Ваўкавыск: джазавая сталіца, цэнтр будоўлі ды рэканструкцыі

Шпіталь пераедзе з былых стайняў

 

Медустановы Ваўкавыска перажываюць новае нараджэнне. У горадзе будуецца новы лячэбны корпус цэнтральнай раённай бальніцы (на фота вышэй), ідзе рэканструкцыя патолага-анатамічнай лабараторыі, рамантуецца раённая паліклініка. Шпіталь пакуль размяшчаецца ў прыстасаваных памяшканнях. “Раней тут былі стайні, сабакарні, невядома якіх часоў”, — гаворыць галоўны ўрач шпіталя Аляксандр Нарута. Цяпер усе аддзяленні, размешчаныя ў асобных карпусах, аб’яднаюцца ў новым будынку, разлічаным на 260 койка-месцаў.

 

Тут будуць знаходзіцца прыёмнае, тэрапеўтычнае, дыягнастычнае аддзяленні, рэанімацыя, траўматалогія, анестэзіялогія, хірургія, неўралогія, кардыялогія і чатыры аперацыйныя блокі. На будаўніцтва корпуса ўжо выдаткавана 25 мільярдаў рублёў. Калі будаўніцтва будзе працягвацца гэтак жа інтэнсіўна, яно скончыцца ўжо ў наступным годзе, а не ў 2015, згодна з праектам, мяркуе Аляксандр Нарута. Калі шпіталь “пераедзе” ў новую пабудову, старадаўнія яго будынкі будуць зруйнаваныя, паведамiў галоўны ўрач. На іх месцы пасеюць газон, а будаваць штосьці новае не плануюць.

 

Што тычыцца патолага-анатамічнай лабараторыі, то фактычна яна не рэканструюецца, а адбудоўваецца ад пачатку. Ад старой лабараторыі засталіся толькі фрагменты фундамента і сцен.

 

У раённай паліклініцы паслядоўна рамантуюцца паверх за паверхам, аднаўляецца мэбля, сантэхніка, упарадкоўваецца тэрыторыя вакол паліклінікі.

align=”middle” alt=”Ваўкавыск Mart Inn Волковыск” >


У “літоўскай” краме – беларускамоўнае афармленне

 

Небывалы ажыятаж сярод жыхароў горада выклікала адкрыццё гіпермаркета Mart Inn ад літоўскай кампаніі Mart Inn Food. Ён адчыніўся 16 лістапада. Характэрная адметнасць новай крамы – надпісы ў афармленні на беларускай мове. Беларускамоўнасць, аднак, не распаўсюджваецца на абслугоўванне – прадаўцы размаўляюць па-руску. Дырэктарка крамы Кацярына Мурончык патлумачыла, што Mart Inn – гэта адмыслова беларускі праект. Сетка “марцінаўскіх” крамаў ужо ахапіла шматлікія гарады Беларусі.

 

На выездзе з горада будуецца яшчэ адна крама новага фармату. Першы ў Ваўкавыску супермаркет з гандлёвай плошчай 500 метраў размесціцца на скрыжаванні вуліц Барычэўскага – Панковай. Ужо закладзены фундамент, пачалі ўзводзіць сцены.


Новыя прысмакі рыхтуюць для дзяцей і дарослых

 

Яшчэ адзін завод харчовага накірунку з’явіцца ў горадзе. Будаўніча-мантажныя працы на ўкраінскім прадпрыемстве па вытворчасці фруктовых напаўняльнікаў ЗТАА “Бел-ОБСТ” плануюць скончыць да канца гэтага года, паведаміла загадчык аддзела эканомікі Ваўкавыскага райвыканкама Таццяна Шыпіца.

 

Дзеці хутка змогуць пакаштаваць новы малочны прадукт. На ААТ “БелЛакт” будуць вырабляць новае дзіцячае харчаванне – вадкае і пастападобнае. На заводзе цяпер размяшчаюць нямецкае абсталяванне «Тэтра-Пак». Запуск лініі плануецца на канец снежня.


Горад ператвараецца ў цэнтр джаза

 

Джазавыя зоркі сусветнага ўзроўню ўжо тры разы прыязджалі ў Ваўкавыск. Гэта тэнар-саксафаніст Эрні Робертс, амерыканскі піяніст Кэлвін Шолар, вакаліст Клівлэнд Уоткіс, афра-кубінская джазавая спявачка Бьянка Маралес. З ініцыятывай арганізацыі такіх мерапрыемстваў выступіў дырэктар прыватнай фірмы “Ваўкавыскі бізнэс-цэнтр” Аляксандр Кузьменкоў. У планах запрасіць з выступам Роя Янга ў пераднавагодні час.


Фільм “Рускі” ўбачым ў наступным годзе

 

Ваколіцы Ваўкавыска ператварыліся ў дэкарацыі кароткаметражнага фільма “Рускі” Віктара Аслюка. “Беларусьфільм” здымаў стужку ў лістападзе на крэйдавых кар’ерах паселка Краснасельскі і на хутары каля Воўпы. Дырэктар здымачнай групы Юрый Іваноў расказаў, што ў фільме ўзялі эпізадычны ўдзел пяць мясцовых жыхароў, якія выканалі ролю салдатаў. Сюжэт карціны пабудаваны на падзеях Першай сусветнай вайны. Гледачы ўбачаць фільм у наступным годзе. Цяпер ідзе праца па мантажу і агучванню фільма.

 

Аўтамузей размесцiцца ў сядзібе

 

Музей рэтрааўтамабіляў з’явіцца ў сядзібе пачатку ХІХ стагоддзя ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна. Расійскі бізнэсмен Вадзім Селіхаў займаецца аднаўленнем гістарычнага комплекса. Па словах старшыні Падароскага сельсавета Аляксандра Кудзелькі, гасцінны дом, дом для пражывання, аранжарэя і лазня ўжо адрэстаўраваныя. Увесну пачнуцца будаўнічыя працы ў галоўным будынку комплекса.

 

Гаспадар плануе стварыць на тэрыторыі сядзібы музей старадаўніх машын. Некалькі рэтраэкзэмпляраў аўто ўжо ёсць. Будучым наведвальнікам будзе запрапанавана і верхавая паездка – у планах аднавіць стайню. Як патлумачыў загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрый Зязюля, сядзіба будзе выкарыстоўвацца як для асабістага ўжывання яе ўладальніка, так і для турыстычных мэтаў. Комплекс у Красках з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму павінен быць даступны ўсім жадаючым.

 

Яшчэ адна сядзіба, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднаўляецца расійскім прадпрымальнікам Паўлам Падкарытавым у вёсцы Падароск. Тут рэканструкцыя знаходзіцца на пачатковай стадыі. Тэрыторыя ачышчана ад смецця і абнесена бляшаным плотам. На зіму старадаўнюю браму закансэрвуюць, каб забяспечыць ад зруйнавання падчас маразоў. Будаўнічыя працы пачнуцца вясной наступнага года. Па задуме гаспадароў, тут размесціцца гасцініца.

 

Крыніца: vgr.by