Як зрабіць Гродна культурнай сталіцай: вынікі дыскусіі

|

Сустрэча праходзіла ў выглядзе дыскусіі ў гарадзенскай кавярні “Салодкі пачастунак”. Агулам мерапрыемства сабрала каля 25 чалавек. Сярод іх – актывісты грамадскіх арганізацый, журналісты, мастакі, музыкі. Арганізатары сустрэчы – прадстаўнікі кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў асобах Хрысціны Марчук і Алеся Плоткі (на здымку ніжэй), а таксама запрошаны з Магілёва Юры Стукалаў, які падзяліўся сваім вопытам.

 

 

Па яго словах, нягледзячы на тое, што ў Магілёве няма такой гістарычнай спадчыны, як у Гродне, і няшмат грамадскіх арганізацый, а таксама нягледзечы на праблемы з фінансавым бокам і абмежаваным часам, горад сапраўды ўдалося пераўтварыць у культурную сталіцу. І што самае важнае, гэта адчулі жыхары Магілёва. Поспех прынесла добрая інфармацыйная кампанія, наладжаныя сувязі з гарадскімі ўладамі і насычанасць цікавымі культурніцкімі мерапрыемствамі, якіх было праведзена каля 300. Адно з самых значных і вядомых – фестываль стрыт-арту, падчас якога вулічныя мастакі размалёўвалі сцены жылых будынкаў. “Трэба, каб прапановы ініцыятараў супадалі з інтарэсамі гораду, тады гэтыя прапановы будуць пачутыя і на ўзроўні ўладаў”, – мяркуе Стукалаў.

 

 

Галоўнай мэтай сустрэчы было высвятленне, чаго не хапае гарадзенцам у культурніцкім жыцці і якія ідэі ў сувязі з гэтым можа прапанаваць грамадская супольнасць. Прапановаў было агучана дастаткова шмат. Сярод іх і мерапрыемствы, якія павышаюць экалагічную культуру, і мерапрыемствы, звязаныя з роварным рухам, рознага кшталту імпрэзы, а таксама мерапрыемствы на гістарычную тэматыку.

 

 

Адзін з гарадзенскіх мастакоў выступаў за фестываль маладых творцаў. Цікавай падалася прапанова журналіста Андрэя Мялешкі аб рэстаўрацыі аднаго з фартоў горада і прымеркавання гэтага да стагоддзя пачатку Першай сусветнай вайны, што будзе адзначацца ў 2014 годзе. Яшчэ адну прапанову агучыла прадстаўнічка дабрачыннай арганізацыі “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”: правесці акцыю для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў выглядзе стварэння малюнкаў на пэўную тэматыку.

 

 

Агучаныя прапановы і ідэі былі досыць цікавымі, аднак пытанне арганізатараў, ці гатовы ўжо хто-небудзь узяць адказнасць за ажыцяўленне хоць адной з іх, прымусіла ўсіх памаўчаць і задумацца…

 

Усе прапановы будуць накіраваныя гарадзенскім уладам. Міністэрства культуры і гарадзенскі аблвыканкам распрацоўваюць свой план мерапрыемстваў, і пакуль не вядома, ці пачуюць яны прапановы гарадзенцаў. Але як праўдзіва заўважыў Алесь Плотка: “Калі не казаць, то не будуць чуць.”

 

Здымкі Яна Лялевіча