“Грамадскае абмеркаванне” апынулася інфармацыйным сходам
Па словах намесніка гендырэктара гарадзенскай ЖКГ Сяргея Сямашкі, грамадскае абмеркаванне праекта па ўпарадкаванні Румлёўскага парка яшчэ не магло пачацца, бо не ўсе чальцы камісіі прысутнічалі на сходзе. Як пазней патлумачыла сітуацыю каардынатарка Орхускага цэнтра ў Гродне Іаланта Рамановіч, згодна з заканадаўствам дата правядзення грамадскага абмеркавання павінна быць абвешчана не пазней за 10 дзён да самога мерапрыемства. Пры гэтым павінна з’явіцца адпаведная інфармацыя на сайце гарвыканкама і ў СМІ.
Само абмеркаванне праекта будзе адбывацца на працягу 15 дзён. Свае заўвагі і прапановы ў гэты перыяд, а таксама на працягу 10 дзён пасля, можна будзе перадаць у пісьмовай форме на разгляд адмыслова створанай камісіі. У выніку разгляду заўваг і прапаноў грамадзян камісія павінна будзе прадставіць пратакол паседжання.
Усяго на грамадскія слуханні ў гімназію імя Я. Карскага прыйшло каля 50 чалавек. Сярод іх – значная частка жыхароў прылеглага да парка мікрараёна, а таксама настаўнікі гімназіі, гімназісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і святар царквы Сабору ўсіх Беларускіх Святых. Сярод афіцыйных асоб прысутнічаў начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў, архітэктар праекта Аляксандр Штэн, намеснік дырэктара “Гродназелянбуду” Мікалай Ярмоліч.
Кожны меў магчымасць пазнаёміцца з праектнымі планамі ўпарадкавання парка і задаць па іх пытанні. Як зазначыў у сваім выступе Вадзім Палякоў, Румлёўскі парк – помнік прыроды, таму інспекцыя прыродных рэсурсаў са свайго боку будзе асабліва пільна працягваць маніторынг за станам парка і старацца не дапускаць шкоды. Чысціню і парадак у парку паабяцаў Мікалай Ярмоліч, зазначыўшы, што асноўнымі задачамі “Гродназелянбуда” будуць прыбіранне пляцовак, паркавых дарог, вываз смецця, а таксама вырубка дрэваў і кустоў, якія не з’яўляюцца паркавымі насаджэннямі.
Асноўная колькасць пытанняў пасыпалася пасля выступу архітэктара праекта Аляксандра Штэна, які расказаў пра асноўныя моманты праекта. Па праекце прадугледжана рэканструяваць паркавыя дарогі, зрабіць адзін пад’езд з аўтастаянкай, стварыць пляцоўкі для дзяцей, зрабіць зручны спуск да Нёмана і нават стварыць цэлую дубовую алею з усімі відамі дубоў, якія толькі магчыма сустрэць у Беларусі. Таксама вырашана было не праектаваць на тэрыторыі парка кіёскаў ці кафэ, а стварыць месца для размяшчэння часовага “выноснага гандлю” ў летні час.
Большасць прысутных цікавілі пытанні неабходнасці размяшчэння на тэрыторыі парку нават звычайных вынасных халадзільнікаў з марожаным улетку, а таксама “універсальнай фальклорнай пляцоўкі для гарадскіх святаў”. Ці не прыцягне ўсё гэта ў парк моцны наплыў людзей і ці не адаб’ецца гэта на стане самога парка?
Як патлумачыў Аляксандр Штэн, на пачатку стварэння праекта нават была прапанова зрабіць парк з абмежаваным наведваннем людзей, аднак, паколькі парк у шчыльным суседстве з мікрараёнам, вырашылі шукаць кампрамісны варыянт. І наяўнасць пляцоўкі для гарадскіх свят – умова, якую праекціроўшчыкам паставіў асабіста былі гарадскі начальнік Барыс Казялкоў. Цяпер, калі ён не працуе ў гарвыканкаме, усё залежыць ад грамадства – у час будучага абмеркавання праекта гараджане могуць выказацца супраць такой пляцоўкі і тады яе з праекта прыбяруць.
На пытанне, ці трэба рабіць спецыяльны спуск да Нёмана, аўтары праекта патлумачылі, што многія людзі, асабліва рыбакі і дзеці, увесь час імкнуцца спусціцца да ракі праз парк, таму лепш зрабіць спецыяльны спуск, чым чакаць, пакуль людзі самі пратопчуць шляхі і прычыняць шкоду парку ці сабе.
Пытанняў у людзей засталося яшчэ шмат. Спытацца пра астатняе з’явіцца магчымасць у час будучага грамадскага абмеркавання. Хацелася б, каб распрацаваны праект сапраўды стаў кампрамісным для прыроды і для людзей. Як заўважыў Сяргей Сямашка: “Мы адказваем за тое, што над дасталося і за тое, што перадамо нашым дзецям”.
Здымкі Вольгі Мілавай