Група “ТАД” адсвяткавала юбілей: “Наш танец “нерэнтабельны”, але для нас ён – частка жыцця”
Калектыў адзначаў свой дзень народзін у Палацы творчасці дзяцей і моладзі цягам двух вечароў. Першы праходзіў пад назвай “Новае і лепшае”. Праграму распачаў незвычайны нумар з удзелам цяжарнай жанчыны, якая мовай танца і пластыкі распавяла пра безупынны рух як сэнс жыцця.
У сярэдзіне відовішча на сцэну запрасілі Алену Клімовіч, кіраўніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Яна павіншавала калектыў з юбілеем і падзякавала ягоным удзельнікам за іх творчасць. Чыноўніца заўважыла, што кіраўнік “ТАД” Дзмітрый Куракулаў валодае не толькі талентам танцора, але таксама з’яўляецца таленавітым арганізатарам і настаўнікам.
Дзмітрый Куракулаў і ягоныя паплечнікі Станіслаў Лебядзевіч, які танцуе ў “ТАД” з дня стварэння калектыву, а таксама шматгадовы ўдзельнік групы Уладзіслаў Цярэшчанка атрымалі граматы за дасягненні ў артыстычнай дзейнасці.
Вось як успамінае пачаткі паўстання “ТАД” ягоны кіраўнік:
“Кропкай адліку можна лічыць 1991 год, калі я выступаў у калетыве “Белыя Росы”. Тады захацелася стварыць нешта сваё. Я набраў групу людзей, якія падтрымалі мяне ў эксперыменце. Спачатку нас было шмат, але потым засталіся толькі самыя смелыя і сур’ёзныя танцоры. У 1993 годзе мы паехалі на Міжнародны Віцебскі фестываль з двума нумарамі: балетам “Крэслы” і “Пары года” пад музыку Вівальдзі. Там мы аднеслі першы поспех і з таго часу ў Гродна існуе “ТАД”.
А вось як узгадвае свае пачаткі удзелу ў “ТАД” Станіслаў Лебядзевіч:
“Я тады вучыўся на трэцім курсе каледжа мастацтваў. Да нас прыйшоў Дзмітрый і запрасіў жадаючых у свой калектыў. Я прыйшоў, пачаліся рэпетыцыі, падрыхтоўка нумароў, з якімі мы паехалі на Міжнародны фестываль у Віцебск, дзе занялі першае месца”.
Нягледзячы на паспяховасць і запатрабаванасць калектыву, ягоныя ўдзельнікі не могуць сабе дазволіць утрымліваць сябе і свае сем’і з танцаў. Некаторыя дзеля гэтага вымушаныя працаваць нават на трох працах.
“Танец, які танцуем мы, вызначаны пэўным стылем, арганізованы сцэнарыям і патрабуе сур’ёзнай публікі. У рэстаран з такімі пастаноўкамі не пойдзеш (усміхаецца). Наш танец, так бы мовіць, нерэнтабельны, але для нас ён і з’яўляецца часткай сэнсу жыцця, таму мы гэтым займаемся”, – тлумачыць Дзмітрый Куракулаў.
На сённяшні дзень “ТАД” перажывае не лепшыя часы ў сэнсе матэрыяльнага становішча. Калектыў не меў нават сродкаў каб арганізаваць належную рэкламу свайго 20-годдзя, таму мала хто ў Гродне ведаў пра юбілейныя канцэрты.
Група пазбавілася таксама класа для рэпетыцый у сувязі з рэканструкцыяй філармоніі, пры якой дзейнічае “ТАД”. Дзмітрый Куракулаў дзякуе Палацу творчасці дзяцей і моладзі за часова прадастаўленыя памяшканні для рэпетыцый і Гуманітарнаму каледжу, які выдзяліў клас для захоўвання касцюмаў і інвентара “ТАД”.
Нягледзячы на часовыя цяжкасці, танцоры не падаюць духам і мараць аб уласным танцавальным класе, у якім можна было б не толькі дасканаліць сваё майстэрства, але па просту збірацца і піць гарбату, абмяркоўваючы планы на будучыню.
На просьбу “Твайго стылю” Дзмітрый Куракулаў сказаў некалькі словаў спецыяльна для нашых чытачоў:
“Танец – гэта рух. Ён глыбока развівае чалавека, як фізічна, так і інтэлектуальна.Танец дае здароўе. Не з’яўляецца какетствам сцвярджэнне, што пачынаць танцаваць ніколі не позна – гэта не толькі вельмі прыемна, але і карысна”.
Здымкі Юліі Сарокі