Застаецца адмяніць смяротнае пакаранне
Такое рашэнне было прынята сёння на паседжанні гэтай міжнароднай структуры ў Страсбурзе.
Як паведамляе “Наша Ніва”, спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні адзначыў прагрэс, які адбываецца апошнім часам у Беларусі.
Як прыклад прывёў вызваленне дзевяці палітвязняў, легалізацыю трох газет («Наша Ніва», «Народная воля» і горацкі «Узгорак»), а таксама стварэнне кансультацыйных радаў з удзелам апазіцыі.
Сп. Рыгоні прапанаваў вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанай.
Контрвыступ зрабіў былы спецдакладчык ад Беларусі кіпрыёт Хрыстас Пургурыдэс.
Ён сфармуляваў альтэрнатыўную прапанову: вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанага, але толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне (Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, дзе выконваюцца смяротныя прысуды – “Твой стыль”).
Ён жа адзначыў, што ў Беларусі хапае праблем: тыя ж палітвязні.
Беларусь у 1993 годзе ўжо атрымлівала статус спецыяльна запрошанай у ПАРЕ.
Аднак пасля праведзенага ў 1996 г. канстытуцыйнага рэферэндуму, вынікі якога не былі прызнаныя дэмакратычным светам, гэтага статусу Беларусь была пазбаўлена.
Актыўныя намаганні беларускага ўраду вярнуцца ў гэтую структуру вынікаюць найперш з гаспадарчых праблем у краіне. Беларусь спадзяецца знайсці новыя рынкі збыту сваёй прадукцыі, а таксама прыцягнуць новыя інвестыцыі дзеля мадэрнізацыі сваёй эканомікі.