Начальніку гарадзенскай ДАІ пагражае турма

|

Як паведаміў сёння “Ежедневник”, Смольскі патрапіў у поле зроку Генпракуратуры ў сувязі з расследаваннем маштабнай справы пра злоўжыванні на мяжы.

Па гэтай справе ўжо арыштаваныя каля дзесятка высокіх службовых асобаў з мытнага камітэту, КГБ, МУС, Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

Па звестках “Ежедневника”, Генеральная пракуратура інкрымінуе І.Смольскаму злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі, атрыманне хабару.

Такія ж абвінавачванні высунутыя і супраць былога начальніка крымінальнай міліцыі Ашмянскага РАУС, які зараз на пенсіі.

Па пяпярэдніх дадзеных следства, у 2003-2004 гг. гэтыя асобы «вопреки интересам службы не принимали должных мер по пресечению незаконного ввоза на территорию Республики Беларусь товаров, за что неоднократно получали взятки от жителя г.Ошмяны».

У справе фігуруюць сумы ад 5 да 10 тыс. даляраў. У якасці “разліку” міліцыянты атрымлівалі таксама паслугі па рамонту аўтамабіля і нават элітныя алкагольныя напоі на суму ў 1686 евра.

Мяркуецца, што Ігар Смольскі, які ў той час займаў пасаду начальніка Ашмянскага РАУС, ажыццяўляў “прыкрыццё” незаконнага перамяшчэння грузаў праз мяжу.

Пакуль начальнік гарадзенскай ДАІ знаходзіцца на сваім працоўным месцы – меры стрымання ў дачынні да яго пракуратура пакуль не вызначыла.

Нагадаем, што ў лютым асоба Ігара Смольскага фігуравала яшчэ ў адной скандальнай гісторыі, звязанай з наездам на чалавека. Праведзенае пракуратурай разбіральніцтва, аднак, не выявіла віны начальніка ДАІ.

На здымку: гарадзенскія даішнікі могуць пазбавіцца свайго начальніка

Фота: prosto-free.livejournal.com