У Гродне адбудзецца прэзентацыя першай у Беларусі кнігі пра творчасць Наталлі Арсенневай

|

У праграме – прэзентацыя кнігі Алы Петрушкевіч “Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі”.

 

Гэта першая ў айчынным літаратуразнаўстве манаграфія-кніга, у якой даследуецца творчасць таленавітай беларускай паэткі, знакамітай аўтаркі словаў гімна “Магутны Божа”.

 

Два раздзелы кнігі дастаткова поўна асвятляюць розныя аспекты паэтычнай спадчыны: творчасць Наталлі Арсенневай у кантэксце часу і ў кантэксце айчыннай літаратуры, дзе поруч з ёю бачацца постаці Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш ды іншых.

 

Удзел у прэзентацыі возьмуць прафесар А.М. Пяткевіч, паэты Анатоль Брусевіч, Ганна Аўчыннікава. Вершы будуць чытаць колішнія студэнткі беларускага аддзялення гарадзенскага філфаку розных выпускаў.

 

Вечарына ў “Крызе” адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу, 22 лістапада.

Пачатак а 18-ай гадзіне.

Уваход вольны.

 

Кнігу “Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі” можна набыць у Гродзенскай краме краязнаўчай і беларускай літаратуры, вул. К. Маркса, 11 (у дворыку, уваход праз браму).

 

Ала Петрушкевіч – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Даследуе беларускую літаратуру нашаніўскай пары і творчасць пісьменнікаў беларускага замежжа. Мае больш за 200 апублікаваных навуковых працаў.