Арганізацыя з Гродна запрашае моладзь на поўнач Нарвегіі
Міжнародны моладзевы абмен “We are the world” адрасаваны найперш тым, хто любіць спорт і актыўны лад жыцця, а таксама хоча даведацца пра магчымасці актыўнага ўдзелу моладзі ў жыцці грамадства.
Падчас моладзевага абмену ўдзельнікі абмяркуюць сітуацыю з правамі чалавека ў сваіх краінах, даведаюцца пра магчымасці еўрапейскай адукацыйнай праграмы “Erasmus+”.
Удзельнікі пазнаёмяцца таксама з культурамі іншых краінаў, паўдзельнічаюць у традыцыйных спартыўных гульнях Нарвегіі і іншых народаў. Падчас абмена плануецца візіт у нарвежскую вёску народа саамі і ўдзел у традыцыйным святкаванні дзён культуры саамі.
Мерапрыемства адбудзецца з 3 па 12 лютага 2014 года і з’яўляецца працягам міжнароднага праекта – спартовага летніка, які адбыўся ў жніўні ў Грузіі.
“Летняя алімпіяда” у Грузіі. Наперадзе – зімняя ў Нарвегіі
Перавагай пры адборы ўдзельнікаў з беларускага боку будуць карыстацца гарадзенцы ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, якія разумеюць і размаўляюць па-ангельску.
Дадатковую інфармацыю пра мерапрыемства, форму заяўкі на яго і дадатковыя патрабаванні да ўдзельнікаў шукайце на сайце грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”, якое з’яўляецца адным з партнёраў гэтага праекта.