Ці будзе ва Украіне грамадзянская вайна?

|

Нечаканая заява ўкраінскага Кабінету міністраў, агучаная 21 лістапада, аб змене курсу з кірунку на асацыяцыю з Еўрасаюзам на традыцыйны маскоўскі напрамак, вывела на вуліцы Кіева па розных падліках ад 50 да 100 тысяч прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Аналагічныя “еўрамайданы”, як паспелі трапна назваць пратэст самі ўкраінцы, адбываюцца ў кожным больш-менш крупным горадзе як Заходняй, так і Усходняй Украіны.

Чым абумоўленыя падобныя зрухі? Якія асаблівасці мае сённяшні пратэст у параўнанні з “Памаранчовым майданам” у 2004? Ці пагражае нашым паўднёвым суседзям грамадзянская вайна?

 

Сваімі меркаваннямі з чытачамі “Твайго стылю” дзеліцца палітолаг Алесь Пагарэлы.

 

“Януковіча нельга назваць марыянеткай Расеі”


Шмат хто з аналітыкаў звязвае нечаканае рашэнне ўкраінскага кабміну аб згортванні збліжэння з Еўропай з ціскам з боку Крамля. Як ты гэта бачыш?

 

Пуцін спрабуе праводзіць сваю геапалітычную лінію па межах Савецкага Саюза і спрабуе аднавіць яго хоць у нейкай форме: у форме Мытнага Саюзу, нейкіх абарончых структур і г.д. Ён у гэтым бачыць сваю місію. 9 лістапада Януковіч таемна лятаў у Маскву і некалькі гадзін размаўляў з Пуціным. Яму тэрмінова патрэбныя грошы. Цягам гэтага году на 25% скараціўся гандаль паміж Украінай і Расеяй. Дзяржаўная запазычанасць зараз – амаль 70 мільярдаў. У наступным годзе Украіна будзе выплочваць па сваіх пазыках недзе восем мільярдаў даляраў – гэта вельмі адчувальна! Эканоміка скарачаецца. Грыўня перажывае не лепшыя часы…


А Еўропа не змагла б забяспечыць Украіне эканамічную падтрымку?

 

Справа ў тым, што Януковіч не надта і хоча ў абдымкі Расеі – для яго гэта рызыкоўна. Расейцы яму не давяраюць і глядзяць як на ненадзейнага партнёра. Януковіча нельга адназначна назваць марыянеткай Расеі. Ён больш падобны на настаўніка на замену, які прышоў у чужы клас і не ведае, што яму рабіць. Разрываецца паміж дзецьмі, завучам і дырэктарам. Таму Януковіч і хістаецца, то да Пуціна, до да ЕС.

 

Яму патрэбныя грошы і гарантыі таго, што ў 2015 ён зможа быць пераабраны. Час ідзе, яго рэйтынгі падаюць. Ён падлічвае верагодныя страты і звяртаецца да ЕС: “Кампенсуйце!” Але ЕС так не працуе, шмат якія рэчы там вырашаюцца на ўзроўні каштоўнасцяў.


То бок, яму ставяць умовай лібералізацыю, амністыю для Юлі, напрыклад?

 

Так, але і тут не ўсё так проста. Ёсць, напрыклад,  ліст Цімашэнкі , у якім яна просіць ЕС не звяртаць увагі на яе праблемы. Там яна нібыта настойвала на тым, каб яе праблема не разглядалася як перашкода на шляху Украіны ў Еўропу. ЕС патрабуе цэлы комплекс мераў, а не гандаль  закладнікамі.


Як думаеш, зараз Януковіч – шкадуе?

 

Не ведаю, але ён знаходзіцца ў вельмі незайздроснай сітуацыі. Калі пачаліся пратэсты, ён зразумеў, што далёка пайсці ў згортванні кантактаў з ЕС ён не можа. На яго аказваецца неверагодны ціск з боку Расеі. Эканамічная сітуацыя, пратэсты, перспектывы 2015-га…

 

“Апазіцыйныя палітыкі спрабуюць дагнаць сітуацыю”


У чым розніца паміж “Еўрамайданам-2013” і “Памаранчовым майданам” у 2004?

