“Трактиръ Подкова” – смачны клон гарадзенскай “Карчмы”
Ужо паглядзеўшы на дзверы ды зазірнуўшы ў вакно можна скласці першае ўражанне – “Трактиръ” гэта нейкая заходнеруская варыяцыя на тэму “Карчмы”. І сапраўды, абедзве кавярні аб’ядноўвае спроба стварыць атмасферу “даўніны” – як інтэр’ерам, гэтак і складам меню.
Калі “Карчма” – гэта нейкі адсыл да больш лакальнай, гарадской і рэгіянальнай, а ў чымсці нават шляхецкай ды еўрапейскай мінуўшчыны, то “Трактиръ Подкова” быў заяўлены стваральнікамі як месца інспіраванае стараславянскай кухняй.
Дыхтоўная драўляная мэбля (з падушачкамі, каб сядзелася мякчэй), драўляныя падносы з ежай, меню ў драўлянай вокладцы (такім можна і прыбіць), фрагменты цаглянай кладкі на сценах і спакойная, нейтральная, нават у чымсці манатонная музыка – усё гэта стварае добрае першае ўражанне. Трэба пахваліць і афармленне столі, і свяцільнікі, і прысутнасць святочных упрыгожванняў перад Новым годам і Калядамі – нават проста знаходзіцца ў “Падкове” прыемна.
Зазіраем у меню і знаходзім там “яства”, “піція” і шмат знакаў “Ъ”. Усё меню набрана адным з тых шрыфтоў, якія можна знайсці ў гугле, набраўшы словазлучэнне “славянский древнерусский шрифт”. Агулам, трымаючы ў руках меню, чамусьці ўсплывае ў памяці старая дзіцячая кніга “Сказки бабушки про чужие странушки”. І госці “Падковы” неяк незаўважна пераносяцца ў глухую правінцыю Расійскай імперыі…
Але гэта толькі першае і вельмі ідэалагізаванае ўспрыманне – калі адкінуць апапселы і недарэчны “Ъ” (быццам ненаўмысную памылку) і паспрабаваць проста атрымаць задавальненне ад праведзенага ў “Падкове” часу, дык з гэтым атрымліваецца ўсё добра.
Памер порцый, смак і, галоўнае, кошт – усё гэта суадносіцца паміж сабой цалкам адэкватна. Салаты пачынаюцца ўжо ад 35 тысяч, сапраўды сытныя грэнкі з соўсам і памідорчыкамі да піва або “паўметры сала” – менш за 30 тысяч. Якая-небудзь вялікая страва з мясам – у ваколіцах 100 тысяч. Месца няпрофільнае для аматараў кавы або чаю, таму смак і кошт гэтых напояў тут – стандартны. Гэтаксама і выбар піва не адрозніваецца арыгінальнасцю – на разліў тут толькі два варыянты “Лідскага”. Зразумела, што падстава ўсяго ў “Падкове” – смачная ежа. Дарэчы, як і ва ўзгаданай раней “Карчме”.
Месца абранае для бара не надта спрыяльнае – вуліца Кірава не самая папулярная ў цэнтры, тут наогул няшмат што ёсць, ходнікі вельмі нязручныя праз сваю вузкасць, а рух машын адносна інтэнсіўны. Аднак, цешыць, што памяшканне, дзе калісці быў сапраўды вядомы ў горадзе бар, не стаіць пустым. Дарэчы, колішнія фанаты “Анфілады” змогуць хадзіць па “Падкове” з зачыненымі вачыма – фактычна, перапланіроўкі не было. А хто ведае, можа калі-небудзь вуліца Кірава і стане пешаходнай, ды на ёй буйна заквітнеюць новыя кропкі культурна-гастранамічнага жыцця.
“Трактиръ Подкова” – добрае месца для таго, каб сытна паабедаць ці правесці вечар з сябрамі з куфлям-другім піва. Пакуль час працы бара – 14.00-23.00 у працоўныя і 12.00.23.00 у выходныя дні, хутка абяцаюць абедзенныя меню. Першыя наведнікі, што засядзеліся да пазна, паведамілі на форуме, што і пасля 23.00 іх ніхто не выганяў і не прымушаў паспяшацца. Для Беларусі гэта нябачаны прарыў у культуры грамадскага харчавання! Бар працуе ўсяго нейкія два тыдні і хацелася б, каб ён не пайшоў ужо пракладзеным шляхам многіх іншых гарадзенскіх бараў і кавярняў, ды не ператварыўся ў забягалаўку. А пакуль – “Твой стыль” ухваляе!
Здымкі vk.com/podkovanaudachu
Мы дадаем “Трактиръ Подкова” на нашу мапу гарадзенскіх бараў, кавярняў і рэстаранаў
Глядзець Мапа гарадзенскіх кавярняў, бараў і рэстаранаў на большай мапе