У выставачнай зале адкрылася “Вежа” Вікторыі Ільіной
Гэтая юбілейная выстава прымеркавана да 25-годдзя педагагічнай і творчай працы Вікторыі.
Дырэктарка галерэі Ірына Сільвановіч адзначыла, што назва юбілейнай выставы не была выпадковасцю. Майстэрні саюза мастакоў, дзе на працягу 25 гадоў працуе Вікторыя , знаходзяцца ў будынках даўніх вадацяжных вежаў. Таму гэтая тэма вельмі блізкая мастачцы.
Многія працы, прадстаўленыя на выставе, прысвечаны вежам. У розных варыяцыях Ільіна паказала сваё бачанне сучаснай Вавілонскай вежы. Ва ўласцівым толькі ёй стылі, бачным у кожнай працы , яна адлюстравала вежы розных фактур і формы (“ Пейзаж з цаглянай вежай”, ”Круглая вежа” ) , пагуляла колерамі (“Чорная вежа”, “Белая вежа”, “Сіняя вежа”, “ Жоўтая вежа”, “Срэбная вежа”, “Пейзаж з Чырвонай вежай”).
Велічныя вежы, якія мастачка адлюстравала на пярэднім плане, прыцягваюць увагу, падаўляючы ўсе вакол. Аднак мастачка не расстаецца з любімымі гарадскімі пейзажамі, якія праглядаюцца ў кожнай карціне. Упрыгожваннем выставы стаў сілуэт аб’емнай вежы, зробленай мастачкай з тонкіх дроцікаў.
Частка выстаўленых работ прысвечана зіме (“Замерзлае возера”, “Возера ў Друскеніках”), што, як спадзяюцца арганізатары выставы, створыць радасны і святочны настрой у надыходзячыя навагоднія святы.
На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічала каля 120 чалавек, сярод якіх сябры, калегі і знаёмыя Вікторыі, яе вучні з Гарадзенскай дзіцячай мастацкай школы, а таксама прадстаўнікі СМІ.
Дырэктар гродзенскай дзіцячай мастацкай школы Іван Грыцкевіч адзначыў невычэрпны патэнцыял Вікторыі, пастаянную навізну, прыгажосць і цікавасьць сюжэтаў яе работ і выказаў гонар, што ў іх школе працуе такая выбітная асоба.
Старшыня Гродзенскага аддзялення беларускага саюза мастакоў Мікалай Бандарчук спыніўся на асаблівасцях творчага развіцця Ільіной. “Гэта асоба, у якой, у адрозненне ад большасці мастакоў, з самага пачатку творчасці вызначыўся свой почырк, свой стыль, свая пластыка”. Ен звярнуў увагу на тое, што жывапіс Ільіной, пабудаваны на каляровых кантрастах у пачатку творчага шляху, з гадамі становіцца дасканалей і танчэй па колеры. Акцэнт стаў рабіцца на нюансах.
Сама аўтарка адзначыла, што для яе выстава – не толькі вынік нейкага перыяду працы, а перш за ўсё “магчымасць убачыць адзін аднаго, пагутарыць з людзьмі, якіх калі-небудзь сустракала ў жыцці”.