Куды прывялі пошукі брукаванкі з кляймом гарадзенскага магістрату?

Навіну пра ініцыятыву гарадзенскіх чыноўнікаў газета “Вечерний Гродно” змясціла ў канцы жніўня. Аддзел ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі гарвыканкаму нават прасіў тады гарадзенцаў паведамляць праз тэлефон пра месцазнаходжанне гістарычных экзэмпляраў.

 

Гарадзенцы заклікалі наведаць дачы чыноўнікаў

 

Які вынік? У гарвыканкаме нам распавялі, што атрымалі ад гараджан з дзясятак тэлефанаванняў, пераважна пра месцы, якія чыноўнікі ўжо знайшлі самі. Праўда, некалькі чалавек прапаноўвалі наведацца на лецішчы начальнікаў, не называючы прозвішчаў і даючы прыкладныя адрасы. Адказныя за пошук брукаванкі на гэта не наважыліся, палічыўшы ўмяшаннем у прыватнае жыццё.

Вось такая брукаванка ляжала на вул. Студэнцкай да рэканструкцыі. Архіўнае фота Яна Лялевіча

 

Жыхары невялікіх дамоў, у дварах якіх знайшлася плітка, аддаваць яе адмовіліся, патрабуючы за парушэнне цэласнасці паверхні добраўпарадкаваць за кошт дзяржаўнага бюджэту ўвесь двор.

Брукаванку мы знайшлі толькі ў двары на вул. Студэнцкай. Фота belsat.eu

 

Пра музей пад адкрытым небам думалі тры гады

 

Аксана Коханава, галоўная спецыялістка ў пытаннях музеяў і аховы гісторыка-культурнай спадчыны галоўнага ўпраўлення аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі Гродзенскага аблвыканкаму, распавяла нам, што ўсяго на вуліцах і падворках у цэнтры горада знайшлі 400 узораў, з якіх забралі 85 штук. Частку паклалі каля Новага замку, другую – хочуць выкарыстаць ля арт-цэнтру на вул. Горкага, які плануюць пабудаваць цягам некалькіх гадоў.

 

Ідэя зрабіць музей пліткі пад адкрытым небам належыць гарадзенцу Аляксандру Місцюкевічу. Яшчэ ў 2010 годзе ён выказаў яе на старонках прэсы і даслаў свае прапановы ў гарвыканкам, бо баяўся за лёс тых нешматлікіх экзэмпляраў, якія яшчэ ляжалі пад нагамі ў гістарычным цэнтры горада.

Ля Старога замку брукаванка засталася. Частку знойдзенай чыноўнікамі брукаванкі паклалі ля Новага замку

 

Камунальнікі не ведаюць, каму прадалі каштоўную брукаванку

 

Самы жорсткі ўдар па гістарычным пакрыцці вуліц прыпаў на час рэканструкцыі плошчы Савецкай і вуліцы Савецкай у 2006–2007 гадах. Варварскі дэмантаж бруку і бардзюру 1930-х гадоў з кляймом гарадзенскага магістрату выклікаў шквал абурэння грамадскасці. Супраць выступіла нават газета “Советская Белоруссия”. Каб суняць пратэсты, улады адгукнуліся на тагачасную прапанову Аляксандра Місцюкевіча і частку бардзюру выклалі ля помніка маршалу Васілю Сакалоўскаму побач з вуліцай Савецкай.

Дэмантаж брукаванкі насупраць Дома купца Мураўёва. Архіўнае фота s13.ru

 

Мясцовым чыноўнікам вельмі хацелася зашыць вуліцу ў граніт, каб было што паказаць высокім гасцям са сталіцы падчас чарговага Фестывалю нацыянальных культур. Брукаванку і бардзюр з кляймом “Magistrat Miasta Grodna” “выкарчоўвалі” пры дапамозе тэхнікі, яна ламалася і яе выкідалі, як непатрэбны хлам.

 

Тагачасны начальнік аддзелу ЖКГ і ўпарадкавання адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аляксандр Архіпаў “суцяшаў”: непашкоджаныя экзэмпляры будуць выкарыстоўваць паўторна – іх выкладуць на тэрыторыі дзіцячых садкоў і арганізацыяў.

