Каб не стаць першай старажытнай прафесіяй

| Без катэгорыі

Пра гэта разважалі ўдзельнікі семінара па самарэгуляванні ў СМІ, які праходзіў 16 лістапада ў Гродне. Дыскусію з гарадзенскімі журналістамі (у асноўным – з пачаткоўцамі) вёў вядомы беларускі журналіст, старшыня камісіі па этыцы грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Анатоль Гуляеў, які адказаў на некалькі пытанняў нашага карэспандэнта.

 

Спадар Анатоль, распавядзіце, калі ласка, чаму Вы лічыце тэму самарэгулявання СМІ актуальнай?

 

Па той простай прычыне, што мы надта адсталі ад усяго свету ў гэтым сэнсе. Працэс самарэгулявання адбываецца ва ўсім свеце ўжо шмат год, амаль што стагоддзе. Першыя этычныя кодэксы, на аснове якіх адбываецца працэс самарэгулявання сродкаў масавай інфармацыі, былі прынятыя ў 20-я гг. мінулага стагоддзя. Але на тых тэррыторыях, якія былі ў складзе Расійскай імперыяй, а потым Савецкага Саюзу ўсё гэта не развівалася.

 

СМІ на нашай тэрыторыі заўсёды працавалі па камандзе, але потым, калі рухнула савецкая сістэма, рухнуў партыйны апарат – і нібы каманды няма, а як тады працаваць? Што рабіць? А якія ёсць правілы? Раней правіла было адно: падпарадкоўвацца людзям ад улады, а зараз якія правілы? 

 

І тады пайшла размова пра этычныя кодэксы, самарэгуляванне. Калі нас ніхто не рэгулюе, дык мы павінны рэгуляваць сябе самі і пры гэтым дабівацца таго, каб СМІ выглядалі прыстойна, то бок каб гэта не было як “першая старажытная прафесія” – прастытуцыя.

 

Першы этычны кодэкс у Беларусі – Кодэкс Беларускага саза журналістаў, быў прыняты ў нашай краіне толькі ў 1995 г. Потым у 2006 годзе з’явіўся Кодэкс “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

 

Як Вы ацэньваеце сітуацыю з самарэгуляваннем СМІ зараз?

 

Мне здаецца, што сітуацыя ў гэтым кантэксце (я не кажу пра адносіны да ўлады, дзяржаўныя/недзяржаўныя СМІ, але ў кантэксце прафесійнай этыкі) стала лепей таму, што ў апошнія 5–6 год у журналісцкай супольнасці ўвогуле ўзнікла разуменне важнасці пытання пра прафесійную этыку.

 

Яно ўзнікла ў тым ліку таму, што “Беларускай асацыяцыяй журналістаў” было здзейснена некалькі праектаў (у тым ліку з Інстытутам павышэння кваліфікацыі журналістаў FOJO (Швецыя) па гэтай тэматыцы.

 

У свядомасць прафесійнай журналісцкай супольнасці было прыўнесена гэтае паняцце – прафесйнай этыкі – і была, не пабаюся гэтага слова, даказана важнасць гэтай тэмы.

 

Над намі няма цэнзуры. Мы хочам быць прыстойнымі СМІ. Мы павінны вызначыць пэўныя крытэрыі, на якія павінны арыентавацца. Гэтыя крытэрыі вызначаныя, у прыватнасці, у БАЖы ў Кодэксе прафесійнай этыкі, а таксама ў другім дакуменце – Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі жураліста. Хочаш-не хочаш – ім трэба падпарадкоўвацца.

 

У апошнія гады стала больш зваротаў у камісію. Калі раней там была адна заява ў тры гады, то ў апошні час мы разглядаем па восем–дзесяць заяваў, у гэтым годзе іх будзе яшчэ болей, у наступныя – яшчэ.

 

Чаму так адбываецца?

 

Таму што журналісцкая супольнасць пачала больш паважаць сама сябе. Раней было важна для асобнага журналіста ці для супольнасці ўвогуле выжыць. Сёння журналісцкая супольнасць, паўтараю, больш сама сябе паважае і хоча не проста выжыць, а жадае выжыць яшчэ і прыстойна, каб гэта было ў рамках сусветна прынятых этычных нормаў журналістыкі.

 

Вы сказалі на семінары, што маеце ўласны прафесійны этычны кодэкс. З чаго ён складаецца?

 

Там 11 пунктаў. Яны зводзяцца да таго, пра што пішуць усе этычныя кодэксы: быць праўдзівым, перадаваць толькі аб’ектыўную інфармацыю і г.д. Неяк аднойчы да мяне прыйшло ўсведамленне таго, што з накапленнем нейкага досведу ў мяне павінны быць не толькі агульныя арыентыры, а і ўласныя. Бо этыка – гэта найперш нешта такое, што ідзе ад сэрца чалавека.

 

Даведка ТС:


align=”left” alt=”Анатоль Гуляеў” >Анатоль Гуляеў, старшыня камісіі па этыцы БАЖ. Дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. У мінулым віцэ-прэзідэнт БАЖ.

 

Працаваў галоўным рэдактарам газеты “Местное время” (у Гродне выйшла тры нумары). Супрацоўнічаў таксама з гарадзенскай “Пагоняй”. Журналіст газеты “Народная воля”.

 

У лютым 2007 года ў Мінску прайшла прэзентацыя кнігі Анатоля Гуляева і яго дачкі Марыны Гуляевай “Уся Беларусь”. У выданні прадстаўлены нарысы аб 23 рэгіянальных дэмакратычных лідарах – прадстаўніках розных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

 

Вядзе аўтарскі блог на сайце “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

 

Глядзіце таксама “Адзінаццаць неабавязковых рэкамендацый калегам у частцы прафесійнай этыкі” Анатоля Гуляева.