Філіп Слаўкавіч: “Цікава працаваць там, дзе нейкі крызіс”
Філіп Слаўкавіч нарадзіўся ў Сербіі, працаваў там журналістам некалькі гадоў. У 1998 годзе атрымаў запрашэнне ад Deutsche Welle працаваць на сербскай мове ў рэдакцыі ў Германіі. З 2012 года працуе ў DW-Akademie – адзеле развіцця СМІ ў Deutsche Welle.
DW-Akademie праводзіць трэнінгі для журналістаў, кансультацыі для менеджараў СМІ. Філіп арганізуе трэнінгі і працуе ў якасці трэнера не толькі ў Германіі. Перыядычна наведваецца па працы ў Сербію, Малдову, Боснію, Чарнагорыю, Косава, Македонію. Неаднаразова наведваў Беларусь, дзе праводзіў трэнінгі для навучэнцаў гарадзенскай “Школы маладога журналіста”.
Ці падабаецца табе жыццё ў пастаянным руху?
Я ўжо трэці год у пастаянным руху. Канешне, часам стамляюся, але ў большасці гэта цікава. Я вельмі ўдзячны за магчымасць сустракацца з новымі людзьмі, кожны раз даведвацца ад іх штосьці новае, дзяліцца з імі сваім досведам. Такія паездкі – магчымасць убачыць штосьці новае, пакаштаваць новую ежу.
А што ёсць незвычайнага ў Беларусі, чаго няма ў іншых краінах?
У Беларусі мне падабаюцца людзі, іх цеплыня і добразычлівасць. Але разам з тым я заўважыў, што калі заходжу тут у краму ці рэстаран, бачу вельмі строгіх супрацоўнікаў, магчыма, нават злых, быццам я прыйшоў да іх уладкоўвацца на працу. Гэта адрознівае іх ад супрацоўнікаў у краінах Еўропы: там цябе запрашаюць купіць, паесці, патраціць свае грошы.
Але калі з беларусамі проста пазнаёміцца, не на іх працы, аказваецца, што гэта такія ж цёплыя і добразычлівыя людзі. Мяне здзівіла чысціня Беларусі, акуратны выгляд вуліц. Гродна таксама спадабаўся: ёсць на што паглядзець, ёсць свая гісторыя. Яшчэ я быў у Мінску, але некаторыя плошчы там выклікаюць адчуванне пустаты. Можа, не хапае людзей ці яшчэ чаго.
Што карыснага з трэнінгаў бярэш для сябе?
Вельмі шмат, бо я на трэнінгах заўсёды вучуся сам, мы мяняемся досведам. Першае, што вучу ў новай краіне: як што там робіцца, якая розніца з Германіяй. Вучу мову – гэта карысна і вельмі патрэбна. Шмат чаму можна навучыцца проста са зносін з іншымі людзьмі.
Для цябе быць журналістам – пакліканне на ўсё жыццё або адна з магчымых прафесій?
Хіба пакліканне на ўсё жыццё, але зараз я не так шмат працую як журналіст. Спрабую трошкі, аднак усё роўна больш як трэнер ці мэнеджар трэнінгаў.
Увогуле, працуючы журналістам, не зробішся багатым ці вядомым. У многіх журналістаў напачатку кар’еры ёсць такія думкі: “Я стану вядомым журналістам!”. Але журналісты не бываюць вядомымі, гэта адзін са ста тысяч. І вось таму жаданне быць журналістам для большасці людзей – гэта жаданне ўплываць на грамадства. Чалавек хоча штосьці змяніць, і праз тое, што ён будзе пісаць, гэта магчыма.
Так, напэўна, было і ў мяне: мне падабалася пісаць, працаваць на радыё. Я пачаў працаваць на радыё яшчэ калі вучыўся ў школе, і гэтак пайшло далей.
Над якімі тэмамі табе, як журналісту, падабаецца працаваць?
Увогуле для мяне галоўныя тэмы – палітыка і эканоміка, я доўга займаўся імі. Апошнім часам мне падабаецца працаваць у сацыяльнай сферы: проста паразмаўляць з людзьмі, з’ездзіць у Боснію ў горы і расказаць аб тым, як яны там жывуць, ці ў Косава, і расказаць гісторыі жыцця і лёс перажыўшых вайну, каб іншыя вучыліся на гэтым, атрымалі своеасаблівы досвед. А ў культуры і спорце я зусім не спецыяліст.
