Анджэй Пачобут: Дасягненняў за 25 гадоў існавання Саюза палякаў было шмат

| Без катэгорыі

РР: Што там будзе праходзіць у рамках гэтай канферэнцыі? Як урачыста будзе адзначацца гэты юбілей?


Анджэй Пачобут: Па-першае, тое, што гэта канферэнцыя адбываецца ў Сойме, што там будуць прысутнічаць афіцыйныя польскія асобы, ужо сведчыць пра ўзровень гэтай імпрэзы. Традыцыйна, будзе размова пра гісторыю, падсумаванне дзейнасці нашай арганізацыі цягам 25 год. Будуць адзначаны людзі, якія ўнеслі свой уклад у развіццё арганізацыі. Будзе дыскусія пра сучаснасць, пра карту паляка. Таму думаю, што гэта будзе цікавая імпрэза.


РР: Сённяшнія ўрачыстасці – у Варшаве, у Сойме. Нядаўна галоўная рада Саюза палякаў збіралася ў Беластоку. А як наконт Беларусі? Ці ёсць шанцы адзначыць урачыста юбілей у Беларусі, напрыклад, у Гародні?


Анджэй Пачобут: Такое адзначэнне магчыма. Але, на жаль, толькі на паўпадпольным узроўні. Вядома, стаўленне беларускіх уладаў да Саюза палякаў нязменнае. Улады вельмі варожа ставяцца да нейкай актыўнасці з боку нашай арганізацыі. Таму, як я лічу, адзначыць 25-годдзе Саюза палякаў у Беларусі магчыма, але гэта будзе абсалютна іншы ўзровень святкавання.


РР: 25 гадоў – гэта адно пакаленне, калі можна так сказаць, з чаго трэць вашай дзейнасці праходзіць практычна ў падпольным ці паўпадпольным становішчы з 2005 года. А ці памятаеце Вы той прыўзняты настрой, тыя часы, калі Тадэвуш Гавін ініцыяваў якраз узнікненне арганізацыі?


Анджэй Пачобут: Так, канешне. Гэта быў 1988 год. Мне тады было 16 гадоў. Але я памятаю гэты настрой, адчуванне таго, што гэты таталітарызм, у якім мы жылі, пачынаў ламацца, пачаў выходзіць з-пад кантролю камуністычнай партыі. І ў звязку з тымі зменамі, што былі запачаткаваны перабудовай, з’явілася магчымасць паўстання польскай грамадскай арганізацыі ў Беларусі. Гэта была вялікая падзея, бо да гэтага часу ніякіх арганізацый, ніякага культурнага жыцця польскай нацыянальнай меншасці яна не мела.


РР: Што Вы лічыце за гэтыя гады найбольшым поспехам і дасягненнем, а чаго, магчыма, не ўдалося зрабіць?


Анджэй Пачобут: Безумоўна, калі казаць пра тое, чаго не ўдалося зрабіць, то падвысіць узровень польскай мовы і культуры, але гэта вынікае з агульнабеларускай сітуацыі. Сам Саюз палякаў – арганізацыя, непрызнаная беларускімі ўладамі, – нічога змяніць не можа.

 

А дасягненняў было вельмі шмат. Калі ў 1988 годзе навучання польскай мовы ўвогуле не было, то сёння ёсць 2 польскія школы: адна – у Гародні, другая – у Валкавыску. Акрамя таго, Саюз палякаў – гэта дастаткова буйная і ўплывовая арганізацыя, з якой вымушаны лічыцца беларускія ўлады. Дасягненнем Саюза палякаў можна назваць і прыняцце польскім Соймам закона аб карце паляка.


РР: А як бы Вы патлумачылі людзям, якія не сочаць штодзень за дзейнасцю Саюза палякаў і дакладна не ведаюць сітуацыі, што ёсць два Саюзы палякаў у Беларусі. Адзін прызнаны Польшчай, але не прызнаны беларускімі ўладамі, а другі – наадварот: прызнаны Менскам, але не прызнаюць яго ў Польшчы.


Анджэй Пачобут: Рэч у тым, што ў Беларусі ёсць, калі можна так сказаць, пэўная традыцыя, спосаб дзейнасці беларускіх уладаў у дачыненні да грамадскай ініцыятывы. Існуюць прафсаюзы дзяржаўныя і недзяржаўныя. Існуе Саюз пісьменнікаў дзяржаўны і недзяржаўны. Вось так існуе і Саюз палякаў дзяржаўны і недзяржаўны.

 

Гэты афіцыйна прызнаны Саюз палякаў, фактычна як і раней пералічаныя мною дзяржаўныя структуры, мае на мэце ідэалагічнае абслугоўванне беларускіх уладаў, а нейкай грамадскай актыўнасці ці абароны інтарэсаў польскай нацыянальнай меншасці ён не праводзіць. Гэта структура, задача якой у патрэбны момант з’яўляцца перад журналістамі і казаць, што ў нас усё нармальна з нацыянальнымі меншасцямі ў Беларусі.

 

А недзяржаўны Саюз палякаў – гэта наша арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей, якія цікавяцца польскай культурай і гісторыяй, якія хочуць, каб правы польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі захоўваліся. Вось так бы я патлумачыў розніцу паміж двума Саюзамі палякаў у Беларусі.

 

Слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.


З Анджэем Пачобутам гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя

Здымак TVN