Студэнт з Лівіі: вывучыць беларускую мову няцяжка

|

Сярод 10 маладзёнаў з Турцыі, якія на дадзены момант навучаюцца ва ўніверсітэце, прэзентацыю сваёй краіны зладзілі 7 чалавек, сярод іх двое дзяўчат. Амаль усе яны навучаюцца на біялагічным факультэце. Хлопцы і дзяўчаты распавялі пра сваю краіну, прачыталі вершы, праспявалі песні, а таксама пачаставалі прысутных сваёй нацыянальнай стравай – Пішы (булачка з начынкай з бульбы).

Пасля заканчэння прэзентацыі нам удалося паразмаўляць са студэнтамі і даведацца, як яны трапілі ў нашую краіну, чым жывуць, як харчуюцца і як бавяць вольны час.

 

Усе яны дзеля вучобы ў гродзенскім універсітэце прыехалі ў Беларусь упершыню, зусім не ведаючы рускай мовы, авалодалі ёю за першы год і зараз размаўляюць на ёй выдатна. Ведаюць, што ў беларусаў ёсць і свая мова, і нават назвалі некалькі словаў па-беларуску. “Ці падабаюцца вам беларускія дзяўчаты?” – пытаюся, калі дзяўчаты-турчанкі адыходзяць убок. “О, так! Вельмі!” – актыўна і радасна рэагуюць хлопцы.


Як у вас склаліся адносіны з беларускай кухняй?

 

Мы жывем усе разам на здымнай кватэры, і цалкам усю ежу гатуем самі, – гэта пацвердзілі ўсе пяць хлопцаў, прычым дзяўчаты змаўчалі. – Сярод нас ёсць повар, ён кіруе гэтым працэсам. У сталовую есці не ходзім, бо беларуская кухня не вельмі падабаецца з-за таго, што дужа адрозніваецца ад турэцкай, непрывычна. Але мы каштавалі смачны боршч, бліны і дранікі. Гатуючы турэцкую ежу, усе прадукты купляем у Гродне, асноўным кампанентам з’яўляецца рыс.


Якія вашыя перспектывы пасля заканчэння гродзенскага ўніверсітэта?

 

Мы абавязкова вернемся на радзіму. Замежная адукацыя з’яўляецца каштоўнай у Турцыі, і па вяртанні мы зможам працаваць у турыстычнай сферы.


Ці сумуеце, знаходзячыся так далёка ад дома?

 

Не! (усміхаюцца) Да нас прыязджаюць нашыя сваякі, сярод нас ёсць брат і сястра, мы разам ходзім па прадукты, разам вучымся, разам ходзім на дыскатэкі ў розныя начныя клубы Гродна, таму мы – як адна сям’я: мы вясёлыя, дружныя і аказваем падтрымку адзін аднаму.


Ці не мерзнеце нашымі зімамі?

 

Калі і мерзнем, то зусім трошку, бо і ў Турцыі ёсць снег у гарах, куды мы ездзілі пазаймацца зімнімі відамі спорту, таму і тут мы катаемся на лыжах і каньках.

Разам з туркамі сваю краіну прадстаўляў і адзіны студэнт-італьянец – Маціа Вэтруньё (на фота). Пасля прэзентацы і апавядання пра Італію ён арганізаваў невялічкую віктарыну з салодкімі пачастункамі па пытаннях ведання яго краіны.

 

Як ты апынуўся ў Беларусі?


У мяне ёсць дзяўчына з Беларусі, мы пазнаёміліся, калі былі яшчэ зусім дзецьмі, яна тады прыязджала пагасцяваць у Італію. Затым мы выраслі, але ўвесь час падтрымлівалі стасункі, ездзілі адзін да аднаго ў госці. І калі пасля школы ў мяне паўстала пытанне, куды ісці вучыцца, то я адназначна выбраў гарадзенскі ўніверсітэт, бо тут жыве мая дзяўчына.


Як ішлі справы з рускай мовай?

 

У першы год я паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне, рыхтаваўся па прадметах і паралельна вывучаў рускую мову. Я вучуся на факультэце гісторыі, камунікацый і турызму.

Таксама ў гэты ж дзень сваю краіну прэзентаваў адзіны студэнт з Лівіі Абайда Хамдаз (на фота). Ён прачытаў уласны верш спачатку на арабскай мове, а потым пераклаў яго на рускую мову. Абайду 31 год, па першай адукацыі, якую хлопец атрымаў у сваёй краіне, ён кампутарны тэхнолаг, зараз вучыцца на перакладчыка, валодае сямью мовамі. І якім жа велізарным было здзіўленне, калі ў гутарцы Абайда перайшоў на беларускую! Ён патлумачыў гэта тым, што, па-першае, вывучыць яе было няцяжка, калі ён ужо ведаў рускую, а па-другое, ён лічыць, што замежныя людзі, калі яны прыязджаюць у нейкую краіну, проста абавязаны ведаць родную мову гэтай краіны.

 

Як ты лічыш, чаму не ўсе беларусы самі ведаюць мову сваёй краіны і карыстаюцца суседскаю? І ці шмат ты сустракаў людзей, хто размаўляе тут па-беларуску?

 

Я лічу, што сітуацыя з мовай, якая склалася ў вашай краіне, – гістарычная. Дужа доўгі час тут панаваў Савецкі саюз, і прайшло яшчэ вельмі мала часу, каб народ усвядоміў сваю беларускасць. Я сустракаў тых, хто карыстаецца беларускай, але амаль усе яны жывуць на вёсцы. Я размаўляў з імі, калі вандраваў па Беларусі.


Як ты трапіў ў нашую краіну?

 

Мой брат вучыцца ў Віцебскім медыцынскім універсітэце, я прыязджаў да яго. Калі ў маёй краіне пачалася вайна, падчас якой я страціў сваю кампутарную краму, я пераехаў у Беларусь і паступіў у гродзенскі ўніверсітэт. Больш я не вярнуся ў Лівію. Пасля атрымання дыплому ў Гродне я планую пераехаць працаваць у Нямеччыну.


У цябе ёсць тут сям’я?

 

Так, я жанаты на беларусцы і ў нас ёсць 4-месячнае дзіця.


Ці падабаецца беларуская кухня?

 

Я лічу яе вельмі-вельмі беднай. Асноўныя прадукты – гэта крупы і бульба, а з іх дужа мала чаго можна прыгатаваць. О, мне падабаецца… такое, з кефірам і крухмалам… о, блінчыкі!


Як табе ўвогуле жыццё ў Беларусі?

 

Тут спакойна. Тут вельмі-вельмі спакойна. Можна проста спакойна жыць і не думаць пра вайну. Але гэтага не зразумее той, хто не жыў у маёй краіне, тым больш падчас вайны. Так, тут спакойна!


Як пераносіш мясцовыя зімы?

 

Выдатна! Бо я нарадзіўся на вышыні 3200 метраў, а там было халадно.