“Алімпія” зноў прайграла ў Еўракубку
У змаганні з куды больш моцнай дружынай нашыя дзяўчаты спрабавалі зрабіць стаўку на кідкі з-за дугі. Здалёк “алімпійкі” кідалі аж 32 разы, але трапнымі аказаліся толькі 9 такіх спробаў.
Госці гулялі куды больш вынікова і заканамерна перамаглі з лікам 87-63. Слабым суцяшэннем для гарадзенак можа быць тое, што ў сустрэчы ў Маскве “дынамаўкі” перамаглі з яшчэ больш разгромным лікам (84-54).
Найбольш выніковай у складзе гарадзенак стала канадка Джулі Сібрук (15 ачкоў).
У сёлетнім Еўракубку нашая каманда згуляла ўжо чатыры сустрэчы і ва ўсіх з іх саступіла. Апраўданнем для каманды Аляксандра Шымковяка з’яўляецца той факт, што з-за хваробы турнір прапускае лідэрка каманды Надзея Дрозд.
На здымку: На фоне магутных суперніц гарадзенкі засталіся на другім плане
Фота: wbcdynamo.ru/