У якой краіне ты хацеў бы больш за ўсё працаваць? Дзе больш плацяць?
Гэта розныя рэчы. Зарплата журналістаў паўсюль змяншаецца. Канешне, зарплата шэф-рэдактара будзе большай за зарплату простага рэпарцёра…
Што тычыцца краіны, шчыра кажучы, мне робіцца вельмі цікава працаваць там, дзе нейкі крызіс. Было цікава ездзіць у Косава адразу пасля вайны, у Боснію. Расказваць, як складваюцца адносіны паміж народамі. Цікава было ў Малдове пасля змены ўлады.
Крызісныя сітуацыі вельмі прывабліваюць, але ў такіх краінах цяжка што-небудзь змяніць, бо ўлада ў палітыкаў, а не ў нас. Можна напісаць сто артыкулаў і паказаць дзвесце перадач, але гэта нічога не зменіць, калі ўлада не будзе раскрытыкаваная і грамадства не варухнецца.
З аднаго боку, гэта цікава, аднак у краінах, дзе ўсё ж можна ўплываць, таксама хочацца працаваць: магчымасцяў больш. Вось у Германіі мне цікава працаваць, хаця і вялікага крызісу няма: калі там што-небудзь паказваецца ці пішацца ў газетах, яно мае вялікі сэнс і ўплыў.
Як ты лічыш, ці добра рыхтуюць маладых журналістаў у ВНУ?
Я магу сказаць тое, што я чую ад саміх студэнтаў, прафесараў і ўладальнікаў СМІ, шэф-рэдактараў: яны ўсе незадаволеныя амаль ва ўсіх краінах. Навучанне занадта тэарэтычнае: маладыя людзі заканчваюць універсітэты, робяцца журналістамі, але ані дня не прапрацавалі як журналісты. Яны прыходзяць у рэдакцыі і нічога не ведаюць не таму, што тупыя ці не вывучылі штосьці, а таму, што практыкі не было. Менавіта на гэта шмат шэф-рэдактараў скардзяцца.
Я не гавару, што факультэты журналістыкі дрэнныя. Не, проста трэба прыбраць крыху тэорыі ды дадаць больш практыкі. Калі што і робіцца, дык робіцца вельмі марудна, над гэтым трэба яшчэ працаваць. Таксама было б нядрэнна рабіць нейкія студыі праграмавання, каб навучыць студэнтаў карыстацца камп’ютарнымі праграмамі, якія ім спатрэбяцца непасрэдна ў працы, таму што амаль усё зараз робіцца лічбавым. Зараз будучыя журналісты спачатку вучацца на журфаку, а потым вучацца дадаткова ў тэхналагічнай сферы: асвойваюць камп’ютар і праграмы.
Увогуле, мне здаецца, что большасць выпускнікоў журналістыкі не працуюць як журналісты, яны працуюць піяр-мэнэджарамі, маркетолагамі, прэс-сакратарамі ў інстытутах, ва ўрадавых агенцтвах. А вось тыя, што працуюць журналістамі, як правіла, спачатку вучыліся, напрыклад, на эканаміста ці на юрыста. У іх ёсць акрамя журналістыкі дадатковыя веды.
Якім, на тваю думку, павінен быць сапраўдны журналіст?
Сапраўдны журналіст павінен хадзіць па свеце з расплюшчанымі вачыма і адкрытымі вушамі. Ён не павінен стаяць, а павінен хадзіць, рухацца. Трэба слухаць, што кажуць людзі, з усімі мець зносіны, каб ведаць, што адбываецца ў тваёй краіне, у тваім горадзе.
Журналіст павінен быць галодны да ведаў, цікавіцца, быць эрудыраваным. Я, як універсальны журналіст, павінен ведаць, хто чэмпіён па футболе, хто ў Германіі канцлер, які самы папулярны спявак, якая новая машына.
Пра крызіс і змены ў СМІ мы размаўлялі з Філіпам год таму – чытай тут. | ||
Здымкі Інгі Мармыш