У межах Дзён Святога Губерта пройдзе прэзентацыя “Гарадзенскага календара-2014”

|

Гэтая ідэя ўзнікла, дзякуючы выдавецкай ініцыятыве “Гарадзенская бібліятэка”, – кажа арнітолаг, рэдактар сайта birdwatch.by Дзмітры Вінчэўскі.Яны выпускаюць каляндар, а мы штогод ладім фотаконкурс. Вырашылі спалучыць наш досьвед.


Конкурс фотаздымкаў “Магія дзікай прыроды” мы абвясцілі яшчэ ў сакавіку. Людзі размяшчалі свае здымкі ў адпаведным раздзеле нашага сайта, карыстальнікі ставілі адзнакі, і лідары праходзілі ў фінал.

 

Усяго было некалькі сотняў здымкаў з усёй Беларусі. 12 лепшых здымкаў прыроды нашай краіны для вялікафарматнага насценнага календара на наступны год адбірала журы.

“Ледастаў”, аўтар – Уладзіслаў Сакалоўскі

 

Так здарылася, што ў гарадзенскі каляндар не трапіла ніводнага гарадзенскага здымка. Аўтар чатырох здымкаў-пераможцаў – Мікалай Верабей з Міншчыны, яшчэ чатырох – Сяргей Дамброўскі.

 

Паводле Дзмітрыя Вінчэўскага, у наступным годзе ўмовы конкурса, магчыма, зменяцца, каб аднаму аўтару мог належыць толькі адзін здымак-пераможца.

 

Прэзентацыя “Гарадзенскага календара-2014”  адбудзецца 23 лістапада.

У праграме – узнагароджанне пераможцаў фотаконкурса, каманднае маляванне “птушкі года ў Беларусі” – удода, гульні на экалагічную тэматыку.

Ахвотныя атрымаюць “Гарадзенскі каляндар-2014” у падарунак.

 

Арганізатары, кніжная серыя “Гарадзенская Бібліятэка”, сайт “Птушкіштодня” (www.birdwatch.by) і Гродзенскае гарадское аддзяленне “Таварыства беларускай школы”, абяцаюць, што мерапрыемства будзе цікавым не толькі дарослым, але і дзеткам.

 

Пачатак  у 15.00 у суботу 23 лістапада па адрасе: Гродна, вул.Будзённага, 48 А (зала ва ўнутраным дворыку).