Гарадзенцы намагаюцца атрымаць справаздачу ад дэпутатаў і трапіць на сесію гарсавету
Прадстаўнікі БНФ, АГП, кампаніі “Гавары праўду” і афіцыйна незарэгістраванага “Правага Альянсу” сыходзілі з таго, што Савет дэпутатаў з’яўляецца органам мясцовага самакіравання на тэрыторыі Гродна, таму “падсправаздачны грамадзянам, якія пражываюць на тэрыторыі горада і адказны перад імі”.
Гэтая падсправаздачнасць дэпутатаў і зацікавіла актывістаў. Дзейнічаць яны пачалі яшчэ ў пачатку кастрычніка.
Кіраўнік Гарадзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў распавядае “Твайму стылю”:
– Дэпутат мае абавязак не радзей за два разы ў год даваць справаздачу выбаршчыкам, а як на самой справе? У Гродне – 30 акругаў. Мы сабралі звароты ад выбаршчыкаў з кожнай з іх з патрабаваннямі скласці справаздачы, накіравалі да кожнага дэпутата. Акрамя таго, склалі калектыўны зварот да старшыні гарсавета, з просьбай пракантраляваць, як яго падначаленыя выконваюць свае абавязацельствы.
26 з 30 дэпутатаў звароты праігнаравалі, лісты ў адказ даслалі толькі чацьвёра: прапанавалі прыйсці па справаздачу на прыём.
Старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў Анатоль Нікіцін у сваю чаргу паведаміў, што кожны з дэпутатаў па сем разоў справаздачыўся перад Саветам.
Гэта прымусіла грамадскіх актывістаў дзейнічаць далей.
Вадзім Саранчукоў:
– Звярнуліся з патрабаваннем прадставіць выняткі з пратаколаў сесій Савета дэпутатаў, каб мы маглі азнаёміцца з тым, як дэпутаты працуюць, і ўсё ж такі прачытаць іх справаздачы. Яшчэ адна задача – папрысутнічаць на чарговай сесіі гарсавета.
На снежаньскай сесіі будуць абмяркоўваць бюджэт на наступны год. Гэта важнае для горада пытанне і асабіста я хачу паглядзець, як працуе мой дэпутат.
Калі атрымалі адмову – запісаліся на прыём да старшыні гарсавета А.Нікіціна і 13 лістапада трапілі да яго.
Па словах Вадзіма Саранчукова, пытанняў на гэтай сустрэчы закраналася шмат. Акрамя вышэй пералічаных – пытанне функцыянавання сайта гарсавета, інфармацыя на якім неактуальная і рэдка абнаўляецца, і пытанне дэпутацкага прыёму грамадзян.
Вадзім Саранчукоў:
– 16 з 10 дэпутатаў праводзяць прыёмы на сваім працоўным месцы і ў свой працоўны час. А гэта значыць, што выбаршчыкі вымушаныя ехаць у іншы канец горада і ў нязручныя гадзіны, таму большасць трапіць на прыём не можа. На гэты конт тыдзень таму напісалі заяву ў пракуратуру, каб праверылі, ці не парушае гэта заканадаўства.
Старшыня Савета гэта паабяцаў пракантраляваць, паабяцаў узяць пад кантроль працу сайта, а таксама мы атрымалі абяцанне, што трапім на сесію гарсавета.
Дарэчы, такое права мае любы гарадзенец, неабходна толькі напісаць адпаведную заяву на імя Анатоля Нікіціна.
Актывісты маюць толькі адну перасцярогу: сесію могуць абвясціць закрытай, хаця паводле закона зрабіць гэта можна ў абмежаванай колькасці выпадкаў, да якіх абмеркаванне бюджэту не мае дачынення.
Малюнак nash-dom.info, фота grodnonews.by