жыхары, але і сяляне з навакольных вёсак.

Вучоны Міхась Ткачоў падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску.

Фота: Сяргей Кандратовіч, radzima.org