Сталыя гарадзенцы збіраюць грошы для аднаўлення сінагогі

|

Ідэя збору сродкаў для сінагогі ўзнікла ў слухачоў гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”, у якім сёлета займаюцца каля 180 чалавек ва ўзросце ад 55 да 85 год.

 

Штогод на адной са сваіх агульных сустрэч яны плануюць дзейнасць “Школы добрых справаў”, у межах якой здзяйсняюць дабрачынныя акцыі на карысць грамадства.

 

Вось і на чарговай сустрэчы, якая адбылася 28 лістапада, яны спланавалі больш за дзесяць такіх акцый, якія збіраюцца рэалізаваць ў бліжэйшыя чатыры месяцы.

 

У якасці адной з іх і быў прапанаваны збор сродкаў для аднаўленне пашкоджанай агнём маёмасці сінагогі (аўтар ідэі – Уладзімір Рунге – на здымку вышэй мужчына зправа).

Нагадаем, што пажар у сінагозе здарыўся ўначы 27 лістапада і моцна пашкодзіў гістарычны будынак.

 

Збор сродкаў быў распачаты адразу на сустрэчы і працягнецца ў бліжэйшыя дні.

 

Слухачы “Універсітэту Залатога Веку” запланавалі таксама на бліжэйшыя месяцы дапамогу сем’ям, якія гадуюць цяжка і невылечна хворых дзяцей, Дому для састарэлых, прытулку для бяздомных жывёлаў, а таксама цэлы шэраг іншых дабрачынных акцый.

 

Праграма “Універсітэт Залатога Веку” была заснавана ў красавіку 2010 г. сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”.

 

Яе мэтай з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.