Перавыбары ва Украіне: перамога любым коштам

|

Менавіта ў гэтых акругах вынікі выбараў 2012 году не былі прызнанымі. Цяпер за барацьбу за месцы ў парламенце ў кожнай акрузе змагаліся па некалькі дзясяткаў кандыдатаў.

 

Перад днём выбараў прайшлі некалькі сустрэч з прадстаўнікамі ўкраінскіх арганізацый па назіранні за выбарамі. Каманду беларускіх назіральнікаў папярэдзілі, якія механізмы подкупу галасоў, фальсіфікацыі і якіх казусаў можна чакаць ад 15 снежня.

Наша праца пачалася з 7 раніцы, калі выбарчыя ўчасткі адкрыліся для чальцоў камісіі, і скончылася ў акружной камісіі ўжо 16 снежня.

Але суткі ў машыне без сну не пашкодзілі зафіксаваць цэлы шэраг парушэнняў выбарчага працэсу.

 

Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў – масавае галасаванне (людзей падвозілі на белых мікрааўтобусах да ўчастку), подкуп галасоў, двайное галасаванне, кража пустых бюлетэняў з выбарчага ўчастку, нападзенне на чальцоў участковай камісіі і іншае.

Выбарчыя ўчасткі былі размешчаны не толькі ў школах, садках, але і ў турмах, заапарках, радзільных дамах.

На выбарчых участках часта прысутнічалі так званыя “цітушкі” – мужчыны спартыўнай знешнасці з бэйджамі прэсы.

 

Як пасля высвятлілася, гэтыя людзі не з’яўляліся журналістамі, а знаходзіліся тут для таго, каб, калі нешта будзе перашкаджаць іх кандыдату перамагчы, прыняць фізічныя меры.

 

Да 12-й гадзіны дня сур’ёзных парушэнняў не было. Але пасля пачаўся сапраўдны вэрхал.

Пры размове з мясцовымі назіральнікамі, мы даведваліся аб яшчэ большай колькасці парушэнняў.

 

Часта чальцы камісіі пачыналі крычаць на выбарчых участках, абвінавачваючы адзін аднога ў прадажнасці і дапамозе пэўнаму кандыдату атрымаць перамогу ў акрузе.

 

Некаторыя з чальцоў камісіі ў дзень выбараў атрымоўвалі смс з пагрозамі ад невядомых.

 

Падлік галасоў на ўчастках быў, як правіла, празрысты.

 

Я мела доступ да любога этапу падліку галасоў, магла бачыць кожны бюлетэнь і голас, адданы за пэўнага кандыдата.

 

Чальцы камісіі заўсёды сачылі за тым, каб назіральнікам усё было бачна.

 

Каманда беларускіх назіральнікаў зафіксавала парушэнні толькі да закрыцця ўчасткаў для выбаршчыкаў.

 

Яўка на выбарах склала 48,39%, што значна больш, чым чакалася многімі мясцовымі назіральнікамі. Магчыма, Майдан Незалежнасці адгуляў пэўную ролю ў гэтым. 

 

Акрамя каманды беларускіх назіральнікаў, на перавыбары ва украінскую Вярхоўную Раду прыехалі арганізацыі з Канады, Даніі і Брытаніі.

 

Карэспандэнтка “Твайго стылю” назірала за перавыбарамі ў Вярхоўную Раду Украіны ў межах праекта “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка”.

 

Фота аўтара

 

Інфаграфіка з сайта oporaua.org