 

А захоўваць мелі на базе прадпрыемства “Рамбудаўтадор”, якое ўваходзіць у структуру Гродзенскай гарадской ЖКГ. Аднак Віктар Левановіч, галоўны інжынер “Рамбудаўтадору”, не памятае, каб да іх прывозілі брукаванку.

 

Віктар Рачынскі, галоўны інжынер Гродзенскай гарадской ЖКГ, тады яшчэ не працаваў на сваёй пасадзе, як і большасць сённяшніх ягоных калегаў з арганізацыі. Ён патлумачыў, што робяць пасля дэмантажу з матэрыялам, які можа быць выкарыстаны паўторна: “Калі замоўца – мы (гарадская ЖКГ – belsat.eu), ствараецца камісія і складаецца акт аб прыёме-перадачы “бэвэшнага” будаўнічага матэрыялу на базу “Рамбудаўтадору”. І ўжо адтуль маюць права прадаваць насельніцтву”.

Брукаванка ў двары на вул. Леніна. Фота belsat.eu

 

Працаўнікі гарвыканкаму не цікавіліся, ці засталіся дакументы аб перадачы або продажы брукаванкі насельніцтву і арганізацыям. У паперах маглі пазначацца канкрэтныя адрасы, што значна спрасціла б пошукі.

 

Плітку магістрата кінулі ў драбілку і зрабілі асфальт

 

Праз тры гады пасля рэканструкцыі вядомы гарадзенскі краязнавец Віктар Саяпін выпадкова заўважыў зваленыя ў кучу бардзюры, зробленыя “за польскім часам”, на адрэзку побач са скрыжаваннем вуліц Дзяржынскага і Дубко. Пра што адразу паведаміў журналістам.

Гістарычныя матэрыялы побач з сённяшняй вул. Дубко. Архіўнае фота s13.ru

 

Тады высветлілася, што тэрыторыю дзеляць міжсобку два прадпрыемствы, у тым ліку ААТ “Будоўля”, якое выконвала працы рэканструкцыі вуліц Савецкай і Ажэшкі. Аказалася, што непадалёк ад бардзюраў кінулі камяні з апор Старога мосту, зробленыя ў Пецярбурзе ў 1903 і 1908 гадах. Як распавёў нам дырэктар ААТ “Будоўля” Павел Бузук, менавіта адсюль і бралі бардзюры з кляймом магістрата, каб выкласці іх ля помніка Сакалоўскаму.

 

Куды ж падзелася рэшта? “Брукаванку “бэвэшную” мы здавалі “Рамбудаўтадору”, і яны раздавалі яе: прыязджалі вайсковыя гарнізоны, забіралі і дзіцячыя сады”, – патлумачыў Павел Бузук. Расколатыя ж экзэмпляры, паводле яго, хутчэй за ўсё трапілі на базу “Рамбудаўтадору” або РБУ-2 Гаррамбудтрэсту. Абедзве арганізацыі маюць драбілкі. “Усё, што ім завозілі, яны драбілі ды аддавалі ўжо ў выглядзе друзу. Крышаць і ў асфальт пускаюць”.

 

Два гады таму ААТ “Будоўля” пераехала на новае месца – у вёску Пушкары Гродзенскага раёна. Забіраць з сабою зваленыя на папярэдняй тэрыторыі бардзюры ды іншыя каштоўныя рэшткі не сталі: “Тут і так ужо няма дзе праткнуцца на базе, няма дзе пакласці. Ну, вы ж разумееце – ну, куча старых бардзюраў, сто гадоў амаль! Мы вунь новыя бардзюры, што 10 гадоў праляжалі – вуліцы капаюць, а яны вывозяцца, выкідаюцца і на шчэбень драбняцца, каб на дарогу была аснова”. Лёс старажытных матэрыялаў, якія пражылі яшчэ тры гады пасля злашчаснай рэканструкцыі, цяпер невядомы.