Міліцыя канфіскавала польскамоўныя выданні

|

Актывісты Саюзу палякаў везлі іх на сход арганізацыі ў Івянцы (Мінская вобл.).

У 16.30 аўтамабіль, у якім ехалі намеснік непрызнанай беларускімі ўладамі кіраўніцы Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс Мечыслаў Яскевіч, прэс-сакратар арганізацыі Ігар Банцар, журналісты газет “RzeczPospolita” і “Gazeta Wyborcza” Анджэй Пісальнік і Андрэй Пачобут, быў затрыманы на шашы Градна –Мінск ля Шчучына.

Затрыманых адвезлі ў Шчучынскі РАУС, дзе і быў складзены пратакол пра канфіскацыю выданняў.

Па словах міліцыянтаў, затрыманне актывістаў польскага руху адбылося пасля таго, як паступіла інфармацыя аб тым, што тыя вязуць нібыта антыдзяржаўныя выданні.

Цяпер экспэртызу выданняў будзе рабіць аддзел ідэалогіі Шчучынскага райвыканкаму.

Не выключана, што супраць затрыманых актывістаў СПБ можа быць узбуджаная адміністратыўная альбо нават крымінальная справа, калі экспертыза выявіць наяўнасць у выданнях матэрыялаў “антыдзяржаўнага зместу”.

Праз тры гадзіны ўсіх затрыманых выпусцілі.

У інтэрв’ю польскаму агенцтву PAP Анджэй Пачобут паведаміў, што верагоднай прычынай іх затрымання была спроба перашкодзіць удзелу ў сходзе сябраў СПБ у Івянцы.

У гэты дзень мясцовыя ўлады ладзілі там сход тамтэйшай філіі СПБ, які меў абраць дэлегатаў на вераснёўскі з’езд арганізацыі на чале з Юзэфам Лучнікам (менавіта яго ў якасці законнага кіраўніка арганізацыі прызнаюць беларускія ўлады).

Па дарозе да Івянца машыну з актывістамі на кароткі час затрымлівалі яшчэ двойчы.

Як паведаміў “Твайму стылю” прэс-сакратар СПБ Ігар Банцар, на зваротным шляху эксцэсаў не было.

На здымку: вокладка аднаго з выпускаў часопіса “Magazyn Polski”