Дзе працуюць гарадзенскія студэнты?

Святлана, 20 год. Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы. Працуе круп’е ў казіно “AMG”:

align=”left” alt=”Света” >“Працу знайшла хутка: па аб’яве на адным з сайтаў па працаўладкаванні. Дагэтуль  вопыту працы не было. Працадаўца ставіўся з павагай, разумеў, што акрамя працы я яшчэ вучуся. Таму ўвайшоў у становішча.

Мой графік складаецца з трох працоўных начэй і трох вольных дзён (тры праз тры). Мяне гэта задавальняе. Праца, як і ў любога круп’е, – у асноўным, раскладваць карты.

Плацяць добра, але хацелася б больш. Для студэнта свае грошы – гэта радасць. Галоўнае, што яны заробленыя сваёй працай, а не ўзятыя ад  бацькоў. Працоўнае месца мне падабаецца, але заставацца там далей не жадаю. Бо ўсё ж для мяне галоўнае – гэта вучоба ва ўніверсітэце, і працаваць хачу па спецыяльнасці – настаўніцай.

З вучобай натугі пакуль не было, раблю ўсё, каб паспяваць (калі ў вольны дзень, калі на перапынках, калі ў бібліятэцы). Студэнт заўсёды знойдзе час, абы жаданне было. І вольнага часу ў мяне хапае”.

 

Юлія, 19 год. Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы. Кухонная працоўная ў бары “Томмі”:

“Нават не задавалася мэтай шукаць працу, заўсёды лічыла, што яшчэ паспею напрацавацца ў сваім жыцці. Але праца сама мяне знайшла.  Я прыйшла на змену сваёй сяброўцы, пасля звальнення якой месца стала вакантным.

З  калектывам  мне пашчасціла, бо ён малады, лёгка знайсці агульную мову з усімі. Вельмі прыемная сяброўская атмасфера.

Графік маёй працы складаецца з трох працоўных начэй з 19:00 па 07:00 і трох выходных. Вельмі складана адначасова і працаваць, і вучыцца. Не хапае часу нармалёва выспацца, таму, калі з’яўляецца вольны час, я сплю (магу і  на парах).

Заробак мой – гэта нядрэнны дадатак да стыпендыі. Праца мне падабаецца, але усё ж такі пасля вучобы жадаю працаваць па спецыяльнасці”.

 

 

Яўген, 20 год. Студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы. Працуе на ТРК “Гродна” рэжысёрам:

 

“Мэтанакіравана працу не шукаў. Да гэтага працаваў лабарантам у вучэбнай студыі ва ўніверсітэце. У тэлерадыёкампанію узялі пасля практыкі.

Да мяне з першага дня ставіліся проста ідэальна. Але і ад цябе шмат чаго  залежыць: трэба зразумець, што ты тамака не проста так. Я рэжысёр новай праграмы “Грані”. У мае абавязкі ўваходзіць запіс вядоўцаў у студыі і непасрэдна мантаж самой праграмы. Плацяць добра, досыць для гэтай працы. Першы свой заробак патраціў на букет руж для сваёй каханай.

Праца падабаецца, але не жадаў бы там працаваць усё жыццё, хоць гэта і найлепшы варыянт на дадзены момант, каб адпрацаваць два гады як бюджэтніку. З вучобай не паспяваю, вольнага часу мала. На дадзены момант трэба растаўляць прыярытэты”.

 

Фота ўніверсітэта skromni-sokol.livejournal.com

Апрацоўка фота герояў: Konstance