 

Ва Украіне адчуваецца вялікае расчараванне ў палітыках у прынцыпе. Ёсць людзі, якія хочуць бачыць палітыкаў на “еўрамайданах” па ўсёй краіне, іншыя – не. Самі ж пратэстоўцы. Напрыклад, у Львове студэнты, якія выйшлі на “еўрамайдан”, асвісталі аднаго з лідараў апазіцыйнай “Свабоды” Юрыя Міхальчышына. Няма адназначнай веры палітыкам, тым больш нейкага аднаго лідара, які мог бы павесці за сабой. Ну і сітуацыя зараз не электаральная. Гаворка не ідзе пра прэзідэнцкія выбары.

Львоўскія студэнты

 

Памаранчовая рэвалюцыя 2004 не вырашыла галоўнай праблемы: праблемы эліт. Пры ўладзе засталіся тыя ж людзі. Мне падаецца, што і сённяшнія пратэсты не падыходзяць да гэтага, але ў адрозненні ад Беларусі ва Украіне рэальна існуе грамадства. Існуе незалежна ад дзяржавы, не з’яўляецца яго працягам, як у Беларусі.

 

Мадэль “дзяржава-дабрабыт” ва Украіне не спрацоўвае. Усё жыццё ў краіне не круціцца вакол дзяржавы і яе інстытутаў – гэта важна! Януковічу не ўдалося настолькі кансалідаваць свой рэжым, каб зрабіць яго падобным на беларускі альбо расейскі – свабоды там больш.

Гэта паказвае, што Януковіч не зможа пайсці занадта далёка: напрыклад,  ужыць сілу, як яму раіць Пуцін.


Падобна на тое, што ніхто з украінскіх апазіцыянераў – ані Яцэнюк, ані Цягнібок, ані Клічко – пакуль не асядлаў гэтай пратэстнай хвалі… У 2004 шмат хто казаў пра дамоўленасць паміж кланамі, для якіх “Памаранчовы майдан” стаў проста дэкарацыяй. Ці можа зараз адбыцца сапраўдная народная рэвалюцыя?

 

Менавіта, і чым далей – тым цяжэй будзе гэта зрабіць. Адчуваецца супраціў з боку людзей таму, каб нехта адзін узначаліў гэты пратэст. Людзей дастала, яны выходзяць за ЕС, калі на тое пайшло, а не за канкрэтных лідараў.

Апазіцыянеры  зараз спрабуюць наўпрост дагнаць сітуацыю. Але ў іх не вельмі атрымліваецца. Зараз ад іх залежыць, наколькі яны здолеюць зарыентавацца і выступіць з чытабельнымі для народу заявамі і заклікамі. Бо часу вельмі мала.

 

28-29 лістапада адбудзецца сустрэча ў Вільні ў рамках “Усходняга партнёрства”, куды едзе Януковіч. Там маюць быць выказаныя прынцыповыя рашэнні.

 

“Усе чакаюць ад Януковіча рашучага кроку. Але ён баіцца…”


Дык што можа стацца вырашальным фактарам – саміт у Вільні?

 

Па-першае, унутраны чыннік – здольнасць апазіцыйных палітыкаў кансалідавацца і выступіць з прымальнымі тэзамі для ўкраінскага грамадства. ЕС выказаў добрую волю на перамовы са свайго боку. Але ўсё будзе вырашаць Януковіч. Калі будзе ўжытая сіла: значыць, парады з Масквы былі ўспрынятыя. Але Януковіч гэтага не хоча і вельмі баіцца. Ён можа не ўтрымацца, калі пойдзе на такі рашучы крок…

 

Рабіць “рашучы крок” у любым напрамку – тое, чаго ён зараз не хоча. Але гэтага ад яго зараз патрабуюць усе! Для Януковіча ідэальная сітуацыя – усё зацягнуць. Яму хочацца ўсё адкласці. Каб і Масква і Брусэль пакінулі яго ў спакоі. Але яму не даюць зацягнуць.

Не варта забывацца і на тое, што можа пачацца хістанне ў лагеры Януковіча. Раскол сярод ягоных прыхільнікаў нельга выключаць. Дайшло ж неяк да таго, што Януковіч ідзе раіцца да Юшчанкі аб тым, што яму рабіць. Хто б мог падумаць!


Які ёсць негатыўны і пазітыўны варыянты развіцця падзеяў?

 

Найлепшы варыянт – Украіна падпісвае асацыяцыю з ЕС, знаходзіць грошы, за якія, пажадана, Януковічу не трэба будзе справаздачыцца. Адказнасць – самае горшае для прадстаўнікоў пост-савецкіх эліт.

Найгоршы варыянт: Януковіч возьме ў Крамля вялікія грошы, якія дазволяць яму перазімаваць, і скарыстаецца ягонымі рэкамендацыямі, пачаўшы зачыстку і гвалт.


А гэта магчыма ва Украіне, дзе ёсць парламенцкая апазіцыя і такі пратэстны патэнцыял?

 

Безумоўна, для яго такі крок будзе пагражаць сур’ёзнымі наступствамі. Гэта будзе фактычна азначаць канец яго прэзідэнцтва. Але гэта – найгоршы варыянт і для яго, і для Украіны, для ўсіх.


“Беларуская ўлада запазычыць комплекс прэвентыўных мераў для нейтралізацыі пратэстаў…”


Чым сітуацыя можа адгукнуцца ў Беларусі? Як вядома, “Майдан-2004” шмат у чым парадзіў “Плошчу–2006”.

 

Падзеі 2004 ва Украіне парадзілі цэлы комплекс прэвентыўных мераў з боку беларускіх улад, каб падобны сцэнар не прайшоў у Мінску. Калі ва Украіне адбудзецца пераварот, дзякуючы пратэстам, гэты вопыт беларускія сілавікі канешне ж возьмуць на ўзбраенне.

 

Калі Украіна пойдзе па шляху еўраінтэграцыі з усімі наступствамі: скасаваннем віз, адкрыццём заходніх рынкаў працаўладкавання, у Беларусі не заўважыць гэтага будзе проста немажліва. Дзясяткі тысяч беларусаў кожнае лета адпачываюць у Крыму, ездзяць да родных. Украіна нават на ўзроўні чыста чалавечых адносін – велізарны чыннік уплыву. Нават на ўзроўні ўкраінамоўных надпісаў з сокаў з Адэсы ў беларускіх крамах.

Студэнты ў Роўне


Ці варта чакаць “антыпалітычных пратэстаў”, які будуць праходзіць без удзелу апазіцыі, у Беларусі?

 

Калі сітуацыя будзе пагаршацца і ў пэўны момант выйдзе з-пад кантролю, можна чакаць сітуацыі на манер той, якая ўзнікла на пачатку 90-х, калі чыста эканамічныя патрабаванні працоўных мінскіх заводаў супалі з палітычнымі патрабаваннямі нацыянал-дэмакратычнай інтэлігентаў і пайшлі па адным канале.

Акцыя левых у Данецку


Пытанне фантастычнае, хаця, хто ведае… Наколькі мажліва грамадзянская вайна ва Украіне?

 

Грамадзянская вайна можа мець розныя формы. Яна можа прыняць форму інфармацыйнай вайны, інфармацыйных правакацыяў. А калі казаць пра кроў, дык акрамя разбітых насоў прынамсі пакуль, мне падаецца не варта чакаць чагосці большага. У Расеі таксама ж добра разумеюць, што падзеі ва Украіне ім могуць дорага каштаваць. Гіпатэтычна – ёсць такія шансы, але ўсе прадстаўнікі ўкраінскіх элітаў разумеюць, чым гэта можа скончыцца…

 

Алесь Пагарэлы – гісторык, палітолаг, культурны антраполаг. Гарадзенец, скончыў магістратуру гістфаку БДУ, навучаўся на аспірантуры акадэміі навук у Варшаве, удзельнік шматлікіх міжнародных навуковых праектаў ды канферэнцыяў, каля пяці год пражыў у ЗША ды Польшчы.

 

 

Здымкі Reuters, radiosvoboda.org, korrespondent.net