Прэзідэнцкія выбары па-грузінску: ёсць чаму вучыцца
Каманда назіральнікаў з Беларусі, якая складалася з удзельнікаў праекта EOTP, знаходзілася ў Грузіі на працягу некалькіх дзён.
Гэтага часу хапіла, каб назваць іх шмат у чым адметнымі і адрознымі ад таго, да чаго звыклі ў час такіх выбарчых кампаній беларусы.
Нягледзячы на дробныя парушэнні, накшталт сямейнага галасавання і чэргаў каля рэгістрацыйных сталоў, выбары ў Грузіі паслужылі добрым прыкладам правядзення сапраўды дэмакратычнай выбарчай кампаніі.
Выбарчыя ўчасткі адчыніліся ў 8 раніцы. Назіральнікам было дазволена сачыць за любым этапам галасавання выбаршчыка на ўчастку.
Першае, што кінулася ў вочы – дабразычлівасць сябраў камісіі. Людзі ў ярка-зялёным аддзенні прапанавалі каву, гарбату, крэслы для стомленых назіральнікаў, заўсёды дзяліліся патрэбнай інфармацыяй.
Намеснік міністра фінансаў Грузіі прыйшоў на выбарчы ўчастак са сваімі сынам, дачкой і жонкай.
Для беларусаў будзе цікава паглядзець на выгляд кабінак для галасавання. Звярніце ўвагу на тое, што скрыні для капэртаў з бюлетэнямі празрыстыя.
Выбаршчыкі, як правіла, добра ведалі, што і ў якім парадку рабіць.
Участкі для выбаршчыкаў зачыніліся ў 20 гадзін. Пасля гэтага пачаўся падлік галасоў, у час якога сябры камісіі яшчэ раз паказалі свой прафесіяналізм. Нягледзячы на тое, што амаль кожны з іх ведаў працэдуру падліку галасоў дасканала, кожны крок папярэдне звяралі з грузінскім заканадаўствам.
Для беларусаў будзе цяжка ўявіць сітуацыю, калі да стала, дзе падлічваюцца галасы, можна падыйсці вельмі блізка; калі кожны бюлетэнь агучваецца ўслых і дэманструецца калегам; калі сябры камісіі не акружаюць стол з бюлетэнямі так, што з-за іх спінаў анічога не відаць.
На ўсіх выбарчых участках панавала вельмі сяброўская атмасфера. Але ўважлівасць і прафесіяналізм сябраў камісій ад гэтага не пацярпелі.
Былі і некаторыя дзіўныя для назіральнікаў з Беларусі сітуацыі. Напрыклад, тыя, хто трапіў у грузінскія вёсачкі на мяжы з Азербайджанам, не адзін раз сустракалі людзей, якія не ўмелі пісаць і чытаць.
У мясцінах, дзе жывуць армяне, бюлетэні надрукаваныя па-армянску, уся інфармацыя на выбарчым участку таксама дублявалася на гэтай мове.
Грузіны вельмі шмат паляць. Таму, апынуўшыся на выбарчым участку, некаторыя з іх не гасілі цыгарэту перад уваходам, а палілі наўпрост на выбарчым участку. Падчас падліку галасоў выходзіць за зачыненыя дзверы ніхто не мае права. Калі здарылася, што нехта з камісіі мае патрэбу выйсці, вярнуцца ў пакой, пакуль не скончыцца падлік галасоў, немагчыма. Таму сябры камісіі на некаторых участках таксама палілі.
Пасля сканчэння падліку галасоў многія грузіны, едучы па горадзе, гучна сігналілі і віншавалі адзін аднога з пабедай Георгія Маргвелашвілі, які змяніў на гэтай пасадзе Міхаіла Саакашвілі.
Старая ўлада годна і дэмакратычна саступала шлях новай.
Глядзіце інфаграфіку пра назіранне беларусамі за прэзідэнцкімі выбарамі ў Грузіі з сайта праекта EOTP.
Фота аўтара