“Разумны” электрод для хворага сэрца

З дзяржаўнага бюджэту выдаткуюцца значныя грошы для закупкі патрэбнага абсталявання, якое прывозяць з замежжа. Імплантацыі кардыястымулятараў патрабуюць людзі з парушэннем сардэчнага рытму, блакадай сэрца. Сёння кожны чалавек з любога раёна і ў любым узросце можа атрымаць такую дапамогу.

 

Іван Станіслававіч Цыдзік, урач-кардыяхірург, які працуе ў Гродзенскім абласным клінічным дыспансеры і ставіць кардыястымулятары, распавёў “Твайму стылю” пра працэс аперацыі па імплантацыі кардыястымулятара:


“Праз падключычную вену, якая непасрэдна звязана з сэрцам, пускаюць электрод. Ён прымыкае да сэрца, застаецца там і падае патрэбныя яму імпульсы, якія рэгулююць адпаведны рытм. Гэта падтрымлівае нармальную жыццядзейнасць чалавека.


Электрод настолькі “разумны”, што толькі ён сам “вырашае”, калі яму пачынаць дзейнічаць. Калі сэрдца працуе без праблемаў, электрод “маўчыць”. І толькі калі рытм сэрца збіваецца, імплантант  уключаецца і вяртае патрэбны рытм. Як толькі рытм сэрца аднаўляецца, электрод ізноў адключаецца і дазваляе сэрцу працаваць самастойна”.

 

Лекар параўноўвае дзейнаць кардыястымулятара з ліхтарыкам на батарэйках. Чым часцей мы карыстаемся ліхтарыкам, тым хутчэй ён разладоўваецца. Таксама і з электродам: чым часцецей сэрца патрабуе стымулу ад яго, тым хутчэй імплантант прыходзіць у нягоднасць. Таму прагнозы што да тэрміну дзейнасці электрода заўсёды адносныя, але ў сярэднім электрод працуе 7-11 гадоў.

 

Дарэчы, аперацыя па імплантацыі электрода з’яўляецца небяспечнай для  хірургаў, бо праходзіць пад уздзеяннем рэнтгенаўскіх промняў.

 

Тым не менш, медыцына ў гэтым напрамку ўвесь час развіваецца, а кардыяхірургі дасканаляць прафесійны ўзровень не толькі шляхам рэспубліканскіх з’ездаў, але і на замежных канферэнцыях.

 

Дзякуючы дасягненням кардыёхірургіі, сёння аперацыю па імплантацыі электрода для сэрца робяць нават 80-гадовым людзям, чым працягваюць іх паўнавартаснае жыццё на шмат гадоў.

 

Здымак Іны Максімчык, vgr.by