Стваральнікі першай беларускай “настолкі”: Гародня – лепшы горад у краіне!

|

Беларускія “Паўстанцы”: яе зрабілі тыя, пра каго ніхто не чуў


Антось і Наста – аматары настольных гульняў. Аднойчы яны задаліся пытаннем, ці ёсць беларускія настолкі. Гугл нічога не падказаў, і было вырашана зрабіць сваю!

 

“Ёсць, напрыклад, знакамітая мафія. А што ў нас? У нас толькі бунты і паўстанні: то адно, то другое, то трэцяе. Пачалі думаць, як гэта магло быць – думкі вылілася ў гульню”, − распавядае Антось.

Зрабілі чарнавы дызайн, цягам лета тэсцілі на сябрах: знайшлі мінусы, дадумалі правілы. Навіна пра прэзентацыю “Паўстанцаў” стала адной з галоўных у інфармацыйнай прасторы.

 

“Гульня “зайшла” па двух прычынах: яна новая (бо ўсе робяць цішоткі, выдаюць кнігі), і яе зрабілі тыя, пра каго ніхто нічога не ведае і не чуў”, – тлумачыць Антось.

 

Па словах Антося і Насты, яны рыхтаваліся да горшага: баяліся, што гульню назавуць плагіятам, што трэба будзе доўга піярыць. Такой вялікай цікаўнасці не чакалі.


Крама “Кубік” – прыходзь, спрабуй, гуляй

 

Раз на месяц у “Паўстанцаў” можна пагуляць у краме настольных гульняў “Кубік”, якую напрыканцы кастрычніка адкрыла маладая пара. Займацца ўласнай справай яны вырашылі пасля прэзентацый сваёй гульні і ўдзелу ў фэсце настольных гульняў.

“Але гэта было вясной – на носе вяселле. Я ўсё думаў “трэба штосьці адкрыць”. А Настаська казала “заб’ю, да вяселля рыхтуйся!” − узгадвае Антось.

 

Прыйшло лета, і пачаўся актыўны этап: думалі, сустракаліся, абмяркоўвалі. Усё па ходу мянялася па некалькі разоў.

Зараз у краме можна не толькі набыць гульні, а таксама прыйсці пагуляць і нават арандаваць. Ёсць шмат адкрытых экзэмпляраў, якія можна памацаць. Для кампаній, якія хочуць пагуляць, у краме ёсць спецыяльнае месца, а таксама гарбата і цукеркі ў вольным доступе.


Тут цішыня, а Мінск – гэта нейкая мітусня, хаос

 

“Скажу так: я з Менску з’ехаў пасля універсітэта”, – адкрывае сакрэт Антось. Наш герой паходзіць з невялікай вёскі ў Гарадзенскай вобласці. Адвучыўшыся ва Універсітэце культуры, ён паехаў працаваць выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Гарадзенскі каледж мастацтваў.

 

“Каб запрасілі ў які Магілёў, Гомель, Віцебск, я б можа падумаў – далей ад хаты – я гэтыя гарады ня ведаю. А Гародню ўжо ведаю, ужо любіў. Я прыехаў сюды, і горад мяне зацягнуў, не адпусціў. Адзін год, другі, трэці – а з’язджаць і не хочацца. Тут цішыня, а Мінск – гэта нейкая мітусня, хаос, – дзеліцца Антось. – І жонка ўжо тут, не пускае”.

 

“Наогул, дзіўнае пытанне, калі сам Быкаў тут жыў і пісаў над Нёманам вершы!” – з жартам дадаем Антось.

Па яго словах, вялікі мінус, што ў Гародні “няма тусоўкі, жыццё не кіпіць”. Але апошнім часам сітуацыя выпраўляецца: разам з крамай, напрыклад, адкрылася і першая антыкавярня “Живое время”.

 

Да таго ж Гародня – гэта “еўрапейскі горад, гістарычны, прыгожы, акуратны”. А Мінск мае больш савецкі характар.


Чаго не хапае Гародні?

 

“Не хапае ў рэстарацыі якога-небудзь кавер-бэнду замест “Белые розы, белые розы”, – шчыра адказвае Антось. – Калі датычна моладзі – ўсё пуста. У моладзі няма імкнення, што трэба кудысьці выйсці. Людзі не прыходзяць: о, антыкафэ, давай адпачнём! А здзіўляюцца: як гэта можа быць? Што гэта? А з чым яго ядуць?”.

 

Антось заўважае праблемы і са студэнтамі, у якіх выкладае: гэта людзі творчыя, будучыя рэжысёры, “культмасавікі”. Падаецца, яны павінны быць нейкія нестандартныя, ініцыятыўныя, у якіх павінна быць “шыла ў адным месцы”.

 

“Людзі прыходзяць, адсядзяць на парах, штосьці зробяць і ідуць дахаты. Яны не займаюцца сваімі праектамі па-за вучобай, яны не праводзяць цікава час. Яны проста прыходзяць і сядзяць дома, за кампутарам”, – кажа Антось. – Вось гэтая ініцыятыўнасць і цікаўнасць да самарэалізацыі ў людзях чамусьці прападае. Можа гэта камп’ютар, інтэрнэт віной. Можа гэта немагчымасць самарэалізацыі, не бачаць сябе, няма перспектывы. А так студэнты – малайцы!”


Што б змянілі ў сваім горадзе на мільён даляраў?

 

“Я бы мільён даляраў прысвяціла захоўванню архітэктурнай і гістарычнай спадчыны. Перастала валіць усе хаты, а аднавіла тое, што можна аднавіць. Займацца нармалёвай рэканструкцыяй”, – упэўнена адказвае жонка Антося Наста. – Зрабіць нармалёвую Савецкую вуліцу, якой яна была. Ёсць планы ратушы, палаца – зрабіць як было. Напрыклад, Варшава, Гданьск, якія былі амаль цалкам разбураны, а зараз цудоўныя еўрапейскія гарады. Чым Гародня горшая?”.


Як дасягнуць поспеху?

 

Першапачаткова – трэба разумець, што табе цікава, чым ты хочаш займацца.

 

“Ёсць два выказванні, якімі я кіруюся: “Хто – калі не я, навошта – калі не зараз”. А другое – “Няма нічога немагчымага – ёсць нежаданне рабіць”. Напэўна, на гэтым усё і трымаецца. Калі ёсць ініцыятыва – усё можна зрабіць!” – упэўнены Антось.

 

****

 

Матэрыял падрыхтаваны ў межах спецпраекту ampby.org “Сталіца, пасунься